Даігралася да майстра спорту

Аліна Васільева, наша зямлячка, стала майстрам спорту па футболу.
Аліна Віктараўна закончыла СШ №3 г.Маларыты, іграла за ЖФК “Жамчужына” (Брэст, зараз – “Вікторыя-86”), ФК “Універсітэт” (Мінск),з ліпеня 2011 г. – у складзе ЖФК “Мінск” (цэнтральны абаронца, ігравы нумар 11). Між іншым, ЖФК “Мінск” – гэта каманда вышэйшай лігі. Адначасова з 2006 г. яна з’яўляецца іграком нацыянальнай зборнай Беларусі па футболу.
— Сур’ёзна футболам захапілася ў 13 гадоў — кажа Аліна Васільева. – У тым, што я стала трэцім па ліку на Маларытчыне майстрам спорту па футболу сярод жанчын, вялікая заслуга Аляксандра Лядзінскага. Менавіта Аляксандр Сяргеевіч быў маім першым трэнерам, дзякуючы якому і пачалося нялёгкае ўзыходжанне на футбольны алімп.
— Аліна Віктараўна, Вы – асоба ўжо тытулаваная. Назавіце, калі ласка, найбольш значныя Вашы дасягненні ў футболе?
— На сённяшні дзень з’яўляюся трохразовым чэмпіёнам Беларусі, двухразовым бронзавым прызёрам чэмпіянату Беларусі, а таксама двухразовай уладальніцай Кубка Беларусі (2011 г. і 2013 г.).
— Нядаўна Вы вярнуліся з Англіі. З якой мэтай туды ездзілі?
— У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі ў рамках адборачнай кампаніі на чэмпіянат свету 2015 г. сярод жаночых каманд іграла супраць зборных каманд Англіі і Уэльса. 21 верасня ў г.Борнмутэ адбылася першая гульня Англія-Беларусь на стадыёне “Дзін Корт”, а 26 верасня – матч супраць зборнай Уэльса ў г.Кардыфэ на стадыёне “Кардыф Сіці”.
— Аліна Віктараўна, якія спартыўныя планы на будучае?
— Цяпер разам з камандай сур’ёз­на рыхтуемся да матчу са зборнай Чарнагорыі, які адбудзецца 26 кастрычніка на стадыёне ў г.Маладзечна.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Аліна Васільева, майстар спорту па футболу.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 23.10.2013 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!