“Без дабрыні і ў рэгістратуры ніяк нельга абысціся”

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і паліклініка – з рэгістратуры.
У адміністрацыі цэнтральнай райбальніцы адзначылі, што рэгістратура з’яўляецца важным структурным падраздзяленнем установы аховы здароўя па арганізацыі прыёму хворых у паліклініцы і дома. Задача медыцынскага рэгістратара — правільная арганізацыя прыёму пацыентаў. Ён першым сустракае хворага, гутарыць з ім, нешта раіць, падказвае. Таму медыцынскі рэгістратар павінен быць кампетэнтным у пытаннях “сартавання” хворых па медыцынскіх паказаннях. Гэта дае магчымасць правільна вырашаць пытанні рэгулявання патоку хворых.
Першае знаёмства наведвальнікаў з паліклінікай пачынаецца з рэгістратуры і з тых, хто тут працуе. Мне ў гэтым плане пашанцавала. Юлія Алесік, медыцынская сястра-рэгістратар, па той бок акенца сустрэла з усмешкай. Ветліва, тактоўна спыталася, што турбуе і да якога доктара хачу запісацца на прыём. Разам выбралі зручны для мяне час. Выдаўшы талон, Юлія Дзмітрыеўна напомніла, дзе размешчаны кабінет, яшчэ раз паўтарыла час прыёму.
* * *
У рэгістратуры паліклінікі практычна заўсёды ёсць чарга, бо людзей хворых шмат. — Кожны сюды прыходзіць са сваімі пытаннямі, хваробамі, — кажа Юлія Алесік. — А людзі розныя, таму і падыход да кожнага не можа быць стандартным, аднолькавым. Таму “дагадзіць” стараемся ўсім. А гэта справа не з лёгкіх.Без дабрыні ў рэгістратуры ніяк нельга абысціся. Мы імкнемся паважаць усіх, хто прыходзіць да нас. А гэта ў сярэднім 300-400 чалавек за дзень, бывае, што і больш. Самы “гарачы” ў нас перыяд у буднія дні з 7.30 і недзе да 11.00. Адначасова назіраецца гадзіна-пік і на двух нашых тэлефонах (іх нумары — 2-33-99 і 2-15-33). Бывае, што стамляюся. Але, нягледзячы на гэта, мне падабаецца працаваць рэгістратарам. Каб ад работы атрымліваць задавальненне, яе неабходна проста любіць.
* * *
Юлія Алесік меды­цынскім работнікам вырашыла стаць, як часта бывае, яшчэ ў дзяцінстве. Паспрыяла гэтаму бабуля Марыя Лобан, якая ўсё жыццё працавала медсястрой. Менавіта яна для Юліі Дзмітрыеўны і цяпер з’яўляецца не толькі ўзорам, прыкладам адносін да сваіх функцыянальных абавязкаў. Бабуля вучыла, бадай, самаму галоўнаму: паважліва ставіцца да кожнага чалавека, тым больш — хворага. Хоць, зрэшты, навучыць такому нельга. Для гэтага трэба, каб было вялікае сэрца, напоўненае незвычайнай любоўю.
— Я нарадзілася ў Гомельскай вобласці. На Маларытчыну з бацькамі пераехала ў 1990 г. Прычына змены месца жыхарства – аварыя на ЧАЭС. Апынуліся ў Олтушы. Тут я закончыла школу, а пасля паступіла вучыцца ў Мазырскае медыцынскае вучылішча. На першае месца працы прыехала ў Олтушскую ўчастковую бальніцу. У рэгістратуры райпаліклінікі — з 2007 года.
У Юліі Алесік муж Раман таксама медык. Да нядаўняга часу ён працаваў фельчарам хуткай медыцынскай дапамогі.
* * *
Што мяне яшчэ ўразіла? У рэгістратуры чыста, утульна, па-асабліваму неяк прыгожа. Медыцынскія карткі пацыентаў строга займаюць сваё адведзенае месца. Ці не заблытаецеся ў такой іх колькасці?
— Не. Каб знайсці тую ці іншую картку, трэба лічаныя секунды, — кажа Юлія Дзмітрыеўна. –У нас усё сістэматызавана. Цяпер для зручнасці інфармацыю заносім у камп’ютар. Вопыт прыходзіць з гадамі. Некаторыя маларытчане – частыя наведвальнікі паліклінікі. Таму дакладна ведаеш іх голас, нумары картак і нават на прыём да якога доктара чалавек будзе браць талон.
* * *
— Юлія Дзмітрыеўна — адукаваны, кваліфікаваны спецыяліст, — кажа пра сваю калегу Ірына Дзмітрук. – Яна – чалавек, які ніколі ні ў чым не адмовіць. Усе пра Юлію Алесік гавораць толькі станоўчае, добрае. Свае абавязкі яна выконвае добрасумленна, карыстаецца павагай і аўтарытэтам сярод калег. А да Дня медыцынскага работніка атрымала Пісьмо падзякі за добрасумленную працу. Я шчыра радуюся яе поспехам.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Юлія Алесік, медыцынская сястра-рэгістратар Маларыцкай ЦРБ.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 6.11.2013 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!