Сытны маларыцкі хлеб

у суткі ў сярэднім на хлебазаводзе яго выпякаюць 25 найменняў агульнай колькасцю 6 тон
У кожнага з нас свой лад і стыль жыцця, густ, свае перавагі ў харчаванні. Тычыцца гэта найперш хлеба. Задаволіць пакупніцкі попыт і нават прадбачыць яго зменлівы характар — справа вытворцаў. Таму ў асартыменце на паліцах гандлёвых кропак цяпер можна знайсці многа розных назваў і гатункаў хлеба. Жытні і пшанічны, элітны і дыетычны, фармавы і подавы, заварны і прафілактыч­ны,бездражджавы і з выкарыстаннем розных дамешак… Выпечаны ў Брэсце, Кобрыне… А я колькі ўжо гадоў аддаю перавагу маларыцкай буханцы. Без хімічных дамешак, разрыхляльнікаў, на густой заквасцы, з выкарыстаннем чыстых малочных бактэрый і дражджэй, ёдаванай солі.Натуральны прадукт. А гэта ў нашы дні — вялікая рэдкасць. Ясі такі хлеб і яшчэ хочацца, бо ён духмяны, пышны, смачны, пульхны, апетытны. Дачка, калі ад’язджае на вучобу, кожны раз з сабою таксама абавязкова бярэ маларыцкі хлеб, бо ён для яе – самы смачны, узорны. Напэўна, невыпадкова, што ў скарбонцы Маларыцкага хлебазавода ёсць дыпломы за ўдзел у аглядах-конкурсах хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў.
— Ва ўмовах канкурэнцыі вялікую ролю адыгрывае якасць прадукцыі, — кажа Міраслава Ляшкевіч, намеснік старшыні райспажыўтаварыства. — Мы пастаянна працуем над яе павышэннем, імкнемся ісці ў нагу з часам, укараняем па магчымасці новыя тэхналогіі, абнаўляем асартымент хлебабулачных вырабаў, прапануем нешта новае, але не забываем і пра гатункі, якія карыстаюцца попытам у насельніцтва. З пачатку гэтага года, напрыклад,у вытворчасць укаранілі 11 новых відаў хлебабулачных вырабаў. На прадпрыемстве цяпер працуе 4 брыгады. За суткі ў сярэднім яны выпякаюць 25 найменняў агульнай колькасцю 6 тон: 4.700 — гэта жытнёва-пшанічны хлеб (чорны) і 1.300 — булачныя вырабы. Прычым 45% іх рэалізуецца за межамі раёна.
Па словах Міраславы Мікалаеўны, за месяц завод ў сярэднім выпякае 180 тон хлебабулачных вырабаў, з іх 20 — ва ўпакоўцы. На прадпрыемстве таксама ёсць 2 упаковачныя і рэзальная машыны. Штодзень 8 машын развозіць хлеб па графіку ў населеныя пункты.
— Мы лічым, — гаворыць Міраслава Ляшкевіч, — што і жыхары аддаленых ад райцэнтра населеных пунктаў не павінны быць ні ў чым абдзелены. Таму пытанне асартыменту мы пастаянна трымаем на кантролі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: пекар Алена Чыжэўская пераканана, што якасць і смак хлеба залежаць ад настрою, з якім ён вырабляецца.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 2.10.2013 г.

Сытны маларыцкі хлеб: 1 комментарий

Добавить комментарий


https://tokyozakka.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!