НА «БІЗОНЕ» — ТАКСАМА ГАРАЧЫ ЧАС

На беларуска-германскім сумесным прадпрыемстве ідзе ўборка хмелю
За акном – першы месяц восені. Паступова становіцца халадней, замірае жыццё. А на беларуска-германскім сумесным прадпрыемстве “Бізон” зараз, наадварот, вельмі гарачы час. Тут убіраюць вырашчаны хмель. На тэрыторыі прадпрыемства і ў яго ваколіцы ў гэтыя дні стаіць спецыфічны водар.
— Верасень — час, калі шышкі хмелю дасягаюць тэхнічнай спеласці, — гаворыць Валерый Антановіч, дырэктар прадпрыемства. – Таму ўборку расліны імкнемся завяршыць менавіта ў першы месяц восені. А яшчэ лепш, каб усё вырашчанае звезці на перапрацоўку ў 20-дзённы тэрмін.
Назіраць за працэсам уборкі і перапрацоўкі надзвычай цікава. 7-8-метровую лазу на плантацыі рабочыя хутка і ўмела зразаюць і ўкладваюць у прычэп. Затым ліяны накіроўваюцца ў цэх да хмелеўборачнай машыны, якая хутка падымае іх ўгору. Там спецыяльныя механізмы аббіваюць каштоўныя шышкі. Аддзеленыя ад галін шышкі “бягуць” па транспарцёру сушыцца. Да кандыцыі яны даводзяцца пры тэмпературы не больш за 70 градусаў пры вільготнасці да 10%.
— А пасля, — гаворыць Валерый Мікалаевіч, — “хмельная” сыравіна гранулюецца і фасуецца ў пакеты па 10 кг на адпаведным абсталяванні. Па жаданні заказчыка, фасоўка можа быць большай ці меншай па вазе.
У “Бізона” цяпер зямельныя плошчы налічваюць 65 гектараў, з іх 22 – займаюць хмельнікі. Айчыннай школы вырошвання гэтай расліны няма, таму маларыцкія хмеляводы да ўсяго дахо­дзяць самі. На сумесным прадпрыемстве вывучалі замежны вопыт “абыхо­джання” з гэтай раслінай. Вырошчаць хмель – справа складаная. Яна патрабуе ўмення, спрактыкаванасці, вопыту, матэрыяльных і працоўных затрат, дбайнасці, гаспадарлівасці, штодзённага клопату. Хмель — расліна капрызная, любіць вільгаць, схільна да хвароб, патрабуе мінеральных і арганічных угнаенняў. Пасля правя­дзення выпрабаванняў розных гатункаў з Германіі, Польшчы, Украіны, на СП “Бізон” перавага была аддадзена 4 з іх. Цяпер на маларыцкіх землях вырошчваюць горкія гатункі хмелю нямецкай селекцыі “магнум” і “нордэн брэвэр”, а таксама — духмяныя “шпальтэр селект” і “перле”.
— З аднаго гектара мы атрымліваем у сярэднім па 1,5-2 тоны cухой сыравіны, — кажа Валерый Антановіч. – Плануемы аб’ём вытворчасці хмелю – 40 тон. Колькі зможам зарабіць? Арыфметыка простая, бо сёння адзін кілаграм каштуе 4-5 долараў. Уборка ідзе пакуль што ў штатным рэжыме. Па стану на 17 верасня ўжо ўбрана трэць ўсіх плошчаў. У нас нала­джана якасная перапрацоўка хмелю. На прадпрыемстве занята ўсяго 28 чалавек, сярэдняя зарплата – ад 2 да 5 мільёнаў. Яна залежыць ад участкаў работы, напружанасці… Асноўны від дзейнасці – вырошчванне і перапрацоўка хмелю. У нас ёсць неабходны набор тэхнікі для пасадкі, глебаапрацоўкі і ўборкі гэтай расліны.
— Валерый Мікалаевіч, куды збываеце хмель?
— Асноўнымі нашымі партнёрамі з’яўляюцца Мінскі піўзавод “Крыніца” і ЗАТ “Брэсцкае піва”. Сыравіна, што вырасла на землях ля Замшан, з’яўляецца імпарта-замяняльнай для беларускіх прадпрыемстваў. Яна мае высокую якасць. Доўгі час “Бізон” пастаўляў сваю прадукцыю яшчэ і “Лідскаму піву”. Але гэты завод выкупіла замежная кампанія. Хмель, што вырошчваўся для лідскіх півавараў, стаў незапатрабаваным. У новых гаспадароў свае пастаўшчыкі гэтай расліны.
Валерый Антановіч марыць пра тое, каб “Бізон” стаў чыста беларускім прадпрыемствам па вытворчасці хмелю, а таксама — павялічыць плошчы пад гэтую культуру ў будучым. Працуе сумеснае прадпрыемства і над стварэннем Маларыцкага водарнага гатунку хмелю.
Улічваючы набыты вопыт (прадпрыемства заснавана 5 сакавіка 1993г.), Валерый Мікалаевіч Антановіч лічыць, што хмеляводства – перспектыўная галіна раслінаводства на Беларусі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
НА ЗДЫМКУ: Святлана Дардзюк, Надзея Драганчук, Алена Волчык, Наталля Юхімук і Надзея Буц, рабочыя-хмеляводы, на плантацыі ля Замшан; Святлана Каламіец і Наталля Дышкант у цэху перапрацоўкі.

Опубликовано в «ГЧ» 21.09.2013 г.

Добавить комментарий


http://pharmacy24.com.ua

https://best-cooler.reviews/best-tailgating-cooler/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!