Сюрпрыз на колах для олтушскіх вучняў

Атрымліваць падарункі заўжды прыемна. А калі гэты падарунак нечаканы, ды яшчэ і вельмі патрэбны — прыемна ўдвайне. Сапраўдным сюрпрызам для вучняў Олтушскай СШ стаў новенькі прыгожы і камфартабельны аўтобус. Яго атрымаў наш раён па праграме “Школьны аўтобус” Банка развіцця Беларусі і перадаў самай вялікай сельскай школе, дзе набываюць веды 185 вучняў, 114 з якіх жывуць у суседніх з Олтушам вёсках і дабіраюцца на заняткі на школьным аўтобусе.
— Кожны ранак у сем гадзін школьны аўтобус адпраўляўся за школьнікамі ў вёскі Нікольская, Лазіца і Дворышча. За дзве гадзіны вадзіцелю даводзілася рабіць па пяць рэйсаў, прычым спяшацца, бо ў 9 гадзін, калі пачынаюцца заняткі, усе вучні павінны сесці за парты. Столькі ж рэйсаў рабіў аўтобус і ўвечары, каб даставіць хлопчыкаў і дзяўчынак дамоў. Вядома ж, гэта было нязручна, асабліва ранкам, бо дзецям, якія дабіраліся ў школу першымі рэйсамі, даводзілася рана збірацца на аўтобус, а потым доўга чакаць заняткаў. Але на новы аўтобус мы разлічвалі толькі праз некалькі гадоў, бо стары яшчэ не адслужыў свой час, — распавядала дырэктар Олтушскай школы Наталля Зезюкова.
…На ўрачыстай лінейцы сабраліся вучні і іх настаўнікі. Каб раздзяліць са школьнікамі радасць, да іх прыехалі і прыйшлі шматлікія госці — старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Лаўрэенка, старшыня Олтушскага сельвыканкама Адам Бідзюра, выконваючы абавязкі дырэктара прыватнага прадпрыемства “Савушкіна” Пётр Яцура.
— Гэта прыемна, што дзяржава надае значную ўвагу школе. І аддзякаваць краіне за такі клопат вучні павінны сваімі ведамі. Галоўная задача школьнікаў – вучыцца, каб быць падрыхтаванымі да жыцця, якое патрабуе сучасных ведаў і навыкаў. Вучоба – гэта поспех вашага будучага, — адзначыў, звяртаючыся да школьнікаў, кіраўнік раёна.
Аўтобус, як заўважыў Казімір Віктаравіч, — гэта дадатковы вучэбны клас. І каб служыў ён доўга, школьнікам трэба быць акуратнымі і беражлівымі. Тады з камфортам шмат гадоў вучні змогуць дабірацца ў школу, ездзіць на розныя экскурсіі.
Пад дружныя апладысменты школьнікаў Казімір Лапіч уручыў ключы ад новага аўтобуса, разлічанага на 22 пасадачныя месцы, вадзіцелю Віталю Алесіку, якому выпала магчымасць перасесці са старога “ПАЗа”, на якім за чатыры гады праехаў ужо шмат кіламетраў, на новую сучасную тэхніку.
Падзяку за тое, што цяпер дарога ў школу для дзяцей, якія жывуць у вёсках Нікольская, Лазіца і Дворышча, будзе камфортнай і хуткай, выказала ад усіх школьнікаў дзесяцікласніца Наталля Пявец.
— Было вельмі шкада, — прызнавалася яна, — маленькіх вучняў, якія, падняўшыся рана, каб паспець на аўтобус, засыналі ў дарозе. Цяпер, калі школьнікаў будуць падвозіць два аўтобусы, дастаўка дзяцей у школу зойме менш часу. А значыць будзе зручна ўсім.
Школьнікам, асабліва малодшым, вельмі хацелася адчуць сябе ў якасці пасажыраў. Па дазволу дарослых яны хутка занялі месцы ў салоне. І задаволеныя дружна пракрычалі: “Дзякуй!”.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: вадзіцель Віталь АЛЕСІК атрымлівае ключы ад новага аўтобуса з рук старшыні райвыканкама Казіміра ЛАПІЧА.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 16.10.2013 г. 

Добавить комментарий


www.designprof.com.ua

www.np.com.ua

Был найден мной нужный веб сайт с информацией про диван на кухню dekorde.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!