ДВАЙНАЯ ВЫГАДА АД ВАКЦЫНАЦЫІ

Медыкі сцвярджаюць, што найбольш аптымальным часам для вакцынацыі з’яўляюцца асеннія месяцы, бо на фарміраванне імунітэту супраць грыпу арганізмам затрачваецца ў сярэднім ад 2 да 4 тыдняў. Перад кожным з нас, хто турбуецца пра сваё здароўе, перыядычна паўстае пытанне: рабіць прышчэпку ці не? Многія гавораць пра пабочныя вынікі пасля яе, бяздоказна, але эмацыянальна. Фактычна ж зафіксавана, што 80-95 чалавек са 100, якія прайшлі вакцынацыю, не хварэюць на грып. Імунітэт супраць яго ў арганізме чалавека захоўваецца ад 6 месяцаў да аднаго года. Прыве­дзеныя лічбы не павінны пакідаць месца для сумнення. Таму няма неабходнасці ўздымаць пытанне: верыць афіцыйным дадзеным ці ўсё ж такі чуткам?
— Цяпер мы актыўна вакцыніруем медыцынскіх работнікаў, дзяцей і дарослых, якія стаяць на дыспансерным уліку з рознымі захворваннямі, людзей, якім 65 гадоў і больш, — кажа Ганна Саўчук, загадчыца аддзялення прафілактыкі райбальніцы. – Па стану на 19 верасня прышчэплена вакцынай супраць грыпу 3331 дарослы і 1024 – дзяцей. Кожны дзень гэтую працэдуру ў сярэднім праходзіць па 100 чалавек. Жыхары вёсак могуць зрабіць прышчэпку на ФАПах ці ва ўрачэбных амбулаторыях па месцы жыхарства.
Ганна Піліпаўна пад­крэсліла, што будзе закуплена ў агульнай колькасці для насельніцтва Маларытчыны 9197 доз вакцын, у тым ліку за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту – 6220, мясцовага — 1947, а астатнія – за кошт прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў. Плануецца, што поўнасцю вакцынацыя насельніцтва раёна ад грыпу завершыцца да 1 лістапада.
Між іншым, ніхто з нас ніколі не задумваецца, колькі грошай штогод траціць дзяржава на лячэнне хворых на грып. А гэта ў маштабах краіны мільярдныя сумы. Таму немалаважны і эканамічны эфект вакцынацыі: рубель, укладзены ў яе, несумненна акупіцца як здароўем усіх нас, так і з’эканомленымі грашыма для дзяржавы ў цэлым. А з’эканомленыя грошы дзяржава можа ўкласці ў новае абсталяванне, апаратуру для лячэбных устаноў, у тым ліку і нашых, маларыцкіх. Таму не сумнявайцеся ў двайной выгадзе ад вакцынацыі.
— Каб зрабіць прышчэпку, спачатку трэба звярнуцца ў рэгістратуру паліклінікі, — гаворыць Валянціна Алесік, медсястра. — Пасля неабходна зайсці ў кабінет № 315 (трэці паверх).Прышчэпкі для прафілактыкі грыпу нельга рабіць у час вострага захворвання або абвастрэння хранічнай хваробы. Давядзецца пачакаць, пакуль стан нармалізуецца. Рашэнне аб супрацьпаказаннях прымае ўрач пасля агляду і апытання пацыента. Мы чакаем пацыентаў з 8.00 да 20.00. Даведкі можна атрымаць у рабочы час, патэлефанаваўшы на нумар 3-01-86.
У барацьбе з грыпам дапаможа не толькі прышчэпка. Сілы арганізму таксама ўмацоўваюць свежая садавіна і агародніна, рэгулярныя заняткі спортам, прагулкі на свежым паветры, разумнае загартоўванне… Акрамя таго, трэба пазбягаць стрэсаў, стомленасці і прастуды. Надзейным прафілактычным сродкам супраць грыпу будуць і народныя сродкі.
***
Штогод прышчэпку ад грыпу абавязкова робіць і маларытчанін Віктар Асіпук. Ён вакцынацыю лічыць эфектыўным сродкам, які надзейна абараняе ад хваробы. Гэтай жа думкі прытрымліваецца і ўся сям’я Віктара Сцяпанавіча. Выбраўшы вольны час, мужчына прыйшоў у паліклініку, каб засцерагчы сябе ад грыпу – зрабіць вакцынапра-філактыку.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: медсястра Валянціна Алесік робіць прышчэпку ад грыпу Віктару Асіпуку.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 28.09.2013 г.

Добавить комментарий


http://pills24.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!