У ААТ “Маларыцкая райаграпрамтэхніка” эфектыўна працуе цэх па вырабу металаканструкцый

Некалькі гадоў таму назад у ААТ “Маларыцкая райаграпрамтэхніка” адкрылі цэх па вырабу металаканструкцый. Гэта было зроблена з мэтай загрузіць вытворчасць, разам з тым не пакінуць без работы людзей, якіх трэба было скарачаць на пасадах з укараненнем аўтаматыкі на некаторых іншых участках таварыства. Працавалі тут спачатку толькі 2 чалавекі: слесар і зваршчык, але з цягам часу, калі прадукцыя цэха пайшла, як кажуць, на “ура”, двум чалавекам стала цяжка спраўляцца з вялікім аб’ёмам работ. Таму цэх папоўнілі яшчэ некалькімі спецыялістамі, і цяпер тут працуюць 6 чалавек: 3 зваршчыкі і 3 слесары.
Што ў цэху вырабляюць? Дзверы розных канструкцый, гаражныя вароты, стойлавыя рамы і інш. Усё яно запатрабаванае сельгасарганізацыямі і прадпрыемствамі нашага раёна, але найбольш хадавой з’яўляецца такая паслуга, як выраб кузаваў на прычэпы любой канструкцыі для перавозкі цюкаў. Цяпер існуе нават чарга на гэтую паслугу. Зрабіць заказ у цэху могуць і фізічныя асобы, у прыватнасці, заказаць для ўласных патрэб тыя ж металічныя дзверы, гаражныя вароты і інш.
Што прадукцыя новага цэха не залежваецца, па­цвярджаюць і лічбы. Калі за 8 месяцаў мінулага года цэх аказаў паслуг на суму 790 мільёнаў рублёў, дык за 8 месяцаў гэтага – на 1 мільярд 373 мільёны рублёў, рост склаў 173,8%.
З любоўю да справы адносяцца ўсе, хто ў цэху працуе. Адзін з іх — Віктар Сіжук. 20 гадоў налічвае яго працоўны стаж у райаграпрамтэхніцы. Быў заняты на розных работах, доўгі час працаваў на ўчастку ліцця пластмасы. У перыяды, калі там меншы аб’ём работ, ён ахвотна працуе ў цэху па вырабу металаканструкцый. Балазе, навучаць яго азам слясарных спраў не трэба.
Хутка асвоіў новую спецыяльнасць зваршчыка і малады спецыяліст Валерый Хамук. Яно і зразумела: працаваць абы-як у калектыве, дзе ўсе стараюцца, проста сорамна, таму і Валерый не падводзіць сваіх старэйшых калег. Да ўсяго, заработная плата кожнага залежыць ад выпрацоўкі. І логіка тут простая: хочаш зарабіць — старайся.
Ніколі не падводзяць калектыў і Іван Галавій, Мікалай Кулічык, якія таксама даўным-даўно прапісаліся ў райаграпрамтэхніцы.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Віктар СІЖУК і Валерый ХАМУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 25.09.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий