Супрацоўнікі “нябачнага” аддзела

У дзейнасці любой установы, прадпрыемства, арганізацыі ёсць свае нюансы, свая структура, спецыфіка, асаблівасці, свой прыняты парадак. Гэта тычыцца і бібліятэкі. Пры слове “бібліятэка” найчасцей кожны з нас уяўляе стэлажы з мноствам кніг і часопісаў, кафедру (стол выдачы кніг) і за ёй – абавязкова бібліятэкара. Але яго работа заключаецца не толькі ў тым, каб выдаць і прыняць кнігу. Ды і структура самой бібліятэкі даволі складаная.
Пра аддзел камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду, які жартам называюць “нябачным” аддзелам,Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі расказвае яе дырэктар На­дзея Курдзюк.
— Адной з вызначальных умоў эфектыўнасці работы бібліятэкі з’яўляецца якасць камплектавання яе кніжнага фонду, — гаворыць Надзея Мікалаеўна. — Менавіта ад работнікаў гэтага аддзела залежыць, якія кнігі, перыядычныя выданні паступяць у бібліятэкі, што будзе прапанавана чытачам. Такім чынам, з аддзела камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду кніга пачынае свой шлях да чытача.
Аддзел ўзначальвае Вера Наўрасюк. Разам са спецыялістамі Наталляй Кузьміцкай, Вольгай Сахарчук, Валянцінай Гніцій, Тамарай Дзікавіцкай і бібліятэкарамі ўсіх філіялаў пастаянна вывучаецца чытацкі попыт, распрацоўваюцца планы супрацоўніцтва з выда­вецтвамі і кнігагандлё­вымі арганізацыямі. Менавіта тут фарміруецца бібліятэчны фонд: кожнае выданне атрымлівае свой нумар, свой шыфр (ці адрас) для наступнага правільнага размяшчэння на пэўным месцы. Інакш кнігу ў агульным масіве будзе знайсці вельмі складана.
Сукупны фонд бібліятэк Маларыцкай ЦБС на 1 студзеня 2013 г. склаў 282849 экзэмпляраў розных носьбітаў інфармацыі (з 1999 года ствараецца электронны каталог, які да канца гэтага года будзе размешчаны на сайце бібліятэкі:http://maloritalib.by). Асноўнай крыніцай фінансавання па-ранейшаму застаецца раённы бюджэт. У 2012 г. на камплектаванне затрачана 306 мільёнаў рублёў, на іх набыта 13197 адзінак бібліятэчнага фонду. У гэтым годзе ўжо атрымана больш за 2700 экзэмпляраў кніг на суму 100 млн. рублёў, амаль 72% якіх накіраваны ў вясковыя бібліятэкі-філіялы.Да канца года яшчэ запланавана папаўненне кніжнага фонду бібліятэк на такую ж самую суму.
— Надзея Мікалаеўна, ці выпісваеце вы перыядычныя выданні?
— Безумоўна. Перыядычныя выданні адыгрываюць выключную ролю як аператыўная крыніца інфармацыі па розных тэмах, што робіць іх незаменнымі ў бібліятэчнай дзейнасці.
У 2013 г. з мясцовага бюджэту на набыццё перыядычных выданняў выдзелена 140 мільёнаў рублёў. Сёння бібліятэкі атрымліваюць 116 найменняў часопісаў і газет. Сельскія бібліятэкі-філіялы, у сярэднім, атрымліваюць па 20-24 найменні перыядычных выданняў.
Галоўным крытэрыем вызначэння якасці работы бібліятэкі з’яўляецца задавальненне запытаў усіх катэгорый карыстальнікаў. Таму сёння бібліятэкары імкнуцца знаходзіць патрэбную інфармацыю чытачу калі не праз друкаваныя выданні, то пры дапамозе сеткі Інтэрнэт. Да 2015 года ўсе бібліятэкі Маларыцкай ЦБС павінны быць камп’ютарызаваны. Толькі ў гэтым годзе па рэспубліканскіх праграмах “Культура Беларусі” і “Развіццё вёскі” атрымана 8 камп’ютараў. Таму ў хуткім часе ўжо 13 бібліятэк-філіялаў прапануюць сваім чытачам дадатковыя паслу­гі па пошуку патрэбнай інфармацыі ў сетцы Інтэрнэт.
— Надзея Мікалаеўна, дзе набываеце кнігі?
— Каб чытач ішоў у бібліятэку, неабходны адпаведны друкаваны прадукт: на якаснай паперы, прыгожа і з густам аформлены. Такую кнігу хочацца не толькі патрымаць у руках і пагартаць, але абавязкова яшчэ і прачытаць. Сёння выдавецтвы выпускаюць шмат такіх кніг. Мы ж камплектуемся прадукцыяй выдавецтваў “Беларусь”, “Літаратура і мастацтва”, “Родное дело”, “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі”, “Харвест”, “Белкніга”, “Вышэйшая школа”, “Мастацкая літаратура”, выдавецтва Беларускага Экзархата.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: работнікі аддзела Вольга Сахарчук, Валянціна Гніцій і Тамара Дзікавіцкая.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 14.09.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


onlyyou.od.ua

доставка води борисполь

avto-poliv.com.ua