РЭКОРДЫ ПРАЦАВІТАСЦІ

Восень смела можна назваць парой рэкордаў. Атрымаўшы джэк-пот «ціхага палявання», грыбнікі хваляцца сваімі трафеямі. Сёлетні рэкорд – баравік вагою ў 1 кілаграм 725 грамаў. Ёсць чым ганарыцца, сабраўшы з поля ўраджай, і аматарам-агароднікам. У каго бульба гіганцкая вырасла, у каго морква мудрагелістай формы, у каго сланечнік у два метры вымахаў, а ў каго гарбуз такі, што ўтраіх не падняць…
Пасля таго, як газета распавяла пра Ганну Васільеўну Алесік з вёскі Олтуш, якая ў свае 79 гадоў вырошчвае на прысядзібным участку кавуны і радуе імі сваякоў, у рэдакцыі пачалі раздавацца тэлефонныя званкі, многія жыхары раёна расказвалі аб сваім вопыце вырошчвання паўднёвай “ягадкі” (гэта яшчэ раз пацвярджае, што цеплалюбівая культура добра прызвычаілася да нашага клімату), прапаноўвалі паглядзець на вырашчаныя імі “ураджаіны”. Пабываць у кожнага карэспандэнты, вядома, не змаглі. Праўда, па адным з адрасоў усё ж адправіліся. Маларытчане Мікалай Уладзіміравіч і Галіна Васільеўна Шут выклікалі цікавасць тым, што з’яўляюцца вельмі стараннымі гаспадарамі. На іх участку ў 12 сотак размешчаны не толькі дом з гаспадарчымі пабудовамі. Тут хапае месца кветкам, гародніне, пладоваму кустоўю і садовым дрэвам. Прычым кожная сотка зямлі ў гаспадароў урадлівая, бо ўкладзены ў іх працавітасць і клопат рук.
— У нас усё добра расце: і бульба, і морква, і буракі, і нават кавуны. Апошнія сёлета вагой па 8 кілаграмаў і больш выраслі, – расказвае Мікалай Уладзіміравіч.
Вырошчваннем кавуноў заняліся гаспадары некалькі гадоў назад. Насенне бяруць са сваіх жа “ягадак”. І пераканаліся ўжо, што галоўнае своечасова пасеяць кавуны, вырасціць расаду і, калі пацяплее, ужо ў адкрыты грунт пасадзіць, тады і ўраджай будзе. Бо кавун 30 дзён расце, а потым два тыдні цукрыстасць набірае. Не спознішся – смачны салодкі кавун атрымаеш.
Кожны гаспадар, працуючы на зямлі, спадзяецца на аддачу. Але для таго, каб яе атрымаць, трэба прыкласці сілы, ахвяраваць часам. Праўда, калі зямля адчуе клопат, упэўнены Мікалай Уладзіміравіч, яна абавязкова аддзякуе. А таму на сваім участку ён стараецца ўсё рабіць своечасова: і зямлю апрацаваць, і пасадзіць усе культуры, і зелле “пера­магчы”,і ўбраць усё ў тэрмін, каб да Прачыстай уся гародніна ў засеках была. Сам ён нарадзіўся ў вёсцы на Міншчыне, з дзяцінства ведаў смак працы, таму, калі пасля адстаўкі былы ваенны прыехаў на радзіму жонкі, у Маларыту, ахвотна пацягнуўся да зямлі.
Чалавек, як лічыць Мікалай Уладзіміравіч, павінен умець правільна размяркоўваць сілы, садзіць столькі, колькі ён зможа якасна апрацаваць. Атрымаць сярэдні ўраджай, заўважае ён, — гэта ўжо добра, а калі ўраджай багаты – дык увогуле цудоў­на.
Адной з “паважаных” культур на ўчастку Мікалая Уладзіміравіча і Галіны Васільеўны з’яўляецца бульба. Гатункаў яе ў гаспадароў шмат – і «мікіта», і «фрэска», і «гала», і «ўладар». Сёлета з’явіўся новы гатунак, які з-за цікавай формы назвалі яны «бульба-банан». Праўда, адведаць бульбу новага гатунку і самім ацаніць яе смакавыя якасці гаспадарам пакуль не давялося.
А яшчэ двор сям’і Шут адметны сваімі кветкамі. З ранняй вясны, як толькі пачынае прыграваць сонейка, з-пад снегу паказваюцца падснежнікі, крокусы, затым вока радуюць гіяцынты, прымулы. Менавіта першацветам аддае Мікалай Уладзіміравіч перавагу, бо першыя кветкі найбольш радуюць вока, дастаўляюць сапраўдную радасць. І часцінку гэтай радасці, ідучы па вуліцы Кастрычніцкай, можа атрымаць кожны.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: ураджай радуе гаспадара Мікалая Шута.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 23.10.2013 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!