Трыумф у гонар чалавека

5 кастрычніка Маларыта прыгожа, ярка, масава і шумна адзначыла і правяла адначасова тры падзеі: Дзень горада, раённыя “Дажынкі-2013” і юбілейны, 30-ы, міжнародны марафон. Гэтаму паспрыяла і цудоўнае надвор’е. Усе мерапрыемствы былі аб’яднаны сімвалічным трыумфам у гонар чалавека, з любоўю да яго.
Папулярнасцю і нязменнай любоўю традыцыйна карыстаецца ў гараджан і гасцей райцэнтра асенні кірмаш. Так было і ў мінулую суботу. Многія загадзя накіраваліся на вуліцы Паўднёвая і Каштанавая, дзе быў запланаваны продаж сельскагаспадарчай прадукцыі, каб заняць чаргу. Багаты выбар таго, што вырасла на палях раёна, прапаноўвалі многія СВК. Маларытчане актыўна закуплялі буракі, моркву, капусту, цыбулю, часнок, памідоры, зерне…Аднак найбольшыя чэргі назіраліся там, дзе прадавалі бульбу.
На вуліцах Савецкая і Паркавая, якія на час правя­дзення мерапрыемства сталі пешаходнымі зонамі, таксама было ажыўлена. Гандаль пачаўся нават намнога раней, чым запланавана было. Пераважная колькасць палатак належыла Маларыцкаму райспажыўтаварыству. Гандлёвыя кропкі прапаноўвалі пакупнікам адзенне, абутак, мясныя, малочныя і хлебабулачныя вырабы ў асартыменце. Вялікім попытам карысталіся і саджанцы.
На пляцоўцы перад ГДК установы адукацыі горада разгарнулі выставу-продаж таго, што створана рукамі вучняў, педагогаў, супрацоўнікаў і іх фантазіяй. Тут можна было набыць шмат чаго неабходнага, карыснага, патрэбнага. Школьная прадукцыя ўласнай вытворчасці карысталася попытам. “І танна, і якасна, і прыгожа зроблена”,- так казалі тыя, хто нешта набываў тут.
Не забылі арганізатары свята і пра юных гара­джан. Для іх былі прадугледжаны розныя цікавыя забавы.
У цэнтры горада свае паслугі прапаноўвалі шматлікія “бістро”.
* * *
…На гарадской плошчы аформлена сцэна для асноўнай часткі свята і ўрачыстага яго адкрыцця. Менавіта сюды да 9.00 урачыстым шэсцем пад гукі духавога аркестра накіроўваецца святочная калона. У ёй крочаць лепшыя прадстаўнікі СВК, іх кіраўнікі, а таксама героі жніва гэтага года. Наперадзе калоны – ансамбль барабаншчыц СШ №1 пад кіраўніцтвам Міхаіла Паўлючыка. На плошчы, пасля пастраення, пачынаецца ўрачыстае адкрыццё Дня горада, раённых дажынак і юбілейнага марафона. На сцэне – кіраўнікі раёна, госці. Да прысутных з прывітальным словам звяртаецца Казімір Лапіч, старшыня райвыканкама.
— Сёння галоўнай па­дзеяй фестывалю-кірмашу з’яўляецца ўганароўванне герояў жніва, — сказаў Казімір Віктаравіч, — якія сваімі рукамі, майстэрствам, самаадданай працай здабываюць беларускае золата, імя якому – хлеб. Вялікі дзякуй усім за дасягнутыя вынікі, вашу штодзённую нялёгкую працу, пастаяную гатоўнасць вырашаць пастаўленыя задачы з поўнай аддачай.
Пад гукі Дзяржаўнага гімна права ўзняць Дзяржаўны флаг прадастаўляецца Васілю Юхімуку, старшыні СВК “Дарапеевічы”, і Вячаславу Тырко, старшаму камбайнеру прыватнага прадпрыемства “Савушкіна”. Затым слова даецца: Аляксею Трацюку, першаму намесніку старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама; Уладзіміру Найдзю, кіраўніку Шацкай раённай дзяржаўнай адміністрацыі Валынскай вобласці (Украіна); Леаніду Тараненку, алімпійскаму чэмпіёну 1980г. Леанід Аркадзьевіч уручыў старшыні райвыканкама Алімпійскі сцяг.
* * *
Агонь 30-га Маларыцкага міжнароднага мара­фона запальвае Іван Лук’ян­чук, сярэбраны прызёр рэспубліканскіх спаборніц­тваў па лёгкай атлетыцы. Праграма спаборніцтваў прадугледж­вала забегі на розныя дыстанцыі ў розных узроставых катэгорыях.
— Да нас памерацца сіламі прыехала 562 спартсмены не толькі з Беларусі, але і Расіі, Украіны, Польшчы і Літвы, — кажа Генадзь Германюк, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. – Прызавы грашовы фонд сёлета складае амаль 24 мільёны рублёў. Сярод бегуноў ёсць тыя, што ўдзел у спартыўным мерапрыемстве прымаюць не першы год.
Таццяна Свірыда, галоўны суддзя Маларыцкага міжнароднага марафона, паведаміла, што ў 15-ы раз на спаборніцтвы прыехаў Мікалай Несцярэнка (г.Львоў, 1934 г.н.). Свае сілы сёлета ён спрабаваў на дыстанцыі 10 км. У 14-ы раз у марафоне ўдзельнічала і Вольга Сірэнко, старшыня грамадскага аб’яднання “Клуб аматараў бегу “Аматар” (г.Мінск).
— Я марафонец са стажам, — гаворыць Вольга Іосіфаўна. – На марафонскай дыстанцыі ўдзельнічала больш за 20 разоў, у Маларыце – толькі 5. Акрамя таго, у маім актыве і 3 звышмарафоны. Вось і цяпер зноў прыехала ў любімы горад. Гэтай сустрэчы чакала ўвесь год. Сілы сёння спрабавала на дыстанцыі 10 км. Хацелася б і больш прабегчы, але не дазваляе здароўе. Я не прафесійная спартсменка, а аматар. 42 гады працавала на аўтамабільным заводзе. Бег на “доўгія” дыстанцыі – гэта маё своеасаблівае хобі. Ім захапілася пасля 45 гадоў.
— Чаму з году ў год прыязджаеце ў Маларыту?
— Яна прыцягвае. Тут, мне здаецца, застаўся кавалачак камунізму (смяецца). Прыгожы горад, выдатныя ўмовы створаны для ўсіх спартсменаў. Дзякуй кіраўніцтву раёна і арганізатарам гэтага спаборніцтва. На Маларыцкі марафон не паехаць і не прабегчы – грэх. Ад сустрэчы з вашым гарадком становіцца на сэрцы неяк па-асабліваму цёпла, прыемна, на душы адчуваеш нейкае заспакаенне. Сюды планую ездзіць да таго часу, пакуль будзе дазваляць здароўе.
* * *
Пасля абеду цэнтр святочнага дня перамясціўся на гарадскі стадыён. Спачатку тут адбылося паказальнае выступленне парашутыстаў, а пасля чарговы матч чэмпіянату вобласці па футболу паміж камандамі г. Маларыты і Камянецкага раёна. У праграме Дня горада быў прадугледжаны і канцэрт, які падрыхтавалі самадзейныя артысты Маларытчыны.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: моманты кірмашу і 30-га Міжнароднага маларыцкага марафона.
Фота аўтара і Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 9.10.2013 г. 

Трыумф у гонар чалавека: 1 комментарий

  • 13.10.2013 в 11:49 дп
    Permalink

    Как приятно было узнать о празднике в своем городе. Я в нем жил и учился в сороковые — пятидесятые годы, потом родители увезли меня на Украину.
    Благодаря Интернету я получил возможность узнавать новости из города детства, который не раз мне снился и в годы службы в армии, и в годы учебы в институте, и позже… Я пошел в школу в 1952 году. Мой папа служил на ЖД начальником станции и дежурным по станции.
    Теперь я живу в Вильнюсе. Я член Союза писателей России, выпустил несколько книг стихов. В Гугле можете найти немало ссылок на мои имя- фамилию.
    Интересно, жив ли кто из моих друзей, одноклассников.
    Был бы рад переписке с кем-нибудь из Малориты.
    С уважением,
    Георгий Почуев.

Добавить комментарий


здесь

Buy Decabol online in Canada
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!