ЯНА БАЧЫЦЬ СЭРЦАМ

Жыццё дае нам магчымасць сустракаць самых розных людзей: па ўзросту, па прафесіі, па сацыяльным становішчы, па характару і, безумоўна, па жыццёвай пазіцыі. Часам, пазнаёміўшыся з чалавекам, мы можам забыць яго ўжо на наступны дзень. Але бываюць і такія сустрэчы, калі, толькі некалькі хвілін паразмаўляўшы з новым знаёмым, хочацца сустрэцца з ім яшчэ не адзін раз. Менавіта так было і ў гэтым выпадку.
Лёс звёў мяне з цікавым і добрым чалавекам – Верай Сцяпанаўнай Косік. Гэтая жанчына ўжо з першых імгненняў уразіла мяне. Вера Сцяпанаўна – старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”, ды і сама мае другую групу інваліднасці. Але, гле­дзячы на жанчыну, нельга назваць яе інвалідам. Таму што гэта, у першую чаргу, актыўны чалавек, які ні хвілінкі не можа ся­дзець без справы. Сёння ў арганізацыі 88 чалавек, і ўсіх іх Вера Сцяпанаўна добра ведае. Тым больш ведае іх сем’і, родных, блізкіх, ведае іх праблемы, тое, чым яны жывуць. Вера Сцяпанаўна адносіцца да сваіх падапечных, нібы матуля да сваіх дзетак. Кожнага спытае, як справы, жыццё, сям’я. А яны ў сваю чаргу адкрыта расказваюць ёй аб самым асабістым і пяшчотна называюць: “Наша Вера”.
… У 1957 годзе ў вёсцы Ляхаўцы ў самай звычайнай сям’і на свет нарадзілася другая дачушка, якой далі імя Вера. Вера расла дзяўчынкай стараннай, руплівай і паслухмянай. Калі прыйшоў час ісці ў школу, выявілася, што дзяўчынка мае праблемы са зрокам, а таму ёй прапісалі насіць акуляры.
— Я і зараз дакладна памятаю той момант, калі ўпершыню надзела акуляры, — расказвае Вера Сцяпанаўна. — Было неяк нязручна і вельмі сорамна. Дарэчы, гэтае пачуццё я пранесла праз усё жыццё. Я ніколі не любіла, не люблю і зараз акуляры. А тады, маленькай дзяўчынкай, я іх вельмі саромелася. Прызнацца, і ў школе не ўсё было так гладка, як бы хацелася. Вучылася я нармальна, ды і любіла гэта, але ўзнікала праблема ў зносінах з аднагодкамі. На жаль, знаходзіліся такія, хто смяяўся надо мною, з таго, што я ў акулярах. Часта крыўдзілі, дрэнна называлі. Таму, калі маёй маме прапанавалі мяне аддаць у спецыяльную школу для дзетак са слабым зрокам, я сапраўды хацела туды пайсці вучыцца. Бо добра разумела, што там усе такія, як я. Але мама, напэўна, пабаялася мяне туды аддаць, і з часам я яе зразумела.
Як прызнаецца сама Вера Сцяпанаўна, яна заўсёды любіла чытаць, таму пасля заканчэння школы вырашыла паступаць вучыцца на бібліятэкара, але не прайшла па стану здароўя. Безумоўна, гэта не магло не засмуціць дзяўчыну, таму што так разбілася яе даўняя мара.
— У той час мяне вельмі добра падтрымалі бацькі і сястра, — гаворыць жанчына, — а таму я хутка зразумела: гэта зусім не самае страшнае, што можа здарыцца ў жыцці. Я засталася дома, у Ляхаўцах, разам з бацькамі. Дапамагала ім па гаспадарцы, шмат чытала, пісала апавяданні, якія нават у газеце друкавалі, а праз некаторы час захапілася і яшчэ адной цікавай справай – вышываннем. Таму сумаваць мне не было калі.
Ды і сапраўды, пагадзіцеся, галоўнае ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях не разгубіцца, не апускаць рукі, а знайсці для сябе занятак, цікавую справу, што і зрабіла Вера Сцяпанаўна. Але ўладкавацца на працу ў маладой дзяўчыны так і не атрымалася, таму што ўрачы згодна са станам здароўя выдавалі ёй спецыяльную медыцынскую даведку з надпісам: “Толькі лёгкая праца”. А якая можа быць лёгкая праца ў вёсцы?
Была ў дзяўчыны і яшчэ адна мара – стварыць уласную сям’ю. Таму калі малады хлопец Іван, што быў з суседняй вёскі Макраны, прапанаваў 19-гадовай Веры выйсці за яго замуж, яна пагадзілася. Спачатку маладая сям’я жыла ў Макранах , але пасля нараджэння дачушкі Людмілы пераехалі ў Ляхаўцы, дзе і пабудавалі ўласны дом.
— Шчыра прызнацца, для мяне сям’я, свой дом было вялікім шчасцем, — дзеліцца Вера Сцяпанаўна, — а таму я, як магла, берагла сваё шчасце. Ды і муж у мяне быў добры. Ён працаваў у мясцовым калгасе трактарыстам, я ж не працавала, выхоўвала дачку. Таксама мы заўсёды трымалі і вялікую гаспадарку, садзілі агарод, таму ў мяне было чым заняцца.
Так і ішло б у жыцці ўсё сваёй чаргой, калі б не здарылася бяда. У маладой жанчыны стала горш са зрокам. І ў 1983 годзе ёй у Брэсце зрабілі аперацыю, пасля якой Веры Сцяпанаўне адразу ж далі другую групу інваліднасці.
— Тады я была ў нейкім разгубленым стане, бо само слова “інваліднасць” мяне палохала, — прызнаецца жанчына, — не ведала, як буду жыць далей, але і тут я не засталася адна. Калі прыйшла ў Маларыце афармляць інваліднасць, то мне адразу ж расказалі аб такім грамадскім аб’яднанні, як “БелТІЗ”, але тады яно называлася па-іншаму. Я зацікавілася гэтым аб’яднаннем, тым больш, што ў нашым раёне ўжо дзейнічала пярвічная арганізацыя. Так, у 1984 годзе я атрымала членскі білет.
Праз некаторы час маладой, актыўнай жанчыне прапанавалі ўвайсці ў склад праўлення раённай арганізацыі. Асноўная задача, якая стаяла перад Верай Сцяпанаўнай, — куратарства па сельскай мясцовасці. З таго моманту жанчына ўжо і не ўяўляла сябе без гэтай дзейнасці. Таму, калі ў 1997 годзе ёй прапанавалі стаць старшынёй Маларыцкай раённай арганізацыі “БелТІЗ”, Вера Сцяпанаўна не адмовілася.
— Я добра разумела ўсю адказнасць і, безумоўна, мне было спачатку страшна, — расказвае жанчына, — але адмаўляцца не хацела. З таго часу і з’яўляюся старшынёй. У маёй працы, як і ў кожнай іншай, ёсць свае праблемы і цяжкасці, але я не шкадую, што пагадзілася 16 год назад узначаліць раённую арганізацыю, бо і цікавага шмат. Мы дастаткова часта сустракаемся, праводзім тэматычныя вечары, а галоўнае — маем магчымасць зносіцца. Інваліды такія ж людзі, як усе, і нам хочацца быць у курсе ўсяго.
Вера Сцяпанаўна шмат чаго яшчэ расказвала аб сваёй працы, дзейнасці “БелТІЗ”. Але больш за ўсё яна гаварыла аб сваіх падапечных. Аб тым, якія ў каго таленты, хто і чым захапляецца. Я нават раней і не думала, што адзін чалавек можа столькі ўсяго ведаць пра людзей, ды не проста ведаць, а жыць іх жыццём. Гэта пацвярджае і той факт, што ў 2006 годзе жанчына была прызнана заслужаным дзеячам “БелТІЗ” з уручэннем нагруднага знака за добрасумленную працу. Але зусім не гэта з’яўляецца галоўнай адзнакай годнай працы Веры Сцяпанаўны, а тое, як шчыра ставяцца да яе людзі. У гэтым я яшчэ раз упэўнілася, калі, гутарыўшы з Верай Сцяпанаўнай, назірала, як раз-пораз званіў яе тэлефон. Хто па справе тэлефанаваў, а хто, каб проста запытацца, як настрой, здароўе.
У канцы нашай размовы з Верай Сцяпанаўнай, спытала, ці лічыць яна сябе шчаслівым чалавекам, на што яна з усмешкай адказала: “Не толькі лічу, але і адчуваю сябе шчаслівай. У мяне ёсць дачка, унучка і ўнук, а галоўнае – я патрэбна людзям”.
Часта па жыцці мы ўсё спяшаемся кудысьці, шукаем немаведама чаго, пры гэтым не заўважа­ем простых яскравых момантаў. А мая субяседніца ўмее іх бачыць. Напрыклад, гэта яе кветачкі, з якімі яна размаўляе нібы з людзьмі, яе праца і кожны новы дзень, падораны нам Богам. Мне здаецца, многаму можна павучыцца ў Веры Сцяпанаўны, і я свой урок атрымала.
Анастасія Пархамук.
На здымку: Вера Сцяпанаўна Косік.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 30.10.2013 г.

Добавить комментарий


акумулятори Львів

www.medicaments-24.com/kamagra/kamagra-soft

www.farm-pump-ua.com/bold-200.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!