ПЕДАГОГІКА ПРЫЗВАННЯ

Мікалай Клебановіч у школе быў добрым вучнем і ў плане вучобы, і ў плане дысцыпліны. А такія, як правіла, мараць вучыцца далей, каб набыць жаданую прафесію. Мікалаю хацелася стаць настаўнікам. Тым больш, што многія з выкладчыкаў роднай Чарнянскай школы заражалі гэтай прафесіяй. Любіў Мікалай фізіку, лёгка давалася яму і матэматыка. І хоць настаўніцы Марыя Васільеўна Страйчук і Людміла Фёдараўна Апановіч былі вельмі строгімі і патрабавальнымі, Мікалаю гэта не адбівала ахвоты добра вучыцца, наадварот, падштурхоўвала да больш глыбокага вывучэння фізікі і матэматыкі, паступлення ў ВНУ на фізіка-матэматычны факультэт. Так і выйшла. Мікалай паступіў у Брэсцкі педуніверсітэт, каб набыць прафесію настаўніка. Закончыў яго і быў размеркаваны ў Маларыцкі райаддзел адукацыі. Але ж забралі на год у армію. У пагранвойскі. Мікалай служыў добра, і камандаванне часці прапаноўвала яму застацца служыць па кантракту далей. Запрашалі яго на службу і ў органы міліцыі. Але Мікалай не прымаў такія прапановы, ён быў перакананы, што гэта не яго. Яму падабалася школа. А тут і выпадак добры надарыўся: першая настаўніца Мікалая, цяпер дырэктар Лукаўскай сярэдняй школы Тамара Мікалаеўна Сцепанюк, даведаўшыся, што Мікалай Клебановіч — дыпламаваны спецыяліст, шукае месца работы, прапанавала яму працаваць у Лукаўскай школе. Мікалай згадзіўся. З таго часу ў Лукаве і працуе. Балазе, і іншыя абставіны складваліся тут, як нельга лепш: у Лукаве Мікалай Клебановіч сустрэў сваё сапраўднае каханне, ажаніўся, нарадзіліся дзеткі (двое хлопчыкаў), і маладая сям’я, скарыстаўшыся льготным крэдытам ад дзяржавы, пачала будаваць свой дом. За справу ўзяўся сам Мікалай, бо рукі ў яго залатыя – гаспадарлівыя, умелыя, рос жа ў працавітай сям’і, і з маленства навучыўся ад бацькоў любую работу выконваць.
…Задаю Мікалаю Паўлавічу ўсяго некалькі пытанняў, звязаных з яго прафесіяй, чую шчырыя адказы і разумею, што ў сваім выбары ён сапраўды не памыліўся. А некаторыя яго прызнанні, меркаванні пераконваюць мяне, што гэта той настаўнік, якога дзеці шчыра паважаюць за адданасць прафесіі, за тое, што ўмее распазнаць здольнасці вучня, яго схільнасці, талент, што стараецца дапамагчы дзецям выбраць правільныя жыццёвыя маральныя арыенціры.
— Мы часта на класных гадзінах гутарым з дзецьмі на розныя тэмы, — расказвае Мікалай Паўлавіч. – Стараюся не абходзіць і вострыя, якія іх найбольш хвалююць. Я, скажам, не прытрымліваюся шкодных звычак, і мне больш проста даказаць ім, што здаровы лад жыцця толькі ўмацоўвае фізічны стан чалавека, а фізічная праца, а я вельмі люблю працаваць, яшчэ больш загартоўвае кожнага з нас.
Для Мікалая Клебановіча, як ён прызнаўся, самае галоўнае не тое, кім стануць яго выхаванцы, а якімі людзьмі будуць. Прыклад для пераймання — сам настаўнік, бо ў ім увасобіўся і высокі прафесіянал, і надзейны калега, сем’янін, і клапатлівы, чулы сын, шчыры брат, і проста прыстойны чалавек.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: настаўнік матэматыкі Лукаўскай сярэдняй школы Мікалай КЛЕБАНОВІЧ.

Опубликовано в «ГЧ» 5.10.2013 г.

Добавить комментарий


surrogacy in the uk

полив
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!