ВЁСКА НЕ ЦЕРПІЦЬ ПУСТАТЫ

Калі бываеш у маланаселеных вёсках, заўважаеш: дамоў, што пустуюць, там стала менш. І менавіта дзякуючы таму, што прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады праводзяць работу па выкананні патрабаванняў Указаў Прэзідэнта нашай рэспублікі №№ 70 і 100.
На гэтую тэму інтэрв’ю са старшынёй Макранскага сельвыканкама Барысам Самасюком:
— Барыс Раманавіч, якая работа праведзена ўжо ў Макранскім сельскім Савеце па ўстанаўленні пустых дамоў і прывядзенні іх у належны парадак?
— З 823 домаўладанняў, што налічваюцца ў сельсавеце, камісійна было выяўлена 310 пустых, ці 38%. У 2007 годзе ў рэгістр пустых дамоў было ўнесена 150. Цяпер рыхтуем дакументы, каб унесці ў рэгістр яшчэ 120 дамоў.
Рэгістр, як і патрабуецца, быў апублікаваны ў мясцовым друку. Усе 310 уладальнікаў і нашчадкаў дамоў атрымалі пісьмовыя паведамленні з сельвыканкама аб тым, каб пісьмова выказаліся, як збіраюцца выкарыстоўваць сваё жыллё. Давялося патраціць нямала дзяржаўных сродкаў, каб заплаціць за паслугі пошты, бо пісьмы-паведамленні трэба было адпраўляць не толькі ў беларускія гарады і вёскі, але і ў расійскія, украінскія.
Немалы аб’ём работы выкананы для ўстанаўлення месца жыхарства ўсіх 310 уладальнікаў дамоў і спадчынаатрымальнікаў. За дапамогай давялося звяртацца нават у органы ўнутраных спраў.
— Напэўна, усе 310 чалавек атрымалі паведамленні і як яны на іх адрэагавалі?
— Хто як. Па-рознаму. Некаторыя правільна зразумелі патрабаванні Указаў Прэзідэнта і пісьмова пацвердзілі, што будуць афармляць права на ўласнасць, некаторыя выказалі намер дамы разабраць, а з некаторымі давялося судзіцца.
— І якіх тут аказалася найбольш?
— На паўторнае выкарыстанне спадчыны аформілі дакументы 84 чалавекі, аформілі і ўступілі ў правы ўласніка 57, разабрана з добраахвотнай згоды 86 дамоў.
— Калі параўноўваць аграгарадкі “Макраны” і “Ляхаўцы”, дык першы нейкі больш прывабны, тут больш парадку, не кідаюцца ў вочы і старыя развалюхі-хаты. Гэтаму паспрыяў суб’ектыўны фактар?
— Пры абуладкаванні ў Макранах у 2010 годзе аграгарадка і пры будаўніцтве службовага жылля ў СВК “Макраны” ўсе новыя дамы ўзводзілі метадам ушчыльнення – на месцы разабраных старых дамоў, і сёння пустых дамоў у аграгарадку “Макраны” практычна няма. А вось у Ляхаўцах было не так. Праекціроўшчыкі і будаўнічыя арганізацыі патрабавалі адзіную будаўнічую пляцоўку, метад ушчыльнення тут не прымяняўся, таму Ляхаўцы па свайму знешняму выгляду намнога і ўступаюць Макранам.
— Барыс Раманавіч, які з населеных пунктаў, што знахо­дзяцца на тэрыторыі Макранскага сельсавета, сёння найбольш “пусты”?
— У Асавой 49 домаўладанняў, з іх 37 – пустых; у Старых Борках і Добрусаве – адпаведна 17 і 14, 15 і 7. Таму мяркуйце самі.
— Колькі дамоў згодна з рашэннем суда было адчужана і перададзена ў распараджэнне сельскага Савета?
— Адбылося 25 пасяджэнняў суда, практычна ўсе яны закончыліся прыняццем рашэння на карысць сельскага Савета. Шчыра пры­знаюся, што сама працэдура разбіральніцтва ў судзе не з прыемных. Большасць уладальнікаў дамоў і спадчынаатрымальнікаў на пасяджэнне суда не прыязджаюць, а тыя, хто прыязджае, адкрыта абураюцца, выказваюць незадавальненне дзеяннямі органаў мясцовай улады, райвыканкама, як выканаўцамі патрабаванняў Указаў Прэзідэнта.
І тым не менш, на пытанні старшыні суда: “Ці будзеце афармляць права ўласнасці і выкарыстоўваць дом па прызначэнні, прытрымліваючыся ўсіх санітарных нормаў і патрабаванняў?” грамадзяне адказваюць: “Не”.
— Барыс Раманавіч, Вы сказалі, што практычна ўсе дамы, якія адчужаліся ў судзе, рашэннем апошняга былі перададзены сельскаму Савету. А як тут імі распарадзіліся?
— Новы жыллёвы кодэкс даў нам больш паўнамоцтваў, і цяпер сельскаму Савету дэлегавана права самастойна прымаць рашэнні наконт далейшага лёсу дамоў. Мы, да прыкладу, усе такія дамы перадаем СВК для далейшага выкарыстання. Калі ў кааператыве прызнаюць, што дом непрыгодны для пражывання, яго разбіраюць. Калі ж у ім можна жыць, кіраўніцтва СВК яго некаму выдзяляе.
— Калі едзеш па невялікіх вёсках, нельга не заўважыць такі малюнак: пустыя дамы разабралі, а вось на ўчастках па-ранейшаму расце трава.
— Так, чалавек разабраў стары дом і, калі можна так сказаць, здаў свае паўнамоцтвы. І калі на месцы былога дома нічога не будаваць, сядзібы так і будуць недагледжанымі. Бо на добраўпарадкаванне нам не выдзяляюць сродкі.
Скажу шчыра: калі мы праводзілі работу па выяўленні пустых дамоў і прывядзенні іх у парадак, асабіста я настойліва патрабаваў ад усіх членаў камісіі закончыць яе ў 2013 годзе. Хаця ў перспектыве малюнак прагледж­ваецца не зусім аптымістычны. У нас вельмі неспрыяльная дэмаграфічная сітуацыя. Штогод памірае 60-70 чалавек, а нараджаецца 5-10. Значыць, і ў будучым пустымі дамамі вёскі нашага сельсавета будуць прырастаць. Бо калі чалавек на працягу 3 гадоў у доме не жыве, дом трэба залічваць у спіс пустых.
Мы ўносілі нямала прапаноў, каб спрасціць працэдуру адчужэння дамоў, але, на жаль, яна яшчэ больш ускладняецца. Аб’ём дакументаў павялічваецца, тэрміны падрыхтоўкі іх для падачы ў суд скарачаюцца. І мы не паспяваем укладвацца ў іх, бо работы сапраўды непачаты край.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: старшыня Макранскага сельвыканкама Барыс САМАСЮК.
Фота Мікалая НАВУМЧЫКА.

Опубликовано в «ГЧ» 2.11.2013 г.

Добавить комментарий


www.thailand-option.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!