Край нашых клопатаў і любові

Маларыцкі раён утвораны 15 студзеня 1940 года. З таго часу актывізавалася работа па калектывізацыі сельскай гаспадаркі, была створана машынна-трактарная станцыя. У раёне пражывала тады 32,6 тысячы чалавек.

Але мірны ход жыцця спыніла Вялікая Айчынная вайна, якая сваім чорным крылом знішчыла разам з мірнымі жыхарамі такія населеныя пункты, як вёскі Боркі, Забалацце, Зялёныя Буды. Апошняя вёска так і не ўзнавілася. 20 ліпеня 1944 года раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Амаль у кожнай вёсцы помнікі, абеліскі, курганы напа­мінаюць, якія жорсткія баі ішлі на нашай тэрыторыі, якія пакуты выпалі на долю жыхароў Маларытчыны.

Пасля вайны завяршылася калектывізацыя, аднаўляліся разбураныя будынкі. У нашым раёне было знішчана 2320 жылых дамоў, тысячы гаспадарчых пабудоў. Мясцовыя ўлады аказвалі ўсялякую дапамогу вяскоўцам-забудоўшчыкам. Канец 40-ых, пачатак 50-ых гадоў мінулага стагоддзя адзначаны будаўніцтвам магазінаў, дзіцячага дома ў Маларыце, электрастанцыі, вапнавага завода, радыёвузла. У 1957 го­дзе ў в. Лукава прайшоў першы з’езд калгаснікаў раёна, на якім прысутнічала 327 дэлегатаў.

6 студзеня 1965 г. раён, тэрыторыя якога з 1962 г. уваходзіла ў састаў Брэсцкага, быў узноўлены ў цяперашніх граніцах. У тым жа го­дзе была створана міжкалгасная будаўнічая арганізацыя (цяперашняя ПМК-20), якая вяла будаўніцтва асноўных аб’ектаў на Маларытчыне. На месцы балот раскінуліся палі пасля праведзенай ПМК-8 меліярацыі. Адным са старэйшых прамысловых прадпрыемстваў з’яўляецца кансервавагароднінасушыльны камбінат, які пачаў будавацца ў 1952 годзе. Цяпер гэта сучаснае мадэрнізаванае прадпрыемства, якое выпускае дзіцячае харчаванне высокіх спажывецкіх якасцей. У год з канвеера сыходзіць 8 мільёнаў умоўных слоікаў кансерваў для дзяцей. А ўсяго камбінат вырабляе звыш 100 найменняў прадукцыі. У 1980-х гадах у раён пры­йшоў прыродны газ.

Цяпер побач з в. Хаціслаў, вакол якой ідзе распрацоўка мелавога і пясчанага кар’ера, вя­дзецца будаўніцтва трох заводаў па вытворчасці ячэістага бетону, сілікатнай цэглы, вапны і дысперснага мелу. Хаціслаўскае месцара­джэнне ўтрымлівае каля 500 мільёнаў тон высакаякасных карысных выкапняў – мелу, вапняку, пяскоў высокіх фракцый. Чысціня мелу тут – 96%, у той час, як іншыя дзеючыя ў Беларусі месцараджэнні выдаюць мел толькі трэцяга гатунку.

Рэдкую ў нашай краіне прадукцыю – хмель – вырошчвае сумеснае прадпрыемства “Бізон”. Да 40 тон “зялёнага золата” СП пастаўляе на ААТ “Брэсцкае піва”, “Лідскае піва”, “Крыніца”, іншыя піўкамбінаты. Хмельнікі тут плануюць пашырыць да 100 гектараў. Паступова развіваецца і беларуска-расійскае прадпрыемства “Раскорм”.

Асноўная ж прадукцыя, выпускаемая ў рэгіёне, – прадукцыя сяла. СВК раёна спецыялізуюцца на вытворчасці мяса, малака, зерневых і кармавых культур. Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Савушкіна”, філіял ААТ “Савушкін прадукт” – стала школай перадавога вопыту вытворчасці малака. Тут пабудавана першая ў раёне па еўрапейскіх стандартах ферма, дзе ўкаранёны сучасныя тэхналогіі. Штодзённа гэтае прадпрыемства атрымлівае і рэалізуе звыш 30 тон малака. Сучасныя фермы будуюцца ў СВК “Хаціслаўскі”, “Чырвоны партызан”, “Дарапеевічы”. Гонар раёна – асноўная будаўнічая арганізацыя – ПМК-20, у якой працуе звыш 500 чалавек. Летась яе сіламі ўзведзена 19 тысяч квадратных метраў жылля, сёлета будзе пабудавана – 23 тысячы.

Маларыцкі раён – гэта багатая гістарычная і культурная спадчына. На тэрыторыі нашага невялікага раёна больш за 100 помнікаў гісторыі і культуры. Ансамблі народнай песні “Рыцкі куфэрак”, “Чарняначка”, ансамбль песні і музыкі “Хаціславяне”, аркестр народных інструментаў дзіцячай школы мастацтваў, хор ветэранаў ГДК удастоены звання «народны». Развіваюцца экатурызм, спорт. Візітнай карткай Маларыты стаў міжнародны марафон, які існуе вось ужо трэцяе дзесяцігоддзе і збірае аматараў бегу з розных краін.

Для кожнага, каго лёс звязаў з Маларытчынай, 70-годдзе яе – не проста святочная дата. У ёй адлюстраваны няпросты шлях, напоўнены шматлікімі выпрабаваннямі на трываласць і здольнасць да таго, каб кожны новы дзень напаўняць добрымі справамі на карысць роднай зямлі, а яшчэ – клопат пра будучыню, імкненне ісці ў нагу з часам, авалодваць новымі тэхналогіямі ва ўсіх галінах жыццядзейнасці, упэўненасць у заўтрашнім дні.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


Велосипед DiamondBack

profvest.com

www.farm-pump-ua.com/tamoksimed.html