Партызан, франтавік, настаўнік

Івана Астапука, жыхара в. Высокае, мы сустрэлі на двары. Ён увішна завіхаўся па гаспадарцы. У руках мужчыны адчуваліся маладзецкая сіла і спрыт. Нягледзячы на тое, што былому партызану, байцу дзеючай арміі ў лютым споўнілася 85 гадоў. Ды і выглядаў наш суразмоўца малайцавата, па-армейску падцягнута. Адказаўшы на наш “Добры дзень!”, Іван Аляксандравіч стаў адразу гаварыць як са старымі знаёмымі, узважваючы кожнае слова. У яго размове адчувалася павага да субяседніка, шчырасць і нешта такое, што паланіла слухача з першых слоў.
— Вось вясна на дварэ, цёплыя дзянькі, час і тэрыторыю ў парадак прывесці, і пра будучы ўраджай падумаць-паклапаціцца. Не магу сядзець склаўшы рукі. Зямелька цягне да сябе, вабіць. Хто я без яе? Яна, наша карміцелька, таксама патрабуе ласкі і догляду. Чалавек без зямлі нішто, таму няма ёй цаны.
Да зямлі Іван Астапук прывязаны з маленства. Гэтаму яго, брата і сястру вучылі бацькі, у якіх было яе ва ўласнасці некалькі гектараў. Да вайны хлопец паспеў закончыць 2 класы польскай і 4 класы савецкай вячэрняй школы. Фашысцкая  навала ўварвалася ў мірнае жыццё нечакана. Вайна да вёскі дакацілася вельмі хутка. Іван Аляксандравіч добра памятае 22 чэрвеня 1941г. Быў сонечны дзень, выганялі кароў на ранкі. У 10.00 да статку на пашу пад’ехаў старшыня сельсавета і паведаміў пра тое, што Германія вераломна напала на Савецкі Саюз. Панікі не было. Былі невядомасць і нейкі страх. З пачатку вялікай трагедыі ўклад жыцця сям’і амаль не змяніўся. Потым, калі немцы акупіравалі Маларыцкі раён,  стала намнога цяжэй. Днём хаваліся ў лесе ва ўрочышчы  “Шапка”, на ноч прыходзілі ў свае хаты. Але гэта было вельмі небяспечна і рызыкоўна. Пазней захопнікі сталі адпраўляць людзей ў Германію. Ім патрабавалася дармовая рабочая сіла. Таму, каб не трапіць у рабства ў Нямеччыну, давялося зрывацца з наседжаных месцаў. Іншага выйсця не было. Іван, маючы за плячыма амаль 19 гадоў, ідзе ў партызаны. Трапіў бы ён туды і раней, але маці была супраць. Юнак спачатку апынуўся ў атрадзе імя Ліцвінава брыгады імя Флегантава. Разам з іншымі хадзіў на розныя заданні, у тым ліку падрываў і чыгунку на ўчастку Брэст-Маларыта.
З набліжэннем фронту партызаны злучыліся з часцямі Савецкай Арміі. Іван быў прызваны на тэрміновую службу Карасінскім ваенкаматам (цяпер – тэрыторыя Украіны). Спачатку юнак праходзіў службу ў 222-м запасным палку, а затым накіраваны ў 93-ці полк 160-й дывізіі 70-й арміі. Нарэшце збылася яго мара. Іван даўно хацеў са зброяй у руках адпомсціць ненавіснаму ворагу за родных і блізкіх, за сваю вёсачку, за мары, якім не наканавана было пакуль збыцца. Ён ірваўся ў бой. Неўзабаве жыццё твар у твар сутыкнула хлопца з ваеннай  рэальнасцю на полі змагання на Прыпяці каля горада Ратна. Гэтае сваё першае баявое хрышчэнне Іван Аляксандравіч памятае да сённяшняга дня дакладна і на дзіва дэталёва. Быццам бы і не мінула з таго часу столькі гадоў, быццам бы ён зараз  там, у акопе, і страляе. Страх бясследна знік у той момант. А час нібы спыніўся і застыў. Першы бой змяніў юнака, пераканаў, што жалю да ворага не павінна быць ніякага. Потым ён не адзін раз удзельнічаў у жорсткіх змаганнях на тэрыторыі Маларытчыны (часць, дзе служыў Астапук, дыслацыравалася ля Замшан). Затым фарсіраваў Заходні Буг, на працягу 17 дзён разам з саслужыўцамі спрабаваў “узяць” Варшаву. А 13 жніўня 1944г. атрымаў раненне ў нагу каля польскай вёскі Куры. Для лячэння адпраўляецца ў Рэчыцу. Пасля папраўкі зноў апынуўся на фронце пад Варшаваю. На гэты раз стралком-аўтаматчыкам у складзе 20-ай гвардзейскай механізаванай брыгады 1-ай танкавай арміі. Цяпер сябе ўжо стаў лічыць байцом вопытным. 14 студзеня 1945г. удзельнічаў у наступленні на Сандамірскім плацдарме.  Івану Аляксандравічу яшчэ давялося з вінтоўкай у руках пабываць ва Усходняй Прусіі, Памераніі, выйсці да Балтыйскага мора, удзельнічаць у баях на Зеелаўскіх вышынях, фарсіраваць раку Шпрэе і нават штурмаваць Берлін. Усё гэта беражліва захоўвае памяць Івана Астапука. Ваенныя ўспаміны жахлівыя, пакутлівыя, балючыя. Не дай, Бог,  такое перажыць нікому і ніколі. Асабліва тое, што давялося бачыць  маладому хлопцу 7 красавіка 1945 г. ля сцен Асвенцыма. Тут, на фабрыцы смерці, было сапраўднае пекла на зямлі. Адна толькі думка пра гэта смяротна апякае і цяпер…
Пасля заканчэння вайны Іван Астапук служыў у Цэнтральнай камендатуры Берліна. Дэмабілізаваўся з арміі толькі ў 1949 г. Вярнуўшыся ў родную вёску, стаў працаваць рахункаводам у калгасе “Чырвоны партызан”, потым – некаторы час паштальёнам у Лукаўскім аддзяленні сувязі. А з 1954 г. уладкаваўся  ў Высокаўскую сямігадовую (пазней – васьмігадовую) школу настаўнікам. 33 гады Іван Астапук выкладаў тут фізічную культуру, працу і чарчэнне. За гэты час закончыў Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, бо адчуваў, што для работы ў школе не хапае неабходных ведаў. Іван Аляксандравіч — чалавек просты, сціплы, непрыкметны. Але такіх настаўнікаў асабліва любяць вучні. Для высокаўскіх дзяцей ён стаў бясспрэчным аўтарытэтам. Да кожнага ўмеў падабраць ключык, якім лёгка і проста адкрываў  душы. Сэрца, аддадзенае дзецям, – гэта пра яго. Настаўнік давяраў заўжды дзецям, у любой сітуацыі, дзеці – яму. Ён лёгка і хутка ўваходзіў у давер вучняў, якія часта адкрывалі яму свае таямніцы і мары. На такое здатны толькі рэдкай душы чалавек.
-Мне давялося за сваё жыццё працаваць шмат кім,- разважае Іван Аляксандравіч,- але лічу сябе толькі стопрацэнтным настаўнікам. Хто працаваў з дзецьмі, ведае, што яны не даюць старэць душою. Настаўнік для сваіх вучняў – прыклад ва ўсім і заўсёды. Дзеці – самыя лепшыя і строгія суддзі. Яны ж і самыя чуйныя да ласкі, любові, спагады і фальшу, няшчырасці, падману. Таму педагог пастаянна павінен быць на вышыні, нават тады, калі ўжо і не выкладае ў школе.
У Івана Астапука многа розных узнагарод: медалёў, ордэнаў, грамат… Ваеннага і мірнага часу. Але найдаражэйшым і самым галоўным лічыць увагу да сябе з боку  ўлады. І мясцовы сельскі Савет памятае пра ветэрана, і мясцовая школа.
— Ад усведамлення сваёй патрэбнасці камусьці і жыць хочацца яшчэ, а на душы становіцца радасна і светла, — заключае Іван Аляксандравіч.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: старшы сяржант Іван Астапук.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Добавить комментарий


как стать суррогатной матерью

steroid.in.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!