Заваявалі

158 ветэранам і вязням фашысцкай Германіі, якія жывуць у нашым раёне, напярэдадні важнай для кожнага з нас даты – 65-годдзя Вялікай Перамогі — былі ўручаны юбілейныя медалі. На ўрачыстае ўручэн­не памятных узнагарод, якое праходзіла ў СШ № 2, змаглі прыйсці далёка не ўсе ўдзельнікі і сведкі ваенных падзей. Час, адлічваючы гады, на жаль, бязлітасна забірае сілы, і многія, хто некалі адважна, са зброяй у руках, абараняў сваю Радзіму, ўжо не могуць сёння быць у цэнтры падзей. А той, хто прыйшоў, адчуў цеплыню гасціннага прыёму – настаўнікі і вучні шчыра віталі ветэранаў, дарылі ім кветкі, вершы, песні.
У школе, ак адзначыла ў прывітальным слове дырэктар СШ № 2 Любоў Куц, часта праводзяцца сустрэчы са знакамітымі людзьмі раёна. Сустракаць у сябе ветэранаў вайны, тых, хто адваяваў у ворага для будучых пакаленняў мірнае неба, — гэта вялікі гонар. І ад імя калектыву школы, і ад імя раённай арганізацыі грамадскага аб’­яд­нання “Белая Русь” Любоў Ва­сільеўна шчыра павіншавала ўсіх з надыхо­дзячым святам – Днём Перамогі, а ўдзельнікаў вайны з важнай падзеяй – атрыманнем юбілейнай узнагароды. Медалі ў гонар 65-годдзя Перамогі пад дружныя апладысменты школьнікаў з рук ваеннага камісара раёна Алега Шышацкага атрымалі Іван Емяльянавіч Шыцікаў, Мікалай Міхай­лавіч Трафімук, Фёдар Фёдаравіч Сацюк, Іван Мікітавіч Круглік, Аляксей Віктаравіч Крываблоцкі, Ганна Маркаўна Касцючык, Марыя Пятроўна Струк, Васіль Піліпавіч Маркаў і многія іншыя ветэраны вайны і вязні нямецкіх лагераў.
— З кожным годам ветэ­ранаў становіцца ўсё менш, але памяць жыве, і гэта могуць пацвердзіць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія сабраліся сёння, каб павіншаваць ветэранаў. Усе яны ведаюць пра вайну па расказах бацькоў, бабуль і дзядуль, па старых фотаздымках. І гэтая памяць будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне, — заўважыў, звяртаючыся да ветэранаў, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны.   
Гасцям урачыстай сустрэчы было дадзена права адкрыць алею ветэранаў. 65 елачак і 65 бярозак пасадзілі школьнікі  ў гонар  65-годдзя Вялікай Перамогі ля школьнага стадыёна. Гэтыя дрэвы будуць напамінам кожнаму новаму пакаленню школьнікаў пра вялікі подзвіг дзядоў і прадзедаў.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час урачыстага ўручэння юбілейных медалёў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


np.com.ua

www.shtory.ua

https://oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!