Ад стварэння ўмоў — да дасягнення вынікаў

У ГДК прайшла раённая нарада педагагічных работнікаў Маларытчыны

У рабоце вялікага жнівеньскага педсавета напярэдадні новага навучальнага года прынялі ўдзел: Казімір Лапіч, старшыня райвыканкама; Пётр Губей, старшыня раённага Савета дэпутатаў; Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама.
Перад пачаткам пленарнага пасяджэння для ўдзельнікаў форуму былі арганізаваны майстар-класы. Педагагічныя работнікі разам са сваімі вучнямі і выхаванцамі дэманстравалі творчыя напрацоўкі і фрагменты розных форм работы ў аб’яднаннях па інтарэсах, якія функцыянуюць у 11 установах адукацыі Маларытчыны. Тут можна было ўбачыць вышыўку, вырабы са скуры, паперы, саломкі, дрэва… А СШ №2 прэзентавала свой “Горад майстроў”.
З асноўным дакладам “Развіццё сістэмы адукацыі рэгіёна: ад стварэння ўмоў – да дасягнення вынікаў” перад удзельнікамі нарады выступіла Таццяна Лаўрэенка, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму.Яна адзначыла, што ўсе ўстановы адукацыі працуюць па адной і той жа нарматыўнай базе, але вынікі атрымліваюцца рознымі. Значыць, якасць адукацыі залежыць у многім ад тых умоў, якія створаны ў канкрэтнай установе для рэалізацыі запытаў вучняў. У раёне функцыянуе 20 камп’ютарных класаў, выконваецца сацыяльны стандарт з разліку 11 вучняў на 1 камп’ютар. Ва ўсіх установах ёсць доступ у сетку Інтэрнэт, у 16-ці падключаны высакахуткасны інтэрнэт.
— Склад педагагічных работнікаў раёна сёння дае магчымасць арганізаваць якасную работу па навучанні і выхаванні маладога пакалення, — гаварыла Таццяна Міхайлаўна. — 77,4% педагогаў маюць вышэйшую адукацыю, вышэйшую і першую катэгорыю – 60,3%. У адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку правядзення атэстацыі да 1 верасня 2014 г. плануецца, што 122 педагогі раёна будуць па­цвярджаць сваю вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Аднак у новым навучальным годзе колькасць педагогаў Маларытчыны скароціцца на 32 чалавекі як за кошт аптымізацыі сеткі (павелічэння сярэдняй напаўняльнасці ў 1-х , 5-х , 10-х класах устаноў адукацыі горада), так і за кошт павелічэння педагагічнай нагрузкі на стаўку з 18 гадзін да 20.
Аптымізацыя колькасці будзе ажыццяўляцца ў асноўным за кошт сумяшчальнікаў і работнікаў, якія маюць сацыяльныя гарантыі (пенсіянераў).
— Асаблівую значнасць у сённяшніх умовах для кіраўніка маюць такія якасці, як камунікабельнасць, ініцыятыўнасць, уменне адшукваць новыя магчымасці ўмацавання матэрыяльна — тэхнічнай базы ўстаноў, стварэнне неабходных умоў для арганізацыі адукацыйнага працэсу, — заўважыла Таццяна Лаўрэенка. — Гэта змаглі ажыццявіць Любоў Васільеўна Куц, Іван Васільевіч Наўрось, Тамара Мікалаеўна Сцепанюк, Галіна Якаўлеўна Барычэўская, Галіна Фёдараўна Старожык, Марына Пятроўна Нікіфарава, Любоў Навумаўна Саўчук, Любоў Рыгораўна Алесік і іншыя.
Таццяна Міхайлаўна адзначыла, што пачалася работа па ўкараненні новых форм арганізацыі дашкольнай адукацыі — на базе я/с №2, №5 горада працавалі чатыры адаптацыйныя групы, якія наведвала 40 дзяцей ва ўзросце ад 1,5 да 2 гадоў. Гэтыя формы, з аднаго боку, задаволілі запыты бацькоў, з другога — забяспечылі далейшае камфортнае знахо­джанне дзяцей у дашкольнай установе.
Таццяна Міхайлаўна Лаўрэенка праінфармавала, што па выніках уступнай кампаніі 2013 г. працэнт паступлення ў ВНУ па ўстановах адукацыі раёна складае 50,2, у сярэднеспецыяльныя навучальныя ўстановы, — 21,6%, у прафесійна-тэхнічныя ўстановы — 26,3. Акрамя таго, працягвалася прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў на базе Арэхаўскай, Чарнянскай і Олтушскай СШ, дзе былі арганізаваны групы падрыхтоўкі трактарыстаў-машыністаў катэгорыі “А”. Пасведчанне трактарыста-машыніста катэгорыі «А» ў гэтым годзе атрымала 55 вучняў, што складае 21,4% ад колькасці выпускнікоў 11 класаў…
Затым адбылося абмеркаванне даклада. Падвёў вынікі работы Казімір Лапіч, старшыня райвыканкама. У час педагагічнага форуму таксама віталі маладых спецыялістаў, што ўліліся ў рады настаўніцтва Маларытчыны. Традыцыйна лепшыя педагогі раёна атрымалі ўзнагароды рознага ўзроўню. Завяршыўся штогадовы жнівеньскі форум канцэртам “Свет, які патрэбны мне”.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 7.09.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий