Усё жыццё маё — у лёсе вёскі

Па даўняй традыцыі канец лета ў нашай Велікарыце адзначаецца такім масавым дзействам, як свята вёскі. Гэтае свята, свята ўслаўлення малой радзімы, таленту народных майстроў, стала вельмі папулярным, праходзіць з шырокім размахам, збірае шмат людзей. Вось і на гэты раз на яго прыйшло шмат вяскоўцаў, прыехала нямала гасцей.
Вітаў іх усіх прыгожай песняй і караваем жаночы ансамбль “Рытчанка” Велікарыцкага сельскага Дома культуры.
Шмат цёплых слоў пра маленькую радзіму, родны куточак, пра вяскоўцаў гаварылі вядучыя Ірына Наркевіч і Любоў Гаўры­люк. Майстэрства ім не пазычаць, яны ўмеюць знайсці ключык да сэрцаў гледачоў.
Дзеткі – Насця Хамічук, Таня Нінічук, Каця Голуб, Дзіяна Хевук і Вова Чабоцька — з вялікім запалам дарылі свае песні і танцы ўсім прысутным. Нам, як работнікам Дома культуры, хацелася б выказаць словы падзякі ўсяму калектыву, які разам з намі не адзін дзень рыхтаваў захапляльную канцэртную праграму да свята вёскі.
Не абышлося гэтае мерапрыемства без старшыні сельвыканкама Віктара Мікалаевіча Кірычуна. Ён заўжды ахвотна ўдзельнічае ў ім, аказвае спонсарскую дапамогу, як і СВК “Рыта” на чале са старшынёй Іванам Пастушэкам.
Шчыры дзякуй хочацца сказаць і іншым спонсарам, а менавіта Уладзіміру Масюку, калектыву паляўнічай гаспадаркі (кіраўнік Сцяпан Нікалайчук), якія прадаставілі падарункі ў выглядзе жаночых сукенак, касцюмаў і святочнага яскравага феерверку.
Алег Драздовіч прада­ставіў прыгожыя кветкавыя кошыкі для ўзнагароджання гаспадароў лепшых сядзіб.
На свяце прысутнічала самая старэйшая жыхарка Велікарыты Ганна Мікееўна Гаркаўчук. Ёй споўнілася 92 гады. Доўгажыхарку павіншаваў старшыня сельвыканкама і ўручыў ёй падарунак.
Вельмі прыгожа ўшаноў­валі на свяце юбіляраў, якія пражылі разам 50 гадоў. Дзеці дарылі сваім бацькам караваі, упрыгожаныя лебедзямі. Наш “сват” Віктар Мікалаевіч Кірычун частаваў ім гасцей, якія за гэта клалі па звычаі грошы, а затым “перапой” быў аддадзены нашым маладым – Надзеі Якаўлеўне і Івану Якімавічу Кучко. Залатыя юбіляры далі такі наказ маладым: “Быць цярплівымі, уступаць адзін аднаму, дзяліць адно з адным радасці і непрыемнасці”.
Не забылі на свяце і пра шматдзетныя сем’і. На гэты раз памятны падарунак атрымала сям’я Аляксандра і Юліі Хевукоў, якія выхоўваюць трое дзетак. Усе яны вельмі дружныя. Дзеці разам з мамай прымаюць удзел у розных канцэртных праграмах, з якімі выступае наш калектыў.
Былі падведзены вынікі традыцыйнага конкурсу на лепшую сядзібу. Як адзначаў Віктар Кірычун, добраўпарадкаваных сядзіб становіцца ўсё больш, але найперш ацэньваліся дызайн і акуратнасць усяго падворку, разнастайнасць кветак.
Лепшымі былі прызнаны сядзібы Сяргея Дзмітрыевіча і Ірыны Іванаўны Уюн з Велікарыты, Віталя Фёдаравіча і Галіны Паўлаўны Цяліпкаў з Гусака, Віктара Мікалаевіча і Таццяны Іванаўны Леўчукоў з Дубічна. Гэтым працавітым гаспадарам таксама былі ўручаны падарункі.
А мясцовыя каравайніцы частавалі прысутных на свяце смачным і духмяным караваем. Хацелася б сказаць шчыры дзякуй за іх Людміле Пастаўнёвай, Вользе Абрамук. Ніна Семіпіленка спякла для аднавяскоўцаў прыгожы на выгляд і вельмі смачны торт з кампазіцыяй “Вожыкі на паляне”, каб пачаставаць ім аднавяскоўцаў і гасцей на свяце. І гэтыя таленавітыя жанчыны атрымалі прызы.
Заахвоцілі і лепшых майстрых, такіх, як вышывальшчыца Марыя Ярошык і аматар работы шыдэлкам і бісерапляцельшчыца Ніна Дзмітрыева. Хацелася б асабіста ад сябе выказаць усім гэтым жанчынам словы шчырай удзячнасці за тое, што яны працягваюць народныя традыцыі, берагуць іх.
Госці і аднавяскоўцы таксама маглі пачаставацца смачным шашлыком, прыгатаваным работнікамі Велікарыцкага магазіна. Мясцовы рыбгас дапамог арганізаваць духмяную юшку, якой частавалі ўсіх, хто жадаў.
Пасля канцэрта жадаючыя змаглі паспрабаваць свае сілы ў армрэслінгу, іншых відах спорту.
Радзіма, малая ці вялікая, будзе такой, якімі мы будзем самі і якой мы яе заўжды хочам бачыць. Таму мы не павінны забываць пра свае карані і заўсёды спяшацца туды, адкуль яны.
Валянціна ЯРАШУК, мастацкі кіраўнік Велікарыцкага СДК.
НА ЗДЫМКУ: у час свята вёскі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 11.09.2013 г.

Добавить комментарий


http://220km.net

http://www.best-cooler.reviews/

np.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!