Пад старшынствам Казіміра Лапіча прайшло чарговае пасяджэнне райвыканкама

Каб было цёпла
Па першым пытанні “Аб гатоўнасці народна-гаспадарчага комплексу раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд 2013-2014 года“ выступіў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргей Семянюк. Як адзначыў ён, была праведзена значная работа і выкананы ўвесь комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду аб’ектаў энергетычнай, газавай, дарожнай гаспадаркі, транспарту, сувязі, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. У межацяпляльны перыяд КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” правяло работы на аб’ектах кацельнай гаспадаркі, забеспячэння, каналізацыі, жыллёвага фонду. 22 жніўня былі падпісаны пашпарты гатоўнасці кацельных і цэнтральных цеплавых пунктаў. Падрыхтаваны аварыйны запас матэрыялаў для выканання рамонтных работ у ацяпляльны перыяд. Ва ўстановах аховы здароўя, адукацыі, а таксама ў КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” створаны неабходныя запасы паліва. Значная работа праведзена ва ўстановах адукацыі, дзе прамыты цепласістэмы, зроблена рэвізія запорнай арматуры. Прайшлі праверку і ўстаноўлены ўсе прыборы спажывання цеплавой энергіі, манометры, тэрмометры. Усе кацельныя працуюць на мясцовых відах паліва. Для захоўвання дроў і торфабрыкету абуладкаваны павеці і склады. Падрыхтаваліся да зімы, што пацвярджалі іх кіраўнікі, і ўстановы аховы здароўя, гандлю, культуры. Асобная размова ішла пра аб’екты сельскай гаспадаркі, дзе яшчэ ёсць нямала праблем. Вырашыць іх даручана кіраўнікам арганізацый аграпрамысловага комплексу ў кароткі час.

Інвестыцыі ў дэфіцыце
З інфармацыяй “Аб інвес­тыцыйнай дзейнасці ў Маларыцкім раёне” выступіў намеснік старшыні райвыканкама Эдуард Кандзярэшка. За студзень-ліпень 2013 года, як гаварыў ён, у цэлым па раёне асвоена 230,9 мільярда рублёў інвестыцый. Тэмп росту да адпаведнага перыяду мінулага года склаў 74%. На прадпрыемствах камунальнай формы ўласнасці на развіццё рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы накіравана 53,9 мільярда рублёў. Асваенне інвестыцый сельгаспрадпрыемствамі раёна склала 72,4 мільярда рублёў, а гэта 107,6 % да ўзроўню адпаведнага перыяду мінулага года. Аб’ём прыцягнення замежных інвестыцый за 8 месяцаў склаў 22,1 тысячы долараў ЗША. Выконваецца, як адзначалася ў выступленні, заданне па будаўніцтву і ўводу на тэрыторыі раёна аб’ектаў жылля. З пачатку года інвестыцыі ў будаўніцтва жылых дамоў склалі 52,5 мільярда рублёў. Уведзена ў эксплуатацыю 9,5 тысячы кв. метраў жылля пры даведзеным заданні ў 17 тысяч кв. метраў. Нізкія тэмпы асваення інвестыцый у ААТ “Маларыцкі КАСК”, ДзЛГУ “Маларыцкі лясгас”, філіял РММ ДзуВП “Брэст­водбуд” і ДзУБП “Маларыцкая ПМК-20”, СВК “Хаціслаўскі”, “Дарапеевічы”, “Чырвоны партызан” і ПП “Савушкіна”. У сувязі з уводам санкцый Еўрасаюза ў адносінах прадпрыемства “КварцМелПрам”, якое рэалізуе інвестпраект “Комплекснае асваенне радовішча “Хаціслаўскае”, не ўведзены ў пэўныя тэрміны заводы па вытворчасці газасілікатных блокаў і вытворчасці вапны і тонкадысперснага мелу, а таксама спынена паступленне прамых замежных інвестыцый па рэалізацыі гэтага праекту. Перанос тэрмінаў рэалізацыі праекта паўплываў на тое, што даведзенае на гэты год заданне па тэмпах росту інвестыцый у цэлым па раёне па папярэдніх дадзеных, як адзначыў Эдуард Пятровіч, выканана не будзе.
У час абмеркавання пытання асноўная ўвага была звернута на задачу мадэрнізацыі вытворчасці. Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый раёна было даручана ў тэрмін да 1 кастрычніка распрацаваць і падаць у аддзел эканомікі райвыканкама інвестыцыйныя прапановы па стварэнні новых і развіцці дзеючых вытворчасцей, з улікам спецыфікі работы прадпрыемства, для далейшай прапановы іх замежным інвестарам.

Каб “хуткая” прыходзіла хутка
Па трэцім пытанні “Аб эфектыўнасці работы службы хуткай медыцынскай дапамогі і прымаемых мерах па паляпшэнні стану яе матэрыяльна-тэхнічнай базы” выступіў галоўны ўрач цэнтральнай райбальніцы Пётр Селівонік. Сацыяльны стандарт забяспечанасці брыгадамі хуткай медыцынскай дапамогі, адзначыў ён, у раёне выконваецца. Штат службы хуткай дапамогі складаецца са стаўкі ўрача, 12,5 стаўкі фельчараў выязной брыгады, 4,5 стаўкі фельчараў па прыёму выклікаў, 10 ставак вадзіцеляў. Укамплектаванасць фельчарамі выязной брыгады складае 80%. Акрамя таго ёсць рэальная неабходнасць укамплектаваць брыгады яшчэ адным фельчарам, што дапаможа палепшыць якасць экстраннай дапамогі хворым. Але для такога ўкамплектавання брыгад патрэбны спецыялісты, на якіх можна разлічваць толькі ў жніўні наступнага года.
Летась брыгады “хуткай” зрабілі 6698 выездаў. За першае паўгод­дзе г.г. было зарэгістравана 3482 выезды. Сутачная нагрузка на фельчарскую брыгаду складае 8,6 выклікаў. Пётр Міхайлавіч звярнуў увагу на тое, што нарматыў забяспечанасці аўтамабілямі хуткай медыцынскай дапамогі арганізацый аховы здароўя у цэлым па раёне не выкананы. А таму пытанне з набыццём аўтамабіля стаіць востра. Як і неабходнасць укаранення сістэмы спадарожнікавай навігацыі атамабіляў, якая будзе дазваляць праводзіць эфектыўны кантроль аператыўнасці работы брыгады. Пакуль у аказанні хуткай дапамогі садзейнічае аснашчэнне радыёстанцыямі “Матарола”, а таксама аўтаматычнымі сістэмамі кіравання, з дапамогай якіх праводзіцца камп’ютарная рэгістрацыя ўсіх выклікаў. За апошнія 5 гадоў, падкрэслівалася ў выступленні, значна палепшылася аснашчанасць хуткай медыцынскай дапамогі медыцынскім абсталяваннем. Для аказання дапамогі ёсць дыфібрылятары, апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, электракардыяграфіі і многае іншае. Адпавядае патрабаванням і лекавае забеспячэнне.
Хуткая дапамога, як выказваліся прысутныя пры абмеркаванні пытання, павінна сапраўды быць хуткай. А значыць, неабходна прымаць усе меры для ўкаранення сучасных тэхналогій, набыцця абсталявання і тэхнікі. Немалаважны і чалавечы фактар. Так, работнікі “хуткай” нярэдка сутыкаюцца з “безвыніковымі” выездамі, калі машына імчыцца на дапамогу, а аказваць яе няма каму. А кошт аднаго выкліку складае 234,8 тысячы рублёў. Гэта ўжо пытанне нашай агульнай беражлівасці і сумлення. Бо затрачаныя сродкі маглі б пайсці на своечасовае пераабсталяванне службы хуткай медыцынскай дапамогі.
Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано в «ГЧ» 25.09.2013 г.

Добавить комментарий


www.kompozit.ua

www.velotime.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!