“Паверце мне…”

— Можа, не трэба ўсё гэта варушыць? Разумееце, вельмі балюча ўспамінаць, — парыруе просьбу расказаць пра той час, калі яна апынулася, можна сказаць, на самым “дне” жыцця, але змагла перамагчы сябе і падняцца, мая субяседніца — Галіна. Але слова за словам, і размова завязваецца. У пэўны момант жанчына згаджаецца: “А і праўда, напішыце, няхай людзі пачытаюць. Мажліва, яшчэ хто-небудзь, як і я, зможа спыніць сябе”. Мінулае, быццам вялікая хваля, узнятая ветрам успамінаў, накатваецца на яе з моцнай сілай. І яна шчыра расказвае пра сваё жыццё, падзеленае на два часавыя адрэзкі: п’янае забыццё і цвярозая рэальнасць…
У гісторыі Галіны ўсё пачыналася, як і ў тысяч іншых, хто аднойчы “пакаціўся” з крутой горкі жыцця ўніз — з праблем у асабістым жыцці. У адносінах з чалавекам, ра­зам з якім пражыла некалькі гадоў, пачаліся праблемы. Аддушыну пачала шукаць у кампаніі сябровак.
— Усё пачыналася з бакала дарагога віна, ста грамаў гарэлкі. Вып’еш з сяброўкамі, пагутарыш, здаецца, ад сэрца адлягло. Гэта цяпер я ўжо разумею, што такое “выратаванне” толькі пастка, у якую трапляеш і ўжо выбрацца сам не можаш, — пачала сваю споведь Галіна.
З таго часу, як яна пачала тапіць свой сум у віне, да “крайняй кропкі”, як сама Галіна называе той момант, калі яна ледзь не згубіла ўсё самае дарагое, прайшло ўсяго пяць гадоў. Спачатку яна зрэдку піла ў гасцях, потым і дома з сужыцелем. Неяк непрыкметна пачалі з’яўляцца новыя сябры, знаёмыя, і ўжо гарэлка, як успамінае Галіна, знаходзіла яе сама: то нехта ў кампанію запросіць, то за зробленую работу спіртным аддзякуюць. З-за пастаянных запояў, якія зацягваліся на некалькі тыдняў, згубіла яна работу, не было ладу і дома. Самае страшнае, як разумее сёння жанчына, яна тады не бачыла ў выпіўцы нічога дрэннага, нават была ўпэўнена, што ў любы момант можа кінуць піць і лічыла, што да яе проста прыдзіраюцца. А ў вёсцы, дзе жыла яна, ужо білі трывогу. Прыходзілі дамоў з сельвыканкама, са школы, прыязджалі камісіі з Маларыты. Але Галіна і думаць не хацела пра сваё бяссэнсавае жыццё, пра пакуты дзяцей, якіх у той час было ў яе двое. Нават яшчэ адна цяжарнасць не спыніла жанчыну.
— Я, вядома ж, крыху стрымлівала сябе, разумела, што гарэлка можа пашкодзіць дзіцяці, але маіх сіл хапала ненадоўга. Як успомню, аж дрыжыкі па целу бягуць, – працягвае маналог мая субяседніца.
Сёння яна смела пры­знае ўсе свае малыя і вялікія памылкі. І ўпэўнена: алкагалізм – гэта хвароба, якую трэба лячыць як фізічна, так і духоўна.
— Я штодня Богу дзякую за тое, што пашкадаваў мяне, дапамог пазбавіцца ад цяжкай залежнасці, паказаў, дзе знайсці выйсце. І самае галоўнае за тое, што дзеці мае засталіся са мною і маленькая дачушка нарадзілася здаровай. Я ўжо адчувала, што падаю ўніз і сама спыніцца не змагу, а таму, калі вярталася дамоў з чарговай гулянкі, у слязах падала на калені і маліла: «Божа, дапамажы мне спыніцца…»
І Усявышні, як упэўнена Галіна, пачуў яе шчырыя словы. З дапамогай людзей, зацікаўленых у пытаннях абароны дзяцей, ён падаў ёй руку ўсяго за паўкроку ад самага страшнага для яе – ад пазбаўлення бацькоўскіх правоў.
— Мяне ў чарговы раз выклікалі на камісію. Усім, канешне, надакучыла прасіць і пераконваць мяне, і, у рэшце рэшт, прагучалі страшныя словы, маўляў, калі за тыдзень я не ўладкуюся на работу і не звярнуся ў бальніцу за дапамогай у лячэнні алкагалізму, у мяне забяруць дзяцей і накіруюць іх па розных інтэрнатах. На мяне ў той момант нешта нахлынула. Я кінулася да дзвярэй і выбегла ў калідор. Мне ўслед крычалі: “Вярніся!”, але я нават і не думала спыняцца. У галаве была толькі адна думка: трэба нешта рабіць.
І тут Галіне на дарозе сустрэўся старшыня мясцовай гаспадаркі. “Вось яно, выратаванне”, – пранеслася ў думках і ўся ў слязах жанчына кінулася да яго. На мальбу ўзяць яе на работу мудры кіраўнік, відаць, пашкадаваўшы Галіну, адказаў: “Што ж, прыходзь, будзеш даяркай.” У той момант Галіна ўпершыню адчула сілы, каб маленькімі крокамі адысці ад той рысы, пераступіўшы якую, яна ўжо ніколі не зможа вярнуць усё назад.
Шлях па лесвіцы, якая з сапраўднага, як пры­знаецца Галіна, пекла, вяла да цвярозага жыцця, быў няпросты. Жанчына вый­шла на работу. Старалася, але падарванае гарэлкай здароўе падводзіла — пачала хварэць, ды і здароўе маленькай дачкі прымушала раз за разам ісці на бальнічны. Таму вырашыла Галіна зноў вярнуцца ў водпуск па догляду за дзіцяці. А потым знайшла ў адной з устаноў работу дворніка. Але трэба было, каб так супала, што яе працаўладкаванне якраз прыпала на час, калі закончылася ўздзеянне медыкаментаў, што дапамагалі ёй пазбавіцца ад залежнасці. Галіна вырашыла, што цяпер ужо сама зможа “ўстрымацца” ад спакусы. Але памылілася. Тут жа побач з’явіліся былыя сяброўкі і прапанавалі пасядзець у кампаніі. Галіна не вытрымала і крыху выпіла. Не прайшло і гадзіны (дапамаглі ўсё тыя ж сяброўкі), як яе будучы работадаўца ведала ўжо, што Галіна зноў п’е. Пачутыя словы, што яе не возьмуць на работу, былі для Галіны самым страшным прыгаворам. Перад вачыма праляцела ўсё яе мінулае жыццё, яна ўявіла слёзы на вачах сваіх дзяцей і прамовіла: “Паверце мне!”.
І ёй паверылі. І гэты давер Галіна стараецца не згубіць.
— Я зноў паехала ў бальніцу, каб мне дапамаглі. Пасля таго прайшоў яшчэ год, і я ўжо вырашыла не выпрабоўваць свае сілы, а звяртацца за дапамогай загадзя, – прызнаецца жанчына.
Алкагалізм лічыць Галіна цяжкай хваробай, якую, як і многія іншыя хваробы, трэба абавязкова лячыць. Толькі шкадуе яна, што разуменне таго, што гэта залежнасць, ад якой самастойна не пазбавішся, прыйшло да яе так позна. Сваіх знаёмых, хто раней часта складаў кампанію за бутэлькай гарэлкі, яна, сустрэўшы на вуліцы, стараецца “вучыць розуму”. Але як толькі размова заходзіць пра лячэнне, пра тое, як добра жыць, пазбавіўшыся ад алкагольнай залежнасці, яна чуе ад “сяброў”: “Зноў ты са сваімі пропаведзямі!”.
— Я стараюся растлумачыць ім, што ўсё ў жыцці можна змяніць. Галоўнае — захацець, каб табе дапамаглі. Я ўдзячна ўсім, хто не пакідаў мяне ў спакоі, хто губляў свой час, каб наведаць мой дом, хто змагаўся за выратаванне мяне і маіх дзяцей. Дзякуючы ім я пазнала іншае жыццё, — заўважае Галіна.
У гэтым жыцці ёсць дзеці, пра якіх яе галоўныя думкі, работа, бо трэба апраўдаць давер ды і грошы на жыццё зарабляць, хатняя гаспадарка, прычым немалая. Няма ў ім толькі месца для гарэлкі. І, як спадзяецца Галіна, ніколі тое, што было, не вернецца.
— Цяпер я дакладна ведаю: са сваімі праблемамі трэба вучыцца спраўляцца самастойна, не звяртаючыся за суцяшэннем да іншых. Выпіўка толькі прыгасіць усведамленне. Ты на нейкі час забудзеш пра сваю бяду, але ж яна застанецца і да яе паступова дабавяцца новыя праблемы. Трэба заўжды думаць пра сваіх блізкіх, сваіх дзяцей, уявіць, што можа чакаць іх. Тады іншыя праблемы здадуцца дробяззю,
Праўда, далёка не ўсе жыццёвыя праблемы Галіне ўдаецца вырашыць самастойна. Гэта парадокс нашага жыцця: калі бацькі п’юць, усе структуры імкнуцца прыйсці на дапамогу сям’і, а вось калі ў сям’і ўсё добра, калі бацькі працуюць — грамадства вырашае, што і з праблемамі яны павінны спраўляцца самастойна. Гэта і сапраўды так: мы зарабляем і павінны самі размяркоўваць бюджэт так, каб яго хапала на ўсё. Галіна стараецца зарабіць грошы, каб апрануць дзяцей, накарміць, а вось на тое, каб адрамантаваць старэнькі дом ці хоць аварыйную печ, сродкаў не мае. І дапамогі, хоць стукаецца ў розныя дзверы, пакуль дапрасіцца не можа. А гэтая дапамога і падтрымка грамадства ёй пакуль яшчэ вельмі патрэбны. Наперадзе зіма, і трое дзяцей, вядома, не будуць сядзець у холадзе. Вось гэта і непакоіць сёння маці.
— Калі ты не п’еш, — заўважае Галіна, — на ўсё адкрываюцца вочы. Ты заўважаеш дробязі, хвалюешся за будучыню, за сваю сям’ю, за дом. І гэта добра, бо ты адчуваеш, што жывеш…
Ад аўтара. Гэта цалкам рэальная гісторыя. З этычных меркаванняў мы не называем сапраўднае прозвішча гераіні, хоць Галіна была не супраць, каб яно з’явілася ў артыкуле. Яна ўпэўнена, калі яе споведзь дапаможа задумацца, пераасэнсаваць усё хоць аднаму чалавеку, які заблудзіўся ў жыцці, калі, прачытаўшы яе словы, хоць нехта таксама знойдзе сілы паверыць, што ўсё можна змяніць і пачаць новае жыццё, будзе ўжо вельмі добра.
Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано в «ГЧ» 25.09.2013 г.

Добавить комментарий


www.topobzor.info

1cs.com.ua/services/cleaning-pool/

eva-mebel.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!