Шэдэўры са скуры

Ёсць павер’е, што кожная рэч, зробленая рукамі чалавека, атрымлівае іх цеплыню і нясе сваю добрую энергетыку. А калі гэтая рэч выканана з прыроднага матэрыялу, сіла яе пазітыўнага выпраменьвання павялічваецца ў разы. Менавіта такімі з’яўляюцца карціны, якія зроблены са скуры. Гэты матэрыял, як упэўнена маларытчанка Ала Родзіна, сапраўды магічны. Ён дазваляе рабіць вельмі прыгожыя рэчы, якія не толькі зачароўваюць, але і ўзнімаюць настрой.
Такім відам творчасці, як стварэнне пано са скуры, Ала Віктараўна занялася ўсяго некалькі месяцаў назад, менавіта тады, як змяніла месца работы і ўзначаліла аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Менавіта тут, сутыкнуўшыся з рознымі відамі творчасці, якімі захоплены дзеці і дарослыя, якія наведваюць аддзяленне, яна ўспомніла, як некалі спрабавала ўпрыгожваць скурай шкатулкі і нават зрабіла пано, якое пабывала на выставе ў Мінску. Тое захапленне, якое раней не знайшло свайго працягу і было несправядліва забыта, нахлынула на яе з новай сілай. За даволі непрацяглы час яе рукі стварылі больш за дзесяць прыгожых карцін, якія цяпер гарманічна ўпрыгожваюць інтэр’ер аддзялення і сцены яе кабінета.
— Я вельмі рада, што мая работа дазваляе займацца тым, што мне цікава. Можна сказаць, і работа, і захапленне сумясціліся ў адно цэлае. І гэта прыносіць задавальненне, — дзеліцца думкамі Ала Родзіна.
Творчай і майстравітай была яна заўжды. Умелыя рукі Алы Віктараўны навучыліся шыць, вязаць шыдэлкам і пруткамі. Веды і практычныя навыкі, некалі набытыя ў тэхналагічным інстытуце, шмат гадоў перадавала яна дзяўчатам, якіх вучыла швейнай справе ў прафесійным ліцэі. Ды і ў новым захапленні гэтыя веды спатрэбіліся. Яна, як тэхнолаг, добра ведала, як працаваць з рознымі тканінамі, валодала многімі сакрэтамі апрацоўкі скуры. Таму, каб самастойна ўзяцца за справу, ёй хапіла прагляду некалькіх майстар-класаў па вырабу пано.
Між іншым, у гэтай справе нямала сваіх “падводных камянёў”. Каб карціна са скуранымі кветкамі выглядала рэалістычнай, важна, па-першае, мець пэўныя мастацкія навыкі, бо кожны выраб пачынаецца з малюнка, своеасаблівага трафарэту, які дазваляе зрабіць са скуры элементы будучага пано. Па-другое, трэба ўмець назіраць, як выглядаюць тая ці іншая кветка ці пялёстак у жывой прыродзе, як суадносяцца паміж сабой колеры, каб перадаць гэта з дапамогай фарбаў у карціне. Па-трэцяе, нельга абысціся без фантазіі, менавіта яна дазваляе кожнае пано зрабіць асаблівым, індывідуальным.
— Многія сюжэты карцін дапаўняюцца ў працэсе работы. Напрыклад, была задумка адлюстраваць з дапамогай скуры галінку з гронкай вінаграду, якая ўпала ў траву. Спачатку на тканіне размясціліся пялёсткі. Здалося, што нечага не хапае. Уявіла, як гэта можа быць на самой справе. Перад вачыма з’явіліся кветкі-незабудкі. Імі і вырашыла дапоўніць пано, і кампазіцыя стала прыгажэйшай, — дзялілася Ала сакрэтамі сваёй творчасці.
“Маладзільныя яблыкі”, “Калядныя свечкі”, “Залатыя ружы”, “Букет нявесты” – усе гэтыя карціны, нарадзіўшыся ва ўяўленні Алы Родзінай, былі створаны яе ўмелымі рукамі. Кожны кавалачак скуры, перш, чым стаць элементам пано, адчуў цеплыню яе рук, якія надавалі матэрыялу новую форму, а разам з тым і новае жыццё.
Натхненне, якое час ад часу з’яўляецца ў творчага чалавека, падказала Але Віктараўне ідэю стварыць цыкл карцін з асеннімі матывамі. Пакуль гэтыя карціны – толькі мара. Але калі яны ёсць ва ўяўленні, упэўнена Ала Родзіна, яны абавязкова з’явяцца і ў рэальнасці.
НА ЗДЫМКУ: Ала Родзіна.

Опубликовано в «ГЧ» 18.09.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Шэдэўры са скуры: 1 комментарий

  • 24.09.2013 в 3:33 пп
    Permalink

    Цікава канешне, але калі я, напрыклад, трымаю гэткі мастацкі твор у руках, дык у мяне з галавы ня йдзе, што гэта зроблена са скуры некалі жывой істоты. Брррр.

Добавить комментарий