СЭРЦА, ПАДЗЕЛЕНАЕ НА ЎСIХ

Яшчэ некалькі гадоў назад Людміла Сямёнаўна Бягеза з вёскі Гвозніца і не думала, што яна стане прыёмнай маці. Жанчына клапатліва выхоўвала сваіх траіх дзяцей. Калі старэйшыя — сын Аляксей і дачка Вікторыя — пайшлі ў самастойнае жыццё (ў Аляксея ўжо свая сям’я, ёсць дачушка, якой тры гады, Вікторыя набывае спецыяльнасць у каледжы), а ў доме застаўся толькі пяцігадовы Мікіта, Людміла Сямёнаўна пачала ўсё часцей разважаць аб тым, што яе малодшаму сыну вельмі сумна гадавацца ў адзіноце, без браціка ці сястрычкі.
— Мае старэйшыя дзеці заўжды былі разам – гулялі, дапамагалі адзін аднаму, ім было добра. Я бачыла, што Мікіту не хапае зносін, ён сумуе. Так з’явілася думка ўзяць дзіця з прытулку, — кажа Людміла Сямёнаўна.
Яна хацела, каб у доме з’явіўся яшчэ адзін хлопчык – равеснік Мікіты. І якраз такое дзіця знайшлося. Але Людмілу Сямёнаўну папярэдзілі, што ў Мішы, які трапіў у прытулак і бацькі якога былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, ёсць 11-гадовая сястрычка Вераніка, якая знаходзіцца ў тым жа прытулку. Жанчына некалькі дзён была ў пастаянных думках, ніяк не магла вырашыць, як ёй быць. Забіраць хлопчыка аднаго, без сястры, азначала нанесці яшчэ адну траўму дзяўчынцы. А забраць дваіх – гэта ўжо двайная адказнасць. “Што ж, няхай зноў будзе вялікая сям’я”, — у рэшце рэшт, вырашыла Людміла Сямёнаўна. Так і Мішка, і Вераніка ра­зам апынуліся ў яе доме. А сама Людміла Сямёнаўна разам з прафесіяй паштовага работніка набыла яшчэ адну прафесію – прыёмная маці.
Амаль што равеснікі Мікіта і Міша хутка знайшлі агульную мову. Адчуўшы атмасферу чысціні і ўтульнасці, ацаніўшы новыя ўмовы, зусім іншыя ў параўнанні з тымі, што былі ў доме яе родных бацькоў, хутка прызвычаілася да новага жыцця і Вераніка. Старэйшыя дзеці Людмілы Сямёнаўны зразумелі матулю і добра прынялі прыёмных браціка і сястрычку. І Аляксей, і Віка, калі едуць дамоў, вязуць ім розныя гасцінцы, падарункі.
— Міша і Вераніка – дзеткі вельмі добрыя. Вераніка – дзяўчынка адкрытая, шчырая, у яе няма тайн, яна пра ўсё раскажа, усім падзеліцца, і памочніца старанная. А Міша вельмі спакойны, акуратны хлопчык, — з цеплынёй расказвае пра дзяцей прыёмная мама.
Людміла Сямёнаўна прызнаецца, што хоць дзеці ў доме ўсяго паўгода, яна да іх душою ўжо прыкіпела.
— Прыёмным бацькам раяць не прывыкаць да дзяцей, бо іх біялагічныя бацькі могуць вярнуць свае правы ці хто-небудзь можа выказаць жаданне ўсынавіць іх. Але ж яны ўжо сталі для мяне блізкімі, не ўяўляю жыцця без іх, – прызнаецца Людміла Сямёнаўна.
І дзеці да новай сям’і прывыклі ўжо. І хоць прыёмную маму называюць “цёця Люда”, але ж цягнуцца да яе, давяраюць свае маленькія сакрэты. На тое, што ў свой адрас не чуе слова “мама”, Людміла Сямёнаўна не крыўдуе. Такі давер, як заўважае яна, трэба яшчэ заслужыць. Галоўнае, што яна адчувае сябе патрэбнай гэтым дзеткам і стараецца аддаваць ім усю цеплыню сваёй душы.
— Самае важнае, — адзначае жанчына, — не па­дзяляць у сям’і дзяцей на сваіх і чужых. Яны павінны атрымліваць аднолькавую ўвагу і адчуваць аднолькавую адказнасць.
На тое, каб цалкам замяніць маму, Людміла Сямёнаўна не прэтэндуе, тым больш, што ў дзяцей ёсць мама, якая іх нарадзіла, але проста не справілася са сваімі бацькоўскімі абавязкамі. З ёй, як і патрабуюць правілы, дзеці падтрымліваюць кантакт, яны зносяцца па тэлефоне і нават сустракаюцца. Праўда, цеплыні на гэтых сустрэчах не адчуваецца. Проста і Вераніка, і Міша, як пераканалася ўжо прыёмная маці, пабачылі зусім іншыя ўмовы жыцця, адчулі зусім іншыя адносіны да іх і вяртацца да былога зусім не хочуць.
Кожны чалавек па-свойму ўспрымае розныя паняцці. Для аднаго шчасце – гэта кар’ера, для другога – матэрыяльны дастатак, для трэцяга – свабода ў кожным кроку. У Людмілы Сямёнаўны разуменне шчасця звязана з дзецьмі. Гоман дзіцячых галасоў у доме для яе – радасць. Не кожны гэта разумее. Нехта за спіною кажа, маўляў, грошы вырашыла зарабіць. Але на такіх лю­дзей жанчына не звяртае ўвагі. Яны ж не разумеюць, што шчыры ўдзячны погляд дзіцячых вачэй, іх непаддзельная радасць ад таго, што ёсць свой дом, свая сям’я, іх цёплыя словы даражэй за любыя грошы. Ды і як бы там ні было, але, згадзіцеся, стаць прыёмнымі бацькамі могуць толькі тыя, у каго сапраўды вялікае сэрца, такое, у якім хапае месца на ўсіх.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Людміла Бягеза і яе дзеці – Мікіта, Міша і Вераніка.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 6.11.2013 г.

Добавить комментарий


нандролон деканоат

54674.kapli.kiev.ua

читайте здесь avrora-trans.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!