НІЯКАЙ ЭПІДЭМІІ Ў РАЁНЕ НЯМА

Ці можна ўжываць негатаванай ваду з-пад крана, як характарызуецца санітарна-эпідэмічная сітуацыя ў нас у раёне, як засцерагчы сябе ад грыпу і вірусных інфекцый – адказы на гэтыя і іншыя пытанні хацелі пачуць грамадзяне з першых вуснаў – ад галоўнага санітарнага ўрача раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Уладзіміра Кляцко, з якім нядаўна была арганізавана “прамая тэлефонная лінія” ў рэдакцыі райгазеты.
Прапануем увазе чытачоў рэпартаж з яе.

Валянціна Макараўна Стасюк, маларытчанка:
— Уладзімір Анатольевіч, скажыце, калі ласка, ці можна без боязі ўжываць ваду з-пад крана?
Уладзімір Кляцко:
— Камунальная служба ў парадку ведамаснага кантролю, а санітарная ў парадку дзяржаўнага кантролю пастаянна сочаць за якасцю вады, даследуюць яе. Пры выяўленні якіх-небудзь адхіленняў ад нормаў СанПіна ўласніку водаправодаў даюцца рэкамендацыі па правядзенні неабходных прафілактычных мерапрыемстваў з паўторным лабараторным кантролем.
Цяпер вада, што падаецца ў размеркавальную сетку ў горадзе, па мікрабіялагічных, санітарна-хімічных і вірусалагічных паказчыках адпавядае норме.
В. М.:
— Значыць, яе можна піць і неабавязкова гатаваць?
Ул. К.:
— Можна піць, але лепш згатаваць. Можна проста даць, каб яна крыху адстаялася.
В. М.:
— Многія з нас для бытавых патрэб выкарыстоўваюць бутыліраваную ваду, але яе не заўсёды купіш у нашых магазінах.
Ул. К.:
— Пытанне забеспячэння магазінаў бутыліраванай вадой не ў кампетэнцыі санітарнай службы. Але мы давядзем да ведама кіраўніцтва райспажыўтаварыства, прыватных прадпрымальнікаў агучаную Вамі праблему.
В. М.:
— Дзякую Вам.
Пелагея Васільеўна, жыхарка в. Малы Паўлопаль:
— Ці правярае санітарная служба аўталаўкі, якія абслугоўваюць сельскае насельніцтва ў малых населеных пунктах? Калі так, дык як часта і якія парушэнні выяўляюцца?
Ул. К.:
— Хачу Вам сказаць, Пелагея Васільеўна, што ўвесь транспарт, які задзейнічаны на перавозцы харчовых прадуктаў, абавязаны мець санітарны пашпарт. Ён абнаўляецца праз кожныя паўгода. Да такога транспарту адносяцца і аўталаўкі. На жаль, у работнікаў нашай службы не заўсёды атрымліваецца быць у тым населеным пункце і ў той час, калі там працуюць аўтамагазіны, таму не заўсёды ўдаецца праверыць, як іх работнікі захоўваюць санітарныя нормы і правілы. Але абяцаю, што ў бліжэйшы час мы ўсе аўтамагазіны праверым.
Марыя Сідараўна Сідарук, маларытчанка:
— Уладзімір Анатольевіч, цяпер шмат гавораць пра вакцынацыю супраць грыпу. Як Вы асабіста ставіцеся да такой меры прафілактыкі гэтай інфекцыі, ці робіце прышчэпку самі?
Ул. Кляцко:
— Навукова даказана, што самай эфектыўнай мерай прафілактыкі грыпу з’яўляецца вакцынацыя ці прышчэпка. Вядома, нельга выключаць і такія спосабы ўмацавання імунітэту, як прыём вітамінаў, загартоўка арганізму, заняткі фізкультурай і спортам, здаровы лад жыцця, прагулкі па свежым паветры і інш.
Што датычыць асабіста мяне, дык штогод у абавязковым парадку прышчэпку раблю не толькі я, але і члены маёй сям’і: жонка і 5-гадовая дачка. Пасля таго, як пачалі рабіць прышчэпкі, зімою (цьфу-цьфу) ніколі грыпам не хварэем.
М. С.:
— Дзякую, пераканалі. Паспрабую сёлета і я правакцыніравацца.
Алена Мікалаеўна Алесік, жыхарка в. Збураж:
— У магазінах і райспажыўтаварыства, і ў прыватных іншы раз можна бачыць факты парушэння таварнага суседства, незахоўвання прадаўцамі санітарных нормаў пры рэалізацыі прадукцыі. Не ўсе з іх, да прыкладу, выкарыстоўваюць спецыяльныя пальчаткі, калі адпускаюць прадуктовыя тавары і інш. Як рэагуе на такія факты санітарная служба?
Ул. Кляцко:
— Павінен Вам сказаць, што кожны работнік гандлю, які звязаны ў працэсе працы з прадуктамі харчавання, абавязаны праходзіць гігіенічнае навучанне і атэстацыю ў Цэнтры гігіены, інакш кажучы, павінен здаць залік на прадмет ведання мінімальных патрабаванняў СанПін, па выніках якога ў медыцынскай даведцы ставіцца адпаведная адзнака. У прынцыпе, усе, хто працуе ў сферы гандлю, ведаюць санітарныя правілы, іншая справа, што не ўсе іх выконваюць. А над кожным работнікам прылаўка кантралёра ці супрацоўніка санітарнай службы не паставіш. Пры выяўленні падобных фактаў парушэнняў санітарных нормаў і правілаў мы прымяняем меры ўздзеяння, у тым ліку і складанне пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні. Бывае, што прыпыняем работу гандлёвай кропкі ці нават яе закрываем.
Зоя Дзмітрыеўна, жыхарка дома № 108 па вул. Савецкай у Маларыце:
— Побач з нашым домам знаходзіцца бар “Аколіца”. Непадалёк ад дома, бліжэй да “Аколіцы”, стаяць гаспадарчыя пабудовы. Агароджы, якая б раздзяляла нашу тэрыторыю і бар “Аколіца”, няма. Наведвальнікі бара вельмі часта забруджваюць тэрыторыю ля нашых гаспадарчых пабудоў. Што рабіць?
Ул. К.:
— Зоя Дзмітрыеўна, даю Вам слова, што нашы работнікі пабываюць і ў бары “Аколіца”, і на тэрыторыі ля Вашых гаспадарчых пабудоў. Пры выяўленні парушэнняў санітарных нормаў будуць прыняты адпаведныя меры.
Таццяна Яўгенаўна, жыхарка в. Макраны:
— Уладзімір Анатольевіч, па горадзе папаўзлі чуткі, што ў нас у раёне эпідэмія менінгіту. Ці маюць яны пад сабою якую-небудзь падставу, якая наогул эпідэмічная сітуацыя цяпер у нас у раёне?
Ул. К.:
— Хачу асабіста Вас, Таццяна Яўгенаўна, і ўсіх жыхароў горада і раёна супакоіць: ніякай эпідэміі ў нас няма. Ёсць пэўны ўздым захворванняў вострымі рэспіраторнымі віруснымі інфекцыямі, ускладнёнымі серозным менінгітам. Тыя пацыенты, якім пастаўлены такі дыягназ, нічым паміж сабою не звязаны, яны жывуць у розных месцах, таму аб эпідэміі і гаворкі быць не можа. Ва ўсіх выпадках выяўлення вострых рэспіраторных вірусных інфекцый работнікамі цэнтральнай райбальніцы праводзяцца комплекс мер, клінічныя мерапрыемствы, а з боку санітарнай службы супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, у тым ліку з лабараторным даследаваннем аб’ектаў знешняга асяроддзя (вады).
Т. Я.:
— Узбуджальнік інфекцыі не выяўлены?
Ул. К.:
— Не.
Т. Я.:
— Магчыма, ён “прывазны”?
Ул. К.:
— І такое не выключаецца.
Т. Я.:
— Што Вы параіце, каб засцерагчы сябе ад вострых рэспіраторных вірусных інфекцый?
Ул. К.:
— Па-першае, трэба захоўваць усе правілы асабістай гігіены, у гэты перыяд па магчымасці адмовіцца ад паездак за мяжу, у тым ліку і ва Украіну, бо невядома, якія там прадукты мы купляем, якасныя яны ці не.
Калі гаварыць пра санітарна-эпідэмічную сітуацыю ў раёне ў цэлым, яна характарызуецца, як спрыяльная.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: галоўны ўрач РЦГіЭ Уладзімір КЛЯЦКО.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 18.09.2013 г.

НІЯКАЙ ЭПІДЭМІІ Ў РАЁНЕ НЯМА: 1 комментарий

  • 21.09.2013 в 12:26 пп
    Permalink

    Это радует, спасибо автору, успокоили!

Добавить комментарий


свадебное платье на прокат

www.alfaakb.com

cialis-viagra.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!