“Смачны” магазін

У Маларыце многа магазінаў і магазінчыкаў, якія гандлююць прадуктамі харчавання. Аднак сярод іх адметнае месца займае і неяк па-асабліваму вылучаецца “Вкусландия” – прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства, якое знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Савецкая і Паркавая. Магазін, які тут размяшчаецца, маларытчане яшчэ называюць “Краінай смаку”. Асабліва любяць сюды заходзіць дзеці і тыя, хто ўжо на заслужаным адпачынку.
— Гэта мой любімы магазін, — кажа Клаўдзія Пішчык, — кожны раз, як бываю ў райцэнтры, абавязкова стараюся сюды зазірнуць і нешта купіць. Прываблівае культура абслугоўвання. Тут багаты выбар тавару. А самае галоўнае, напэўна, тое, што цэны ў гандлёвай кропцы па маім кашальку.
— У “Вкусландии”, якая пад такой назвай працуе з 2011 года, — кажа Галіна Антонава, дырэктар прадпрыемства, — асноўны асартымент – гэта – кандытарскія (25 найменняў) і каўбасныя (15) вырабы, малочныя прадукты (12), марожанае (40), а таксама чай, кава, сокі… У нас на многія прадукты ўстаноўлена мінімальная гандлёвая надбаўка. Напрыклад, на малочныя вырабы яна складае 8-11%, каўбасы – 12%, а на кандытарскія вырабы — 20%. А вось максімальнай надбаўкі ў нас практычна ніколі не бывае.
— Галіна Ігнатаўна, з якімі прадпрыемствамі вы супрацоўнічаеце?
— Дамовы ў нас заключаны з многімі беларускімі вытворцамі. Аднак перавагу (амаль 80%) аддаем прадуктам, якія выраблены ў Брэсцкай вобласці. Найбольш плённа працуем з ААТ “Савушкін прадукт”, ААТ “Брэсцкі мясакамбінат”, СП “Санта-Імпэкс-Брэст” ТАА, ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”, ААТ “Пінскі мясакамбінат”, РУВП “Брэстхлебпрам”, СААТ кандытарская фабрыка “Камунарка”,СТАА “Першая шакаладная кампанія”, ААТ Брэсцкая абласная база “Бакалея” і інш. З імі працуем напрамую і без пасрэднікаў.
— А які ў вас штат?
— Пакуль 4 чалавекі. Гэта — Сяргей Генадзьевіч, які з’яўляецца заснавальнікам, 2 прадаўцы і я, — кажа Галіна Антонава. – Плануем узяць яшчэ аднаго прадаўца, бо аб’ёмы работы вялікія.
— Між іншым, прадпрымальні­кам Сяргей Генадзьевіч афіцыйна стаў у 2000 годзе. Жыццёвыя абставіны тады склаліся так, што яму давялося звольніцца з ранейшай працы. Каб не сядзець склаўшы рукі, адважыўся і вырашыў адкрыць сваю справу.Было многа варыянтаў, чым займацца. Для пачатку адкрылі маленькі павільёнчык, дзе гандлявалі ў асноўным кандытарскімі вырабамі. У ім прапрацавалі 5 гадоў. З верасня 2005г. свае дзверы для пакупнікоў гасцінна расчыніла “Вкусландия”.
Галіна Антонава па адукацыі юрыст. 20 гадоў працавала па спецыяльнасці. Калі справы ў мужа наладзіліся, пайшлі ўверх, узнікла неабходнасць у бухгалтары. Пасля роздумаў бухгалтарскую канцылярыю вырашыла весці сама Галіна Ігнатаўна. А з любімай справай, хоць і нялёгка гэта было, жанчыне давялося развітацца.
— Ці не баіцеся канкурэнтаў? Побач знаходзіцца яшчэ некалькі гандлёвых кропак, якія прапануюць набыць амаль тое ж самае.
— Канкурэнтаў не баімся, бо яны нам не перашкаджаюць працаваць. У нас – свае пакупнікі, у іх – свае. Такая блізкасць роднасных магазінаў розных форм уласнасці, наадварот, дае стымул для эфектыўнай працы. Пакупнік у першую чаргу ідзе туды, дзе на яго адразу, як толькі пераступіць парог, звяртаюць увагу, усміхаюцца яму, тактоўна і далікатна вядуць размову, дзе параяць і дадуць параду. Мы пастаянна імкнемся павышаць культуру абслугоўвання.
— Галіна Ігнатаўна, традыцыйнае пытанне: вашы планы на будучае?
— Іх многа. Планы розныя. Імкнемся павялічыць тавара­зварот, пашырыць асартымент. А ў перспектыве хочацца ўсё ж адкрыць кафэ на 15 пасадачных месцаў. Хутчэй за ўсё, яно будзе дзіцячым. Зараз дэталёва прапрацоўваецца гэтае пытанне.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Сяргей Антонаў, заснавальнік ПГУП, Галіна Антонава, дырэктар прадпрыемства, і Алена Баранава, прадавец, запрашаюць у “Вкусландию” што­дзень з 10.00.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 4.09.2013 г.

Добавить комментарий


www.kamod.net.ua

https://steroid-pharm.com

источник yarema.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!