Быць кампетэнтным ва ўсіх пытаннях

У Хаціслаўскай СШ — новы дырэктар. З 14 кастрычніка ўстанову адукацыі ўзначаліла Алена Пархомава.
Анкета “ГЧ”
Прафесійны багаж:
Алена Уладзіміраўна закончыла СШ №1, а пасля атрымала дыплом Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Нямецкая мова”. Сваю працоўную дзейнасць пачынала настаўніцай нямецкай мовы ў Хмялёўскай базавай школе, затым непрацяглы час працавала ў Лукаўскай СШ, а з 1 верасня 1993г. – у СШ №1. Больш за 14 гадоў тут выкладала замежную мову. Потым працавала ў прафесійным ліцэі, раённым вучэбна-метадычным кабінеце. Апошнія 2 гады (да моманту назначэння на пасаду кіраўніка ўстановы адукацыі) была намеснікам дырэктара Збуражскага д/с-СШ.
У 2013 г. Алена Пархомава атрымала другую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці “Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, пазашкольнага выхавання і навучання” (кваліфікацыя – менеджар у сферы адукацыі).
Галоўныя якасці любога кіраўніка:
— Каб былі станоўчыя вынікі ў працы педагагічнага калектыву, неабходна ствараць адпаведную атмасферу для прадуктыўнай работы. А для гэтага кіраўнік павінен быць кампетэнтным ва ўсіх пытаннях жыццядзейнасці ўстановы адукацыі, камунікабельным. Пераканана, што ўзаемаадносіны неабходна будаваць на аснове даверу і ўзаемапавагі калег. Лічу, што таксама павінна быць і смеласць у прыняцці рашэнняў. Для мяне важным з’яўляецца ўменне ўважліва выслухаць субяседніка, яго прапановы. Таму ў жыцці прытрымліваюся прынцыпу: бачу, чую, разумею.
Думкі пасля першых дзён работы на новай пасадзе:
— Каб не ўпусціць за цякучкай самае галоўнае і важнае, не даць зацягнуць сябе дробнымі клопатамі, імкнуся па-новаму планаваць свой час, загадзя прадумваю, што неабходна зрабіць сёння, а што можна заўтра ці нават паслязаўтра. Пакуль што яшчэ знаёмлюся з калектывам. Аднак ужо сёння магу сказаць, што ён згуртаваны, дружны і ў ім шмат сапраўдных прафесіяналаў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Алена Пархомава, дырэктар Хаціслаўскай СШ.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 23.10.2013 г. 

Добавить комментарий


steroid-pharm.com

www.seotexts.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!