Багацце традыцый, абрадаў, промыслаў, мастацтва

прадэманстравалі на абласным туры рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур” яго удзельнікі.

У мінулую суботу, 19 каст­рычніка, Маларыта шчыра сустракала гасцей з усёй Брэстчыны. У райцэнтры ў другі раз адбыўся абласны тур рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур”, які праводзіўся галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама сумесна з Маларыцкім райвыканкамам і ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”. Праграма абласнога тура Х рэспубліканскага фестывалю была насычанай.Яна прадугледжвала некалькі цікавых мерапрыемстваў. На пляцоўцы перад ГДК разгарнулася выстава народнай творчасці. Умельцы з розных рэгіёнаў Брэстчыны дэманстравалі свае работы: тканыя, вышываныя, пашытыя, выразаныя з дрэва, сплеценыя з бісеру, зробленыя з паперы, саломы, лазы, іншага прыроднага матэрыялу. Тут жа прайшло свята нацыянальных страў “Куточкі талентаў і густаў”. Сваімі кулінарнымі шэдэўрамі здзіўлялі прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў Брэстчыны, якія прыехалі з Пружаншчыны, Піншчыны, Брэста… Аднак асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікаў “Украінскі шынок “Кумочкі”, які падрыхтавалі жыхары вёсак Олтуш, Арэхава, Ланская. Тут можна было адведаць некаторыя стравы ўкраінскай нацыянальнай кухні. Шмат жадаючых сабралася прадэгуставаць і галушкі, хатнюю каўбасу, варэнікі,армянскія лавашы, украінскае сала і боршч.
На прыступках ГДК ўвазе маларытчан і гасцей горада было прапанавана выступленне ўдзельнікаў абласнога агляду-конкурсу “Лепшы загадчык аўтаклуба”. На працягу амаль гадзіны сваімі нумарамі радавалі сама­дзейныя артысты з многіх куточкаў Брэстчыны.
Асноўнае дзеянне распачалося на сцэне Дома культуры. Тут прайшоў на “біс” заключны канцэрт абласнога тура Х рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур”. Урачыста адкрыла яго “Прывітальнай” выступленне народнага ансамбля народнай песні “Рыцкі куфэрак” (кіраўнік Анатоль Барысюк). З прывітальным словам да прысутных звярнуўся Сяргей Панасюк, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэа­лагічнай работы, культуры і па справах моладзі, начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама.
— Сённяшні фестываль, — адзначыў Сяргей Бары­савіч, – гэта сустрэча з культурнымі традыцыямі і дасягненнямі многіх нацыянальнасцей і народнасцей, якія пражываюць адзінай сям’ёй на тэрыторыі вобласці. Беларусь мае багатую спадчыну. Яна захавала не толькі сваю, але і прыняла культуру іншых народаў. На Брэстчыне пражываюць прадстаўнікі 89 нацыянальнасцей і на­роднасцей. Усе яны з’яў­ляюцца грамадзянамі Бе­ла­русі і маюць роўныя магчымасці рэалізоўваць свае духоўныя і культурныя запатрабаванні. Багацце і рознабаковасць культурных традыцый ва ўсім бляску дэманструе абласны тур рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур”. Гэтае мерапрыемства можна назваць своеасаблівай мадэллю міжнародных адносін. Сённяшняе свята дае магчымасць прадэманстраваць багацце самабытнага мастацтва, промыслаў, традыцый, абрадаў, уздзейнічаць на ўзаемаразуменне людзей, стварае ўмовы для захавання духоўных каштоўнасцей.“Суквецце культур” – крыніца для абагачэння кожнага з нас, своеасаблівы мост дружбы паміж народамі.
І хоць нумары выконваліся на розных мовах, аднак для разумення і ўспрыняцця сапраўднага мастацтва гэта не было перашкодай. Маларыцкіх гледачоў сваёй творчасцю эмацыянальна “запальвалі” прадстаўнікі 8 нацыянальнасцей, што пражываюць на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Прагу­чалі песні, танцы, папуры, найгрышы,выступленні чы­тальнікаў, якія ярка і самабытна, непаўторна адлюстроўвалі характар кожнай нацыянальнасці. Апладысментамі ўзнага­роджвала зала выступленні тых, хто прадстаўляў польскую, яўрэйскую, кабардзі­на-балкарскую, азербайджанскую, цыганскую культуру. Аднак на фестывалі найбольш прагучала нумароў на ўкраінскай і рускай мовах.
Маларытчыну на абласным этапе песеннага мастацтва прадставілі 2 калектывы. Гэта — сямейнае трыа Барысюкоў у складзе Аляксандра і яго дзяцей Аляксея і Сафіі, а таксама — вакальны ансамбль “Акалада” пад кіраўніцтвам Алены Жлукты. На суд гледачоў і журы яны вынеслі песні на ўкраінскай мове. Кампетэнтнаму журы, куды ўваходзілі вядомыя людзі краіны (Васіль Чэрнік, намеснік міністра культуры Беларусі; Міхаіл Дрынеўскі, старшыня журы, мастацкі кіраўнік ДзУ “Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча”, народны артыст; Валянціна Грышкевіч, намеснік дырэктара ДзУ “Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур”; Людміла Лебедзь, галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры; Святлана Гуткоў­ская, загадчыца кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, лаўрэат міжнародных конкурсаў; Яўген Рэутовіч, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, заслужаны дзеяч мастацтваў…), неабходна было амаль з 30 нумароў выбраць самыя лепшыя, яркія і непаўторныя для ўдзелу ў заключным туры фестывалю, які пройдзе ў Гродне.
— Што даюць такія фес­тывалі? – пацікавіўся карэспандэнт газеты ў Міхаіла Дрынеўскага, старшыні журы.
— Яны аб’ядноўваюць, — сказаў Міхаіл Паўлавіч. – Бо прадстаўнікі розных нацыянальнасцей жывуць побач адзін з другім, сябруюць, не адчуваюць сябе чужымі. А там, дзе ёсць сяброўства, ёсць мір, згода, суладдзе, радасць жыцця.
— Прадстаўнікі якой культуры сёння Вас здзівілі?
— Нельга камусьці ці чамусьці аддаць перавагу. Усе выступалі запамінальна. У кожнага народа свая самабытная песенная, танцавальная культура, кухня… Галоўнае, што ўсё робіцца ад душы, сардэчна. Людзей ніхто не прымушае. Гэтага хоча сам чалавек, ёсць нейкі ўнутраны покліч.
* * *
Васіль Чэрнік, намеснік міністра культуры Беларусі, і Сяргей Панасюк, намеснік начальніка галоўнага ўпраў­лення ідэалагічнай рабо­ты, культуры і па справах моладзі, начальнік упраў­лення культуры Брэсц­кага аблвыканкама, наведалі некаторыя аб’екты культуры Маларыты. Андрэй Гарбацэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, правёў азнаямляльную экскурсію па дзіцячай школе мастацтваў, раённай бібліятэцы, дзіця­чай бібліятэцы. Асаблівую цікавасць у Васіля Меча­слававіча выклікаў раённы Цэнтр народнай твор­часці. Разам з членамі журы намесніка міністра з хлебам-соллю сустракала тут Валянціна Струнец, яго дырэктар. А Сцепаніда Сцепанюк, народная майстрыха з в. Дарапеевічы, не толькі праспявала прыгожую прывітальную песню, але і правяла невялічкі майстар-клас па прадзен­ню льняных нітак з кудзелі. Васіль Чэрнік быў ўражаны маларыцкім строем адзення. У зале сучаснага мастацтва Валянціна Мікалаеўна расказала і паказала, чым цяпер займаецца раённы Цэнтр народнай творчасці. Затым гасцей запрасілі да стала, дзе былі прадстаўлены стравы беларускай нацыянальнай кухні. Так, як у нашых продкаў, усё знаходзілася ў гліняным посудзе, ляжалі драўляныя лыжкі, прапаноўваліся традыцыйныя напоі.
* * *
Свята атрымалася яркім, насычаным, каларытным, запамінальным і для маларытчан, і для гасцей.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: моманты правядзення абласнога тура Х рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 26.10.2013 г.

Добавить комментарий


www.steroid-pharm.com

np.com.ua

www.xn----7sbajornvhu8c.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!