МАЛАЙЦЫ, ХЛОПЦЫ!

StreetWorkout – адзін з відаў масавых фізкуль­турных заняткаў, які ўключае ў сябе выкананне разнастайных практыкаванняў на вулічных спартыўных пляцоўках, а дакладней, на турніках, брусах і іншых канструкцыях. Праўда, ў афіцыйны спіс відаў спорту гэты спартыўны накірунак ні ў адной з краін не ўваходзіць.
Турнікі і брусы з мэтай садзейнічання здароваму ладу жыцця моладзі пачалі актыўна з’яўляцца ў дварах і на прышкольных тэрыторыях яшчэ у гады Савецкага Саюза. Напачатку ХХІ стагоддзя з развіццём інтэрнэта сталі даступны навіны з любога куточка планеты. Тады ж пачалі з’яўляцца аматарскія відэаролікі, якія адлюстроўвалі трэніроўкі на вуліцы. Некаторыя ролікі выклікалі асаблівую цікавасць у моладзі ва ўсім свеце. Так паступова з’явіліся аматары цікавага віду фізкультурных заняткаў і ў нас, у Беларусі.
Кожны дзень у двары майго дома можна ўбачыць малюнак: невялікая кампанія падлеткаў 12-15 гадоў з зайздроснай упартасцю “пакарае” турнікі. Праходзіш побач, спяшаючыся па сваіх справах, а погляд затрымліваецца на гэтых хлопцах, якія, не шкадуючы сваіх далоняў, паказваюць такія практыкаванні і элементы, што аж дух займае. З выгляду простыя хлопчыкі. Але вочы іх свецяцца захапленнем. У гэтых вачах радасць ад таго, што яны могуць пераўзысці саміх сябе, дабіцца задуманага, радасць ад зносін з аднадумцамі, задавальненне ад таго, што людзі, якія праходзяць міма, адкрыта гавораць “Малайцы, хлопцы!”. Сярод гэтых хлопцаў і мой сын. І мне вельмі прыемна, што ён знайшоў для сябе карысны занятак, трапіўшы ў каманду “турнікмэнаў”.
Між іншым, зусім нядаўна заўважыла ля турніка мужчыну, які паказваў хлопцам нейкі элемент на турніку. Яны зацікаўлена абмяркоўвалі ступень лёгкасці выканання практыкавання. Затым ён паважліва паціснуў кожнаму руку і пажадаў удачы. І сапраўды, гледзячы на тое, як гэтыя неакрэплыя яшчэ будучыя мужчыны робяць некаторыя элементы, здзіўляешся іх упартасці, цярплівасці, сіле. Без сумненняў гэты вулічны спорт трэніруе вытрымку, развівае ўсе групы мышцаў, загартоўвае волю.
Паколькі ўся гэтая спартыў­ная кампанія – сябры і знаёмыя майго сына, не змагла ўтрымацца, каб не задаць у гутарцы хлопцам некалькі пытанняў.
— З якога ўзросту можна пачынаць трэніроўкі?
— Пачынаць займацца на турніку можна і ў 7-8 гадоў, а можна і ў 25. Галоўнае ўпартасць і жаданне. А яшчэ вельмі важна быць у кампаніі. Аднаму цяжка трэніравацца. Калі ёсць сапернікі, вельмі хочацца дасягнуць большага, чым ты можаш.
— Што важна ведаць і памятаць тым, хто толькі пачынае свае заняткі?
— Патрэбна мець спіс практыкаванняў, скласці праграму заняткаў. Неабходна, каб гэтыя заняткі былі рэгулярнымі. Немалаважная дэталь – харчаванне. Ад усяго гэтага залежыць эфектыўнасць заняткаў, фізічная форма. Увогуле, не ўсё так лёгка, як можа здацца спачатку. Многія нярэдка адчайваюцца пасля першых спроб, вырашаюць, што ў іх нічога не атрымаецца. Трэба набрацца цярплівасці і працаваць над сабой месяц, другі, трэці. І тады ўсё атрымаецца
— Што прыцягвае вас у гэтых вулічных фізкультурных занятках?
— Трэніроўка – гэта рамантыка. Тым больш, што трэніруемся мы ў кампаніі сяброў, на свежым паветры. Увогуле заняткі на турніку – гэта прыгожае цела і здаровы лад жыцця.
— Чула, што ў тых, хто займаецца StreetWorkout, ёсць свой гімн, статут. Што яны сімвалізуюць?
— У статуце ёсць патрабаванні і парады для кожнага спарт­смена. Сярод іх, напрыклад, такія, як не ўжывай спіртное, не куры, захоўвай чысціню побач з турнікамі, памятай аб бяспецы. Яшчэ статут напамінае, што ключ да поспеху — у тваіх няўдачах і вялікай рабоце.
… Хлопцы, развітаўшыся са мной, пайшлі займацца. А я падумала: “Малайцы! Такі дваровы спорт – добрая альтэрнатыва піву і цыгарэтам”. Дык няхай тых, хто займаецца на вулічных пляцоўках, становіцца ўсё больш. Гэта добры крок да аздараўлення.
Ларыса ДЭЙНАК,
маларытчанка.
НА ЗДЫМКУ: ідзе трэніроўка.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 6.11.2013 г.

Добавить комментарий


www.etalon.com.ua

monaliza.kiev.ua

там
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!