СПАРТЫЎНЫЯ БАТАЛІІ КААПЕРАТАРАЎ

У Маларыце прайшла абласная спартакіяда прадстаўнікоў спажывецкай кааперацыі.

На мінулым тыдні ў Маларыту з’ехаліся прадстаўнікі спажывецкай кааперацыі вобласці. Паклікала іх сюды не гандлёвая выстава, не кірмаш і не конкурс прафесійнага майстэрства, а спартыўнае свята — абласная спартакіяда.
— Для кожнага работніка спажывецкай кааперацыі, вядома ж, вельмі важна быць прафесіяналам у сваёй справе. Але для таго, каб чалавек мог рэалізаваць сябе ў сваёй прафесіі, ён, самае галоўнае, павінен быць здаровым. Умацаваць здароўе дапамагае спорт. А праверыць спартыўныя здольнасці дазваляюць спартыўныя спаборніцтвы, якія для работнікаў спажывецкай кааперацыі вобласці сталі ўжо традыцыйнымі, — адзначыў, адкрываючы спартакіяду, старшыня праўлення Брэсцкага аблспажыўтаварыства Алег Несцярук.
Спартыўныя спаборніцтвы кааператараў вобласці праводзіліся на цудоўнай базе спартыўнага комплексу “Жамчужына”. Удзель­нікаў спартакіяды чакалі спартыўныя баталіі на ва­лей­больнай пляцоўцы, выпра­баванні ў мнагабор’і “Зда­роўе”, гульні ў шашкі, шахматы, настольны тэніс, дартс. Напомніўшы галоўныя ўмовы спаборніцтваў і пазнаёміўшы каманды з суддзямі, на рытм спартакіяды настроіў усіх удзельнікаў галоўны суддзя спаборніцтваў, дырэктар Маларыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Міхаіл Улезла.
…І вось спаборніцтвы аб’яўлены адкрытымі. Спартыўны комплекс і яго наваколле загудзела, нібы вялікі вулей. Спартыўныя “пчолы” спяшаліся справіц­ца з дыстанцыямі ў 60 і 100 метраў, выконвалі гімнастычныя практыкаванні, стартавалі ў кросе, ставілі свае асабістыя рэкорды ў скачках у даўжыню, падняцці гіры. З азартам каманды змагаліся ў гульнях з мячом, удумліва, па накірунку ігракоў ішлі да перамогі шашачныя і шахматныя фігуры, хутка пералятаў з аднаго боку стала на другі тэнісны шарык. За амаль шэсць гадзін спартыўных баталій было ўзята нямала спартыўных вышынь, якія прыносілі расчараванне адной камандзе і перамогу другой. Так, у валейбольных матчах дастойную гульню паказала каманда са Століна, удзельнікі яе былі лепшымі і ў мнагабор’і “Здароўе”, а вось у настольным тэнісе перамогу заваявалі прадстаўнікі спажывецкай кааперацыі з Лунінца. Каманда Івацэвіцкага райспажыўтаварыства лідзіравала ў гіравым спорце і шашках, а ў гульнях па шахматах лепшымі былі прадстаўнікі спажывецкай кааперацыі Драгічына. Каманда Маларыцкага райспажыўтаварыства праявіла трапнасць і вый­шла ў пераможцы ў спаборніцтвах па дартсу. У выніку першае месца ў спартакіядзе заваявала каманда са Століна. Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна каманды Лунінецкага і Івацэвіцкага райспажыўтаварыстваў.
Годна выступіла на спаборніцтвах каманда маларыцкіх кааператараў. Апярэдзіўшы 12 каманд (усяго ў спартакіядзе ўдзельнічала 17 каманд вобласці), яна заняла 5 месца. Поспех камандзе сваімі перамогамі прынеслі Сяргей Серада, які заняў першае месца ў гіравым спорце, Уладзімір Алесік, які перамог у настольным тэнісе і дартсе, і Валянціна Дамарацкая, якая заняла другое месца ў спаборніцтвах па дартсу.
На ўрачыстым закрыцці спаборніцтваў усе пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі, граматы і кубкі спартакіяды.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час абласной спартакіяды.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 7.09.2013 г.

Добавить комментарий


заказ води борисполь

そこ
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!