НАДЗЕIНЫ МАРЫ

Надзея Дземядзюк, вучаніца 4 класа Олтушскай СШ, летам прымала ўдзел у 2 філатэлістычных выставах. І ў кожнай – вынікова.
У жніўні яе экспазіцыя “Птушкі Олтуша і яго ваколіц” адзначана пазалочаным памятным медалём і дыпломам за ўдзел у выставе, якая была прымеркавана да 85-годдзя Гродзенскага заапарка. А ў сярэдзіне жніўня гэтая ж самая экспазіцыя Надзеі Дземядзюк выстаўлялася ў польскім горадзе Чэрамха. Журы польска-беларускай маладзёжнай філатэлістычнай выставы, якая мела назву “140 гадоў чыгунцы Адэса-Кролевец”, адзначыла “збіральніцтва” дзяўчынкі кубкам, дыпломам і пазалочаным медалём. Дасягнуты поспех – гэта сумесная праца Надзеі і яе дзядулі Вячаслава Зезюкова, настаўніка Олтушскай СШ, які збірае маркі з 12-гадовага ўзросту. Між іншым, сёння ў прыватнай калекцыі Вячаслава Мікалаевіча толькі па прыблізных падліках налічваецца амаль 12 тысяч марак, у тым ліку прыкладна 4 тысячы — часоў СССР.
Надзея маркі збірае толькі 3 гады. У яе калекцыі сёння пакуль што трошкі больш за 500 марак. Але да свайго захаплення дзяўчынка адносіцца вельмі сур’ёзна.
— Унучка толькі вучыцца ўсім прамудрасцям гэтай тонкай і далікатнай справы, — гаворыць Вячаслаў Зезюкоў. – Асвоіць асновы філатэліі – справа нялёгкая, карпатлівая, якая патрабуе ўседлівасці і жадання давесці пачатае да канца. Калекцыю “Птушкі Олтуша і яго ваколіц” перадаў унучцы. Надзею гэтая тэма вельмі зацікавіла. Над папаўненнем цяпер працуем разам. Філатэлія ў нас з унучкай – агульны занятак для душы. З маркамі мы можам прасядзець не адну нават гадзіну.
— Вячаслаў Мікалаевіч, што ўяўляе калекцыя, якая на розных выставах атрымлівае ўзнагароды?
— На 2 стэндах размяшчаюцца 32 лісты фармату А4. Калекцыя ўключае тэматычныя канверты, блокі… Экспазіцыя цяпер налічвае амаль 200 марак. Па звестках арнітолагаў, у ваколіцах Олтуша водзіцца ажно 182 птушкі. У нашай калекцыі сабрана пакуль што толькі 95 марак з выявамі мясцовых птушак. Таму да завяршэння справы, напэўна, далёка яшчэ (смяецца).
— Вячаслаў Мікалаевіч, на апошняй міжнароднай выставе ў Польшчы, дзе Вы бралі ўдзел, якое было прадстаўніцтва?
— Усяго было прадстаўлена 46 работ, з Беларусі — 14, з Брэсцкай вобласці — 10. Наша калекцыя трапіла ў лік тых трох, што адабра­ны журы для ўдзелу ў міжна­родных выставах, якія хутка будуць праходзіць у Поль­шчы. Акрамя таго, у ліста­падзе ў Брэсце адбу­дзецца міжнародная філа­тэлістычная выстава. Нас з Надзеяю таксама ўжо запрасілі прыняць у ёй удзел.
— Надзея, — цікаўлюся, — чым ты яшчэ захапляешся?
— Люблю ляпіць з пластыліну, займаюся бісерапляценнем. У вольны час малюю. Тры разы на тыдзень наведваю Маларыцкую школу мастацтваў. Са школьных прадметаў аддаю перавагу матэматыцы. Мая мара – стаць дызайнерам.
— А філатэлія для цябе – гэта што?
— Сур’ёзнае захапленне. Спачатку толькі назірала за тым, што і як робіць дзядуля. А пасля захацелася паспрабаваць самой усё паўтарыць. Мне падабаецца ў вольны час займацца з маркамі. Яны пра многае могуць расказаць, калі ўмееш іх “чытаць і слухаць”. Мару, каб у мяне было столькі марак, як ў дзядулі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Вячаслаў Зезюкоў і яго ўнучка Надзея Дземядзюк з узнагародамі, якія яны атрымалі на апошніх дзвюх выставах рознага ўзроўню.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 11.09.2013 г.

Добавить комментарий


浮気 here
www.kompozit.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!