З ЗОНЫ СУМУ – У РАДАСЦЬ СВЯТА

Напэўна, ніхто так блізка, як работнікі сацыяльнай службы, не сутыкаецца з праблемай адзіноты ў старасці. Колькі нявыдуманых, нярэдка вельмі сумных гісторый са сваёй практыкі яны могуць расказаць. І аддаючы цяпло свайго сэрца, стараюцца зрабіць усё, што могуць, каб старасць, асабліва людзей з глыбінкі, не была адзінокай, пакінутай, непатрэбнай…
“З усмешкай у сэрцы”
Менавіта так называлася сустрэча, якая прайшла ў невялікай вёсачцы Высокае Лукаўскага сельскага Савета. Арганізавалі яе работнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі дома ДзУ “Маларыцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” сумесна з работнікамі Ужоўскага Дома фальклору.
Жыхары вёскі сабраліся ў вялікім утульным двары гасціннай гаспадыні Ганны Трафімаўны Марук. Вяскоўцы з задавальненнем дзяліліся ўспамінамі аб самых яркіх момантах свайго жыцця, расказвалі аб тым, як весела і цікава праводзілі вольны ад працы час у гады сваёй маладосці. Навеялі гэтыя ўспаміны пенсіянерам і прыгожыя песні даўно мінулых гадоў, якія прагучалі ў выкананні калектыву Дома фальклору.
А якія ж успаміны пра мінулае без расказу пра лёсы лю­дзей? На сустрэчы асаблівую ўвагу адчулі самыя старэйшыя жыхары вёскі Варвара Іванаўна Марук і Іван Аляксандравіч Астапук. Яны атрымалі на памяць ад арганізатараў сустрэчы сувеніры.
Кожная сустрэча ў вёсцы-глыбінцы – гэта, у першую чаргу, знаёмства з тэрытарыяльным Цэнтрам, яго работай. Акрамя таго, вясковыя пенсіянеры змаглі пачуць карысную інфармацыю аб змяненнях у заканадаўстве, звязаных з пытаннямі прадастаўлення сацыяльных паслуг непраца­здольным грамадзянам, і скарыстацца магчымасцю атрымаць рэчы з гуманітарнай дапамогі.

“Галава сівая, а душа маладая”
У аддаленай вёсачцы Яміца, што ў Олтушскім сельскім Савеце, прыезду гасцей чакалі з нецярплівасцю. Жыхарка вёскі Еўдакія Васільеўна Аўдзяюк запрасіла ўсіх вясковых жыхароў, а іх засталося ў Яміцы ўсяго 11 чалавек, у свой гасцінны дом. Менавіта тут прайшло пасяджэнне клуба па інтарэсах “Вяртанне ў маладосць”, якое называлася “Галава сівая, а душа маладая”. З цікавасцю ўдзельнікі сустрэчы праглядзелі відэафільм аб дзейнасці Цэнтра, пажылыя людзі пачулі шмат карыснай інфармацыі. А пасля афіцыйнай часткі шчырыя зносіны працягваліся, па традыцыі, за салодкім сталом. Пенсіянеры змаглі хоць ненадоўга забыць аб хатніх клопатах, праблемах, сваіх хваробах і паўсядзённай мітусні. Яны проста адпачывалі і атрымлівалі асалоду ад шчырай гутаркі, успамінаў магчымасці адчуць сябе неадзінокім.

“Вяртанне ў маладосць”
Неяк у верасні работнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі дома разам з аўтаклубам раённага аддзела культуры адправіліся ў вёскі Перавысь і Зеляніца, каб у чарговы раз сустрэцца з пажылымі жыхарамі маланаселеных вёсак, парадаваць іх не толькі ўвагай, але і добрымі песнямі. Шчырыя вяскоўцы Вольга Кірылаўна Жох з вёскі Перавысь і Антон Рыгоравіч Галянчук з вёскі Зеляніца прапанавалі свае падворкі для цёплых сустрэч, на якія і ў адной вёсцы, і ў другой прыйшло шмат людзей. І нядзіўна. Далёка не часта ўдаецца аднавяскоўцам сабрацца разам, каб пагутарыць, абмяняцца думкамі, ды і проста пабачыцца, шчыра павітаць адзін аднаго. Вяскоўцы пачулі карысную інфармацыю, якая датычыцца сацыяльнага абслугоўвання людзей пажылога ўзросту, а таксама атрымалі парады наконт таго, як засцерагчы сябе і сваю маёмасць. А артысты аўтаклуба падарылі пенсіянерам шмат чароўных песень. Музыка настолькі захапіла вяскоўцаў, што яны, забыўшы пра ўзрост, закружыліся ў танцы, слухалі і спявалі разам з салістамі свае любімыя песні, дружна апладзіравалі пад гукі новых прыгожых мелодый.
Кожная з сустрэч пакінула ў вяскоўцаў шмат пазітыву і добрых эмоцый, узняла ім настрой і дапамагла адчуць, што хоць і жывуць яны ў аддаленых невялікіх вёсачках, але зусім не забытыя іншымі.
Людміла АЛЕСІК, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 25.09.2013 г.

Добавить комментарий


американский фондовый рынок

www.oncesearch.com

Написать текст
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!