ВЫТВОРЧЫ ПРАГРЭС

Высокія патрабаванні да якасці малака, стратэгічнага тавару, які найбольш запатрабаваны не толькі на ўнутраным, але і на знешнім рынку, прымушаюць пастаянна ўдасканальваць тэхналогіі вытворчасці гэтага віду прадукцыі. Зразумела, што на старых фермах, якія будаваліся ў асноўным у 60-ыя гады, дабіцца такога практычна немагчыма. Таму нездарма Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка паставіў перад аграрыямі задачу пабудаваць у кожнай гаспадарцы хаця б па адной новай ферме з сучаснымі тэхналогіямі.
У нашым раёне такія фермы ёсць у некаторых гаспадарках. А там, дзе падобных збудаванняў не было, яны цяпер будуюцца.
Першая чарга новай малочнатаварнай фермы на 765 галоў з даільнай залай здадзена ў эксплуатацыю і ў СВК “Рыта”. Урачыстае адкрыццё аб’екта адбылося ў мінулую пятніцу. На яго сабраліся не толькі кіраўніцтва гаспадаркі, прадстаўнікі працоўнага калектыву, падрадчыкі і субпадрадчыкі, але і старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, начальнік райсельгасхарчу Валянцін Зайчук, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Сарока і іншыя адказныя асобы.
У сваім уступным слове Казімір Віктаравіч адзначыў, што такі сацыяльна значны аб’ект дазволіць гаспадарцы перайсці на новую тэхналогію вытворчасці малака. Гэта дадатковыя магутнасці для павелічэння вытворчасці жывёлагадоўчай прадук­цыі.
— Но­­вая тэхналогія, укаранёная на ферме, — гаварыў кіраўнік раёна, — патрабуе ад тых, хто на ферме працуе, акрамя добрасумленнасці, яшчэ і адукаванасці. Аператар, спецыяліст павінны добра ведаць, як працаваць з кожнай жывёлінай. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць аднаўленню статка, бо калі карова не дае прыплоду, ад яе вялікага малака не атрымаеш, а малако, як вядома, — гэта грошы гаспадаркі, ваша зарплата.
Казімір Віктаравіч выказаў надзею, што работнікі фермы, спецыялісты, кіраўніцтва гаспадаркі будуць старацца працаваць так, каб аддача была максімальнай.
Ён выка­заў таксама ўдзячнасць будаўнікам УП “Маларыцкая ПМК-20” на чале з начальнікам Уладзімірам Грышчуком, якія будавалі аб’ект, і прадстаўнікам кампаніі МК “Прамтэхніка”, якія манціравалі абсталяванне.
Першая чарга новай фермы, як сказаў старшыня СВК “Рыта” Іван Пастушак, — добры задзел для далейшай мадэрнізацыі ў жывёлагадоўчай галіне. Плануецца яшчэ здаць у строй памяшканне для ўтрымання цялушак на 140 галоў, цялятнік на 400 галоў, склады для сена, зерня і вагавую, добраўпарадкаваць дваровую тэрыторыю.
А на ферме, што ўступіла ў строй, ужо знаходзіцца на ўтрыманні 500 кароў. Іх будуць абслугоўваць пакуль 2-3 даяркі. Хаця жадаючых працаваць у новых умовах, удакладніла загадчыца фермы Ніна Літвінюк, нямала.
Зрабіўшы экскурсію па новай ферме, можна пераканацца, што тут створаны добрыя ўмовы не толькі для ўтрымання жывёлы. Укаранёная камп’ютарная сістэма дазваляе кантраляваць прадуктыўнасць кароў, тлустасць малака, яго шчыльнасць, якасць, фізічны стан жывёлы і іншыя фізіялагічныя працэсы. А дасканалае абсталяванне “Паралель-2х18”, вырабленае і зманціраванае кампаніяй МК “Прамтэхніка”, забяспечвае праграмную апрацоўку сістэмы ахалоджвання малака.
Цывілізаваныя ўмовы прадугледжаны і для тых, хто на ферме будзе працаваць. Тут ёсць і пакоі для бытавых патрэб, і душавыя, і раздзявальні, і інш.
Словам, як правільна заўважыў кіраўнік гаспадаркі Іван Пастушак, і ў Вялікарыце зрабілі значны скачок з ХІХ ў ХХІ стагоддзе.
Застаецца толькі спадзявацца, што ўкараненне новай тэхналогіі вытворчасці малака дапаможа гаспадарцы зарабляць вялікія грошы, якіх хопіць і на пагашэнне крэдыту, выдзеленага дзяржавай на будаўніцтва фермы, і на дастойную заработную плату членам кааператыву, і на яго далейшае развіццё.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: экскурсія па ферме; новыя памяшканні; у даільнай зале.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 19.10.2013 г.

Добавить комментарий


www.np.com.ua

poliv.ua

http://kompozit.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!