Цаніце веды, любіце працу!

Цёплы сонечны ранак мінулай суботы адправіў у шлях за ведамі амаль сотню вучняў Макранскай сярэдняй школы, для 8 з якіх першы званок прагучаў у першы раз. А каб дзеці, якія жывуць удалечыні ад школы, не спазняліся на заняткі, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч уручыў школе важкі падарунак – аўтобус. І цяпер, згодна з пашпартам маршрута аўтобуса, у якім указаны схемы і час руху, прозвішчы вучняў, тэлефоны іх бацькоў, ён будзе курсіраваць па двух напрамках: Макраны-Новыя Боркі-вуліца Брэсцкая-завулак Брэсцкі і Макраны-Асавая. Па першаму маршруту ў школу будуць пад’язджаць 20 вучняў, па другому — 4.
— Аўтобус і для нас бу­дзе падтрымкай, калі нам спатрэбіцца падвезці працаўнікоў, напрыклад, на нейкае свята, — сказаў, выступаючы на свяце першага званка, старшыня СВК “Макраны” Леанід Селех. – Мы ж у сваю чаргу дапаможам у яго абслугоўванні.
Пра супрацоўніцтва тутэйшых школы і гаспадаркі можна расказваць шмат. Яно самае што ні на ёсць цеснае. Вучні школы не толькі добра вучацца, але і любяць працаваць. Так, на сёлетнім жніве абышліся ў гаспадарцы без прыцягнення пабочнай рабочай сілы на зернетаку – працавалі толькі вучні. Кіраўнік гаспадаркі шчыра падзякаваў усім ім, а асабліва сёстрам Святлане і Ніне Багінскім, якія ніводнага дня не прапусцілі і зарабілі па 2 мільёны рублёў. А вось старшакласнікі Андрэй Дацык, Арцём Літвіновіч і Дзяніс Чырук дапамагалі жывёлаводам і зарабілі па 4 мільёны рублёў. Усе яны спаўна адпрацавалі і школьную практыку. Леанід Селех прапанаваў падзяліцца са школай ураджаем морквы, якая сёлета добра ўрадзіла, з мэтай далейшай рэалізацыі і заробку грошай для патрэб школы.
Працавітыя людзі – заўсёды ў цане, самыя паважаныя. Яны патрэбны на ўсякіх работах.
— Сёння грамадству неабходны не толькі спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, але і высакакласныя рабочыя, адказныя прафесіяналы сваёй справы, — падкрэсліў, выступаючы перад вучнямі школы, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч. – Цаніць веды, добра вучыцца павінны ўсе. А жыццё ўсё расставіць на свае месцы, кожнаму падкажа сваю працоўную дарогу.
А першакласнікаў кіраўнік раёна павіншаваў па-асобаму, уручыўшы кожнаму мілы першы падручнік – Буквар.
Школа сустрэла сваіх вучняў добрымі вачыма. А дзеці са школьнага двара адправіліся ў яе сцены ў паход за ведамі, якія дапамогуць ім вызначыцца ў моры прафесій.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: свята першавераснёўскай лінейкі ў Макранскай школе; вадзіцель новага аўтобуса Леанід ГЕЦ, які толькі што атрымаў ключы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 4.09.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий