ПРАЦА. ВЕДЫ. ПАТРЫЯТЫЗМ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пажадаў юнакам і дзяўчатам знайсці сваё месца ў жыцці і цалкам рэалізаваць сябе

У маладзёжным форуме “Моладзь. Традыцыі. Будучыня”, які адбыўся ў Мінску і быў прысвечаны юбілею камсамола і будатрадаўскага руху, прынялі ўдзел і прадстаўні­кі з Маларытчыны – ветэран камсамольскага руху Любоў Васільеўна Куц і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Аляксей Дзямінскі.
Чым запомнілася і ўра­зіла сустрэча, на што натхніла, у чым пераканала – аб гэтым і іншым — размова ў інтэрв’ю, якое першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Аляксей Дзямінскі даў карэспандэнту райгазеты.
— Кожная сустрэча, паезд­ка – гэта новыя ўра­жанні. Што найбольш зацікавіла, стала, можна сказаць, незабыўным?
— Форум запомніўся перш за ўсё тым, што ў ім прымаў удзел Прэзідэнт краіны. Вельмі прыемна было адчуваць, што на дзяржаўным узроўні надаюць значную ўвагу праблемам моладзі. Былі закрануты ў час сустрэчы многія важныя пытанні, такія, як працаўладкаванне маладых людзей, валанцёрскі рух. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сваё выступленне прысвяціў тром асноўным тэмам: працы, ведам і патрыятызму, коратка спыніўся на кожным, паабяцаўшы, што 2015 год будзе аб’яўлены годам моладзі. Выступленне кіраўніка дзяржавы надало бадзёрасці. Высока ацаніў ён праект “100 ідэй для Беларусі” і даў даручэнне, каб не менш чым 10 найбольш цікавых ідэй у 2014 годзе атрымалі фінансаванне і былі рэалізаваны. Гэта яшчэ раз даказвае, што акцыі, арганізаваныя моладдзю, даюць карысць. Між іншым, наш Маларыцкі раён таксама мае сертыфікат на адну з ідэй, звязаную з падтрыманнем сяброўскіх адносін і супрацоўніцтва ў пытаннях патрыятычнага выхавання моладзі з суседняй Украінай. Міжнародны характар набыў ужо аўтапрабег “Памяць”, запланавана шмат іншых сумесных мерапрыемстваў. Таму мы зноў накіравалі заяўку з надзеяй, што гэтая ідэя атрымае фінансавую падтрымку. Яшчэ Прэзідэнт краіны ў сваім выступленні шмат гаварыў пра ўдзел моладзі ў будоўлях, пра тое, што маладыя людзі прымаюць удзел ва ўзвядзенні многіх сацыяльна значных для рэспублікі аб’ектаў. Студатрады прымалі ўдзел у будаўніцтве Дома ўрада. А таму ўдзельнікі форуму атрымалі магчымасць пабываць у гэтым будынку з экскурсіяй. Усё ўбачанае вельмі ўразіла, кожны з нас адчуў гонар і за сваю краіну, і за тое, што ў далейшым развіцці яе значная роля адводзіцца моладзі. Вельмі спадабалася сама арганізацыя свята, незабыўны быў канцэрт з удзелам беларускіх зорак.
— Што дапамагла асэнсаваць атмасфера форуму? З якімі думкамі вярталіся дамоў?
— Размова на форуме дапамагла зразумець і парадавацца таму, што Беларусь не ўпусціла момант, і Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі стаў права­пераемнікам камсамола. І цяпер, пасля таго, як прайшло 11 гадоў з дня заснавання новай маладзёжнай арганізацыі, можна сказаць, што яна з’явілася нездарма і дае свой плён. Мы рухаемся ў правільным накірунку. Нямала актывістаў БРСМ прадстаўляюць рэспубліку на міжнародных конкурсах, розных спаборніцтвах. Моладзі ёсць да чаго імкнуцца, з каго браць прыклад.
Дамоў з сустрэчы на вышэйшым узроўні мы ўсе вярталіся з зарадам аптымізму, упэўненыя ў тым, што нашу работу бачаць не толькі ў нас, на месцы, але і ўсе пачынанні падтрымліваюцца на дзяр­жаўным узроўні, што ўсе мы сапраўды шасцяронкі вялікага механізму, які працуе для дабрабыту сваёй краіны. За моладдзю — будучыня. На ўзроўні ўрада разумеюць гэта і рыхтуюць платформу з маладых, актыўных і перспектыўных людзей.
— Напэўна, сустрэча актывістаў маладзёжнага руху краіны падала нейкія ідэі? Чым збіраецеся парадаваць моладзь раёна ў бліжэйшы час?
— Ідэй, вядома ж, з’явілася шмат. Мы пазнаёміліся з калегамі, абмяняліся думкамі, вырашылі больш цесна супрацоўнічаць з раённымі камітэтамі воб­ласці, праводзіць сумесныя спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы, арганізоўваць разам паездкі, экскурсіі. Такія задумкі спадабаліся прадстаўнікам усіх раёнаў, многія адразу ж запрашалі ў госці. 20 лістапада ў нашым горадзе збяруцца прадстаўнікі клубаў вясёлых і знаходлівых. На гэтае мерапрыемства да нас прыедзе каманда клуба вясёлых і знаходлівых з Кобрына, якая з’яўляецца пераможцай абласной лігі КВЗ. Яна будзе выступаць па-за конкурсам, але прадстаўнікам нашых каманд, напэўна, будзе цікава паглядзець узорнае выступленне. Між іншым, тэматы­ка выступленняў каманд вельмі актуальная, прысвечаная Году беражлівасці. Ёсць задумка і з нашымі юнакамі і дзяўчатамі пабываць за межамі раёна, наведаць цікавыя месцы Беларусі, каб у час падарожжаў моладзь магла пазнаваць гісторыю сваёй краіны, вучылася цаніць, любіць і берагчы сваю Радзіму.
Гутарку вяла Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: дэлегацыя Брэсцкай вобласці на форуме “Моладзь. Традыцыі. Будучыня”.

Опубликовано в «ГЧ» 13.11.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://pillsbank.net

www.profvest.com