Пераможная вясна

Сівавалосы пажылы мужчына стаяў на ўскрайку поля і ўглядаўся ўдалячынь: туды, дзе пяшчотна-блакітнае неба нібы злівалася з зялёнай травой. “Вясна, вось, нарэшце, і зноў вясна…” – паўтараў ён пра сябе. У жыцці Пракопа Міхайлавіча Сцепанюка вясна 2010 года ўжо дзевяностая. Калі праляцелі яны, тыя зімы і вёсны?.. У жыццёвай мітусні, у штодзённай працы, у клопатах, радасцях і расчараваннях і не заўважаў, як ляцелі дні, лета  змяняла восень, за ёю прыходзіла зіма, і зноў сэрца чакала вясну, тыя дні,  калі ажывала прырода, калі ўзяўшы ў руку жменю зямлі, можна было адчуць яе цяпло і заняцца звычайнай для вяскоўца працай у полі – штодзённай, нязменнай, як сама прырода. Але адну вясну свайго жыцця, вясну 1945 года, Пракоп Міхайлавіч памятае, быццам яна была ўчора. Пачатак мая. Ён паранены, у шпіталі чакае, калі дазволяць вярнуцца ў свой кавалерыйскі корпус. З ранку 9 мая пачынаецца стральба. У галаве праносяцца трывожныя думкі. Іх спыняе голас медсястрычкі: “Хлопцы, Перамога!”. На вочы навярнулася сляза: “Няўжо дажыў!”. 
Але колькі да гэтага радаснага дня было бед і расчараванняў, страт і болю, ведае толькі той, хто прайшоў вайну. Пракоп Міхайлавіч сустрэў яе ў роднай вёсцы Лукава, дзе на той час працаваў сакратаром сельскага Савета. З першых дзён акупацыі камсамолец збіраўся пайсці ў партызаны. Але падпольная камсамольская арганізацыя пакінула яго ў вёсцы сувязным. Усю важную інфармацыю, штодня рызыкуючы жыццём, перадаваў ён у атрад. А  калі вёску вызвалілі ад немцаў, дапамагаў праводзіць мабілізацыю. А ў 1944 годзе быў прызваны ў кавалерыйскі полк 7-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі. З першым кавалерыйскім корпусам імя Саўнаркама ён удзельнічаў у фарсіраванні Одэра, Нэйсы, Эльбы. У адным з баёў, а было гэта ў красавіку, куля трапіла яму ў плячо. Потым быў шпіталь, незабыўны і радасны дзень Перамогі.
Але дамоў вярнуўся Пракоп Міхайлавіч толькі ў 1946-м. Як толькі параненае плячо крыху загоілася,  ён, не чакаючы выпіскі, адправіўся ў сваю часць, дзе і служыў яшчэ год. А потым былі амаль 40 гадоў мірнай працы ў мясцовай гаспадарцы, у сваёй роднай вёсцы Лукава. Нават калі пайшоў на заслужаны адпачынак, ветэран не мог сядзець на месцы: дапамагаў калгасу,  трымаў сваю немалую гаспадарку. За сваю нястомнасць быў узнагароджаны медалём “За доблесную працу”, які дапоўніў спіс яго шматлікіх баявых узнагарод, сярод якіх і ордэн Айчыннай вайны, і медаль Жукава, і медаль “За адвагу”. Для ўнукаў Пракопа Міхайлавіча гэтыя ўзнагароды – яскравы доказ няпростага, але гераічнага лёсу іх дзядулі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: ветэран Вялікай Айчыннай вайны Пракоп Міхайлавіч Сцепанюк.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.