Іграй, Пятровіч!

…І Мікалай Лапцеў, акампаніятар, бярэ баян у рукі, выходзіць на сцэну. Імгненне – і гучаць першыя акорды. Спачатку — ціха, як бы нясмела,сарамліва, паволі набліжаючыся здалёк да слухача, а пасля – гучней, званчэй, весялей. І вось прыгожай і меладычнай музыкай напаўняецца ўся зала. Становіцца зразумелым, што спяваць народны хор ветэранаў Маларыцкага ГДК будзе пра родную старонку, людзей, якія працуюць і жывуць на гэтай зямлі, пра клёкат буслоў і крык жураўліны, спеў салаўіны і шум лясоў у гаі. Здаецца, што ўсе слухаюць зачаравана, затаіўшы дыханне. Ствараецца ўражанне атмасферы нявыказанай прыгажосці, душэўнага заспакаення, суладдзя і гармоніі. Такое стварыць за лічаныя хвіліны можа толькі сапраўдны віртуоз, майстар-прафесіянал сваёй справы. Усё гэта можна смела аднесці да асобы Мікалая Пятровіча, які сваёй прафесіі аддаў 41 год жыцця.
— Мае бацькі не музыкі, — кажа Мікалай Лапцеў, — але былі надзелены прыродай добрым голасам і музычным слыхам. Вечарамі за ку­дзеляю маці часта душэўна выводзіла нямала народных песень. За сталом, калі збіралася кампанія і спявала, голас бацькі нельга было зблытаць з іншым. У спадчыну ад іх і атрымаў дар – любоў да народнай песні.
Мікалай Пятровіч рос у сям’і, дзе да песні ставіліся з павагай і пашанай. Таму іншага шляху, як стаць музыкам, у хлопца і не было. А Мікалай Лапцеў да другога і не імкнуўся. Ён цвёрда вырашыў, што стане гарманістам. Паспрыяла ажыццяўленню задуманага і старэйшая сястра Галя. Яна таксама вельмі любіла народную песню і пастаянна напявала сабе нейкія мелодыі. Але Галі хацелася спяваць пад музыку, так, як артысты на сцэне. У бацькі ж на гэта часу практычна не было. А жаданне было вялікім. Тады Галіна папрасіла Мікалая, каб той паспрабаваў падабраць мелодыю. Сястра, ні на што не спадзеючыся, спявала, а брат “рыпаў” на гармоніку. Але праз некаторы час адбылося сапраўднае дзіва: інтуітыўна націскаючы на клавішы, яму ўдалося падабраць патрэбную мелодыю. Галя была задаволена.
— У пятым класе я ўжо добра іграў на гармоніку, — успамінае Мікалай Лапцеў. – А ў сёмым класе засвоіў курс ігры на баяне. Усяму вучыўся сам. Хоць з нотнай граматай, здаецца, не вельмі сябраваў. Але пасля заканчэння васьмі класаў паехаў у Магілёўскае культасветвучылішча імя Н.Крупскай. Разумеў, што спецыяльная адукацыя мне неабходна для таго, каб стаць прафесійным музыкам.
Паступаць у навучальную ўстанову Мікалай Пятровіч з роднай вёскі Пекалічы Жлобінскага раёна паехаў не адзін. Кампанію яму склала дзяўчына, з якой разам вучыўся ў адной школе.
— Мне, самавучку, пасту­піць было цяжка, — гаворыць Мікалай Лапцеў. – Конкурс тады быў, помніцца, чатыры чалавекі на месца. Здавалася, што шанцаў не было ніякіх, бо практычна ўсе ўжо закончылі музычную школу. Перажываў, турбаваўся, але сыграў на ўступным экзамене так, што ўсе ў прыёмнай камісіі, калі змоўклі апошнія акорды, запляскалі ў далоні.
Хутка праляцелі гады вучобы. Яны былі напоўнены рэпетыцыямі, выступленнямі. З дыпломам “Кіраўнік самадзейнага тэатральнага калектыву” Мікалай Пятровіч у 1972 г. быў накіраваны на працу ў Маларыту на пасаду акампаніятара. Па атрыманай спецыяльнасці не працаваў ні дня. Праз год яго прызвалі на службу ў армію. Але і там юнак не жыў без музыкі, бо адразу быў залічаны ў духавы аркестр. Спачатку іграў на кларнеце, а пазней – на альце. Пасля заканчэння тэрміну службы вярнуўся ў Маларыту, на Гомельшчыну паехаць па пэўных прычынах не захацеў. Мікалай Лапцеў стаў метадыстам ДК. А ў 1976 г. у яго творчым лёсе адбыўся яшчэ адзін прафесійны ўзлёт.
— Мяне назначылі дырэктарам ГДК. На гэтай адказнай пасадзе адпрацаваў сумленна пяць гадоў, а потым звольніўся. Не змог. Адміністрацыйная работа звязвала па руках і нагах. А мне хацелася на сцэну, да гледачоў. Хацелася як можна часцей іграць для іх, іграць і радаваць сваёй музыкай. Душа сумавала па рэпетыцыях, выступленнях, творчых гастролях.
Мікалай Пятровіч апынуўся ў сваім звыклым асяроддзі. Сэрцам адчуў, што зноў знайшоў тое месца, дзе нават і дыхаецца лягчэй і вальней.
— Часта на баяне іграю і дома. Бываюць моманты, што неадольнае жаданне дакрануцца да любімага музычнага інструмента ўзнікае нават і вечарамі. Тады, каб нікому не перашкаджаць, разгортваю мяхі баяна. Ціха наігрываю любімыя мелодыі…
А што думаюць калегі пра Мікалая Лапцева?

Вольга Табачкоўская, мастацкі кіраўнік ГДК:
— Якая прыгажосць, якая духоўная сіла, моц і дабрыня зыходзяць ад яго ігры на баяне. Ад пачутага чалавек змяняецца ўнутрана, багацее душою, чэрпае аптымізм, бадзёрасць, радасць жыцця. Для гледачоў Мікалай Пятровіч часта з’яўляецца добрым суцяшальнікам, а часам і доктарам. Бывае, што ў мяне таксама няма настрою. Тады прашу ў яго:“Іграй, Пятровіч!” І ўсё станоўча змяняецца ў лічаныя хвіліны.

Вікторыя Ялова, дырэктар ГДК:
— Мікалай Пятровіч – чалавек таленавіты, асоба яркая і самабытная ў нашым ГДК.Ён выдатна іграе на 5 музычных інструментах, па памяці ведае амаль 500 мелодый народных песень. З ходу ў яго можа душэўна загучаць “Лявоніха”, “Кракавяк”, лезгінка, народная музыка рускіх, украінцаў, малдаван… Мікалай Пятровіч – чалавек адданы сваёй справе. Для народнага хору ветэранаў ён з’яўляецца незаменным. Мікалая Лапцева любяць за высокае выканаўчае майстэрства, прафесіяналізм. Пра такіх, як ён, кажуць: “На сваім месцы”. Пятровіч – чалавек надзвычай адказны ва ўсім, душа калектыву.
* * *
Нядаўна Мікалай Пятровіч адзначыў 60-гадовы юбілей. Няхай і ў далейшым любоў да музыкі, песень, любімай справы дапамагае жыць, радуе тых, хто побач, прыхільнікаў таленту Мікалая Пятровіча!
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Мікалай Лапцеў, акампаніятар ГДК.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 12.10.2013 г.

Добавить комментарий


форд модельный ряд

http://ukrterminal.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!