АДНА СЯМ’Я

У маладосці, калі мы поўныя энергіі і сіл, здаровыя, ніколі не думаем пра старасць. А яна ж абавязкова прыйдзе да кожнага з нас. Якой менавіта будзе, не ведаем, але бясспрэчна адно: старасць — не радасць. Яна робіць чалавека нямоглым, бездапаможным: не слухаюцца рукі, не бачаць вочы, падводзіць памяць. А жыць трэба. Многіх састарэлых у старасці забіраюць да сябе ў сем’і дарослыя дзеці. Але ж не ва ўсіх такі варыянт ёсць. А ў некаторых наогул няма сям’і, дзяцей. І застаюцца яны са сваімі бедамі, праблемамі, чакаюць, хто ж ад гэтых бед выратуе. На дапамогу прыходзіць дзяржава. Ёсць жа ў нас у рэспубліцы нямала дамоў-інтэрнатаў для адзінокіх састарэлых. А ў нас у раёне – Вялікарыцкая бальніца сястрынскага догляду. Усе 15 сацыяльных ложкаў у гэтай медустанове і сёлета заняты. 70% пацыентаў бальніцы – адзінокія, у 30% ёсць дзеці, але, на вялікі жаль, яны не ў стане даглядаць за нямоглымі бацькамі: нехта сам інвалід, нехта хранічны алкаголік, а нехта проста пераклаў свае турботы на плечы дзяржавы. Такіх хоць і мала, але ўсё ж ёсць.
Што і казаць, кожнаму з пацыентаў бальніцы казённы дом не заменіць родны і, вядома ж, яны сумуюць, чакаюць прыезду хоць каго-небудзь з родзічаў, калі такія ёсць. І ў той жа час вельмі рады, што аб іх паклапаціліся, іх пазбавілі шматлікіх бытавых праблем, з якімі самім не справіцца. Бабуль і дзядуль 4 разы ў дзень кормяць, яны спяць на чыстай бялізне, самі чыстыя і дагледжаныя, ім цяпло і ўтульна. У іх пад бокам – медработнікі, якія пастаянна сочаць за здароўем кожнага. Словам, у бальніцы створаны ўсе ўмовы, каб старэнькія бабулі і дзядулі (а ўзрост іх ад 80 да 100 год) нічым не былі абдзелены.
— Для гэтага мы тут і працуем, — удакладняе загадчыца бальніцы Галіна Іванаўна Палішчук.
Між іншым, і персанал у бальніцы падабраны адпаведны. Усе, ад загадчыцы Галіны Іванаўны Палішчук і да рабочага Васіля Сцяпанавіча Кухарчука, вадзіцеля Івана Іванавіча Дзевашука, – чулыя і добрыя людзі. Яны нават словам не пакрыўдзяць нікога з бабуль і дзядуль, наадварот, усяляк стараюцца падтрымаць іх маральна, напоўніць кожны дзень іх жыцця нечым добрым і прыемным: нехта проста па-даччынаму пашкадуе і прыгалубіць; нехта – хустачку завязаць дапаможа; нехта валасы прычэша; нехта – таблеткі неабходныя ў горадзе ў аптэцы купіць і прывязе; нехта добрую жыццёвую гісторыю раскажа. Глядзіш – і настрой у старых зусім іншы стаў: добры, а гэта значыць пацяплела ў іх на сэрцы ад увагі і клопату бліжняга.
Калі гаварыць пра персанал яшчэ, дык сама Галіна Іванаўна Палішчук у бальніцы працуе 27 год. Яна ўсё добра ведае пра кожнага з пацыентаў, з павагай адносіцца да іх мінулага і як дачка клапоціцца пра іх. А ў ліку яе абавязкаў не толькі афармленне ў бальніцу, але пры неабходнасці і ў іншыя сацыяльныя ўстановы. Галіна Іванаўна добра ведае стан здароўя сваіх падапечных, ведае іх родзічаў, пры неабходнасці звязваецца з імі па тэлефоне.
З 1976 года працуе ў бальніцы і дзяжурная медсястра Настасся Герасімаўна Астапук. Яна ўжо на пенсіі, але ў калектыве не адправілі Настассю Герасімаўну на заслужаны адпачынак, бо добра ведаюць, як яна ўмее знайсці падыход да кожнага з пацыентаў бальніцы. Не шкадуе добрых слоў, цяпла сваёй душы для іх і маладая дзяжурная медсястра Людміла Ардэмасава, якая працуе тут параўнальна нядаўна.
Роднымі сталі для пацыентаў бальніцы і санітаркі Таццяна Капля, Ганна Хвашчова, якія тут працуюць шмат гадоў.
Добрыя словы можна гаварыць і ў адрас іншых, хто ў бальніцы працуе і хто ўсяляк стараецца зрабіць больш разнастайным будзённае жыццё старэнькіх людзей, сагрэць іх сэрцы.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: адна вялікая сям’я персаналу Вялікарыцкай бальніцы сястрынскага догляду і пацыентаў.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 28.09.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


profvest.com

surrogacycmc.com

www.imagmagnetsns.ua