ЦВЯРОЗЫ ПОГЛЯД НА “П’ЯНУЮ” ПРАБЛЕМУ

Ольга Ковалевская, врач-валеолог райбольницы

Чаму п’янства і алкагалізм па-ранейшаму турбуюць наша грамадства? Хто вінаваты, што алкаголікаў становіцца ўсё больш і больш? Што ўяўляе сабой гэтая страшная хвароба і яе сімптомы? Якую шкоду здароўю чалавека яна наносіць? Колькі каштуе для дзяржавы адзін выклік брыгады хуткай медыцынскай дапамогі для аказання дапамогі п’янаму і колькі каштуе лячэнне такога чалавека ў рэанімацыйным ці іншых аддзяленнях райбальніцы, каб зняць інтаксікацыю алкаголем. Ці гатова наша грамадства прад’явіць рахунак тым, хто злоўжывае алкаголем за іх бяздумныя адносіны да свайго здароўя і праводзіць лячэнне на платнай аснове? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказы ў час гутаркі за “круглым сталом”, які быў нядаўна арганізаваны ў рэдакцыі райгазеты, яго ўдзельнікі: урач-валеолаг райбальніцы Вольга Кавалеўская, благачынны цэркваў Маларыцкага раёна, кандыдат багаслоўскіх навук протаіерэй Віктар Паляціла, псіхолаг раённага сацыяльна-педагагічнага Цэнтра Таццяна Захарчук, намеснік дырэктара ДзЛГУ “Маларыцкі лясгас” па ідэалагічнай рабоце Наталля Касянюк, першы намеснік начальніка райаддзела ўнутраных спраў Эдуард Паўлаў і рэдактар раённага радыё Дар’я Луцык.

Вольга Кавалеўская:
— Праблема п’янства і алкагалізму па-ранейшаму застаецца сацыяльна значнай і актуальнай для нашай дзяржавы. Гэтая негатыўная з’ява наносіць матэрыяльны і маральны ўрон як грамадству ў цэлым, так і асобным грамадзянам.
У апошняе дзесяцігоддзе спажыванне спіртных напояў набыло ўстойлівы і масавы характар. Аб’ём спіртных напояў з 1995 па 2012 гг. павялічыўся на душу насельніцтва з 6,7 да 11,97 літраў абсалютнага алкаголю. На кожнага чалавека, якому больш за 15 год, даводзіцца па 15 літраў выпітага спіртнога.
На ўліку ў нарколагаў у рэспубліцы стаіць 180 тысяч чалавек, у нас у раёне – 567. Жанчын, хворых на алкагалізм, у раёне – 113 чалавек.
Ірына Касцевіч:
— Думаю, што гэтыя лічбы не адлюстроўваюць рэальны малюнак. Асоб, якія злоўжываюць спіртным, значна больш. Проста яны не трапілі ў поле зроку медыкаў. Наогул, якія фактары ляжаць у аснове развіцця алкагалізму?
Вольга Кавалеўская:
— Спадчыннасць адыгрывае важную ролю ў верагоднасці захворвання алкагалізмам. Калі бацькі, бабуля ці дзядуля былі залежныя ад спіртнога, дык іх нашчадкам вельмі цяжка бу­дзе ўтрымацца, каб не трапіць у залежнасць ад алкаголю. Вядома, дзеці алкаголікаў неабавязкова стануць алкаголікамі, але, калі меркаваць па гісторыях хвароб многіх залежных людзей, верагоднасць гэтага вельмі вялікая.
Эмацыянальныя фактары. Часта прычынай злоўжывання спіртным становіцца жаданне чалавека падавіць моцныя перажыванні і пазбегнуць стрэсаў. Існуюць нават пэўныя гармоны, якія пры стрэсе прыводзяць да прагрэсіравання алкагалізму.
Псіхалагічныя прычыны: людзі з нізкай самаацэнкай і такія, у каго часта бывае дэпрэсіўны стан, больш схільныя да алкагольнай залежнасці.
Сацыяльныя прычыны. Легалізацыя ўжывання спіртнога, яго даступнасць і рэкламаванне ў станоўчым ракурсе прывялі да таго, што алкаголь стаў часткай культуры сучаснага грамадства.
Частата ўжывання спіртнога. Рэгулярнасць піцця можа перайсці ў хваробу. У таго, хто на працягу доўгага часу ўжывае спіртное, большая верагоднасць стаць алкаголікам.

Протоиерей Виктор Полетило, кандидат богословских наук

Айцец Віктар:
— Калі гаварыць аб прычынах п’янства яшчэ, дык, на маю думку,– гэта незанятасць, бяздзейнасць чалавека. Яны – маці ўсякай заганы. Калі чалавек не заняты канкрэтнай справай, ён пачынае шукаць розныя прыгоды. У тым ліку і ўпіваецца віном. Калісьці селяніну-хрысціяніну не было калі п’янстваваць. Ён увесь час працаваў, а на святы і ў нядзелю раніцай спяшаўся ў царкву, каб памаліцца. Пасля службы дома сціпла трапезнічаў і адпачываў, бо заўтра зноў трэба будзе шмат працаваць. Трапеза ніколі не суправаджалася спіртным. У часы ж атэізму, калі паўсюдна знішчаліся цэрквы, такое складаемае, як малітва, з жыцця лю­дзей само па сабе выпала і яе трэба было нечым замяніць. Замянілі гарэлкай. Ва ўсходняй Беларусі, дзе тады не засталося ні аднаго храма, людзі ў знак своеасаблівага пратэсту на Вялікдзень ішлі на могілкі і там паміналі памерлых са спіртным. Хаця ў славян ніколі не было традыцый памінаць менавіта так. І на першы дзень Вялікадня ніхто на могілкі не ішоў. Нельга было.
Нашы бацькі і дзяды прывучалі нас да працы, з маленства вучылі працаваць. Мы не баяліся фізічнай нагрузкі, а многія з нас цяпер выхоўваюць дзяцей па такому прынцыпу: “Я жыў цяжка, няхай мае дзеці пажывуць лёгка”. А гэта і прывяло да таго, што мы вырасцілі цэлае пакаленне непрацаголікаў.
Вольга Кавалеўская:
— Вы, бацюшка, хочаце сказаць, што цяпер больш любяць бяздзейнічаць, чым працаваць?
Айцец Віктар:
— А хіба гэта не так? Зразумела, кожны з бацькоў хоча, каб дзеці лепш за яго жылі. Але для гэтага іх трэба навучыць працаваць, зарабляць самім сабе на хлеб, старацца і старацца. На Захадзе да гэтага пытання больш разумна падыходзяць. Там да 18 год бацькі цябе ўтрымліваюць, а пасля 18 ты — самастойны, ідзі, атрымлівай адукацыю, працуй. А ў нас да старасці працуюць на дзяцей сваіх. Інакш кажучы, мы ўвесь час стымулюем нежаданне нашых сыноў і дачок саміх сябе ўтрымліваць.
Вольга Кавалеўская:
— Згодна, акрамя раней названых фактараў, на рост алкагалізму ўплываюць няправільнае выхаванне ў сям’і, адсутнасць у пэўнай часткі моладзі жадання займацца нечым карысным. Сёння для п’янства ёсць любыя нагоды: пахаванне, хрысціны, вяселле, нават скасаванне шлюбу, мароз, вецер, паляванне, Новы год і г.д. І проста п’янства без прычын. Цяпер нават крытэрыі выбару жаніха змянілі. Не пытаюцца: “Кахае ці не кахае?”, а “П’е ці не п’е?”
Айцец Віктар:
— Прычым, п’юць не толькі мужчыны, але і жанчыны. І пры выбары нявесты таксама пытаюць: “П’е ці не п’е?”, “Курыць ці не курыць?”
Вольга Кавалеўская:
— І ніхто не задумваецца, што алкагольная і тытунёвая эпідэмія заўчасна забіраюць жыцці тысяч беларусаў. Штогод ад ужывання алкаголю ў нашай краіне памірае 1200 чалавек. Гэта больш, чым мы страцілі ў Афганістане.
Эдуард Паўлаў:
— А ў нас у раёне?
Вольга Кавалеўская:
— Тры чалавекі памерла. Гэта толькі ад гарэлкі. Але яшчэ паміралі і ад іншых хвароб, выкліканых празмерным ужываннем алкаголю.
Айцец Віктар:
— Бяда ў тым, што людзі, якія злоўжываюць спіртным, не лічаць сябе хворымі. Яны прытрымліваюцца такой думкі, што я такі ж, як і ўсе. І амаль ніколі самі не звяртаюцца за дапамогай ні ў медустановы, ні да псіхолагаў, ні да свяшчэннікаў. У большасці выпадкаў за іх гэта робяць родзічы. На жаль, старанні апошніх часта ніякага эфекту не даюць.
Ірына Касцевіч:
— Айцец Віктар, некалькі разоў супрацоўнікі міліцыі па сваёй ініцыя­тыве арганізоўвалі з Вамі сустрэчы асоб, якія злоўжываюць спіртным ці былі асуджаны альбо зноў адбываюць пакаранне. Хацелася б ведаць, як самі такія асобы ўспрымалі падобныя сустрэчы?
Айцец Віктар:
— Спецыяльны малебен у царкве для такой катэгорыі грамадзян мы сапраўды служылі не раз. Апошні – у маі гэтага года. Па-рознаму яны яго ўспрымалі. Адны ціха адседжвалі свой час, нехта спрабаваў перавесці ўсё на смех, а нехта проста рваўся хутчэй царкву пакінуць. На жаль, ніхто з іх не падышоў да мяне з просьбай даць парады, каб пазбавіцца ад страшнай хваробы. А каб перамагчы алкагалізм, у першую чаргу патрэбна жаданне самога чалавека, яго вера. Былі ў маёй практыцы факты, калі людзі, якія мелі вялікую залежнасць ад алкаголю, самі ішлі ў царкву, маліліся, і іх родзічы за іх маліліся. І Бог даваў сілу волі, каб перамагчы страшную хваробу.
Ірына Касцевіч:
— Многія з родзічаў, а іншы раз і самі алкаголікі прыбягаюць да такога метаду лячэння, як кадзіраванне. Як царква яго расцэньвае?
Айцец Віктар:
— Кадзіроўка як разавая працэдура не можа лічыцца паўнацэнным лячэннем алкагалізму. Нават адукавана праведзеная кадзіроўка не ліквідуе вынікі перанесенага захворвання ў выглядзе алкагольнай залежнасці. Мэта кадзіроўкі ў лепшым выпадку — дапамагчы пераадолець фізічную, а пры выкарыстанні некаторых методык і псіхічную цягу. Так, не варта забываць і аб выніках заўчаснага алкагольнага зрыву. Яны могуць быць самымі разнастайнымі, але толькі негатыўнымі. Паўтаруся зноў, што найлепшы спосаб і метад лячэння – жаданне самога чалавека, яно – палова поспеху.

Дарья Луцик, редактор районного радио "На хвалях Рыты"

Дар’я Луцык:
— Сярод прычын п’янства, на маю думку, даступнасць і нізкія цэны на алкаголь, піцейныя традыцыі ў нашым грамадстве. Мы не ўяўляем сабе любую ўрачыстасць без спіртнога.
Айцец Віктар:
— Расказваю такі факт. Неяк дзяцей у садку папрасілі паказаць свята. І дзеці ў першую чаргу паставілі на стол чаркі. Вось вам і выхаванне нашых дзяцей. Бацькі самі паказваюць прыклад дзецям, як трэба па-сапраўднаму святкаваць, самі гэтаму садзейнічаюць і матэрыяльна забяспечваюць любое свята. Цяпер жа ўрачыстасць прыдумляюць з нагоды і без яе. Пайшоў у дзіцячы садок – п’янка, перайшоў у другі клас ці трэці, зноў — п’янка, закончыў садок – зноў п’ем. Раней жа ў нас быў толькі адзін выпускны, а цяпер іх шмат, і ўсе суправаджаюцца алкагольнымі напоямі.
Эдуард Паўлаў:
— І тым не менш, больш чым 37% крымінальных злачынстваў у Беларусі ўчыняецца ў стане алкагольнага ап’янення. Як вядома, за ўсякім злачынствам непазбежна ідзе пакаранне. Аднак бачыць у папраўча-працоўных установах панацэю, здольную застрахаваць грамадства ад тых, хто пераступіў закон, і тым больш дапамагчы ім стаць на шлях выпраўлення, наўрад ці даводзіцца. Як паказвае практыка, тыя, хто адбыў пакаранне, выходзяць з лячэбна-працоўнай установы яшчэ больш азлобленымі, больш жорсткімі, набыўшы немалы крымінальны вопыт. Гэта, па-першае. Па-другое, іх жорсткасць узмацняецца празмерным ужываннем алкаголю. Па-трэцяе, выходзячы на свабоду, чалавек не можа адапціравацца да няпростых жыццёвых рэалій, знайсці сваё месца ў грамадстве. І, як вынік, зноў п’е і ўчыняе новае злачынства.
Таццяна Захарчук:
— А як пакутуюць дзеці, калі ў сям’і нехта з бацькоў п’е ці абодва яны п’юць! У дзяцей з такіх сем’яў, як мы часта канстатуем, траўміруецца псіхіка. Яны агрэсіўныя. Іх пастаянна суправаджае пачуццё страху. Ёсць праблемы і ў вучобе, і з сябрамі. Дзеці, якія выхоўваюцца ў сям’і, дзе ёсць алкаголік, у сваіх паводзінах непрадказальныя. Яны не ўмеюць зносіцца з тымі, хто іх акружае, канфліктуюць як са сваімі аднагодкамі, так і з дарослымі. Да таго ж, алкаголікі не здольныя нарадзіць здаровых дзяцей. Таму вельмі важна ўсведамляць усе вынікі любой формы алкагалізму, каб не дапусціць дэградацыі грамадства ў цэлым.
Вольга Кавалеўская:
— Вучоныя даказалі, што няма бяспечных, а тым больш карысных доз алкаголю. 100 грамаў гарэлкі забівае 7,5 тысячы актыўных клетак галаўнога мозгу. Смяротная доза алкаголю – 7-8 г чыстага спірту на 1кг масы цела. 80 г алкаголю дзейнічае на арганізм цэлыя суткі.
Фізіёлаг-акадэмік Паўлаў гаварыў: “Якая карысць можа быць ад атруты, што прыводзіць людзей у стан вар’яцтва, штурхае на злачынствы, робіць хворымі, атручвае існаванне не толькі тых, хто п’е, але і тых, хто іх акружае.
Ірына Касцевіч:
— Якія сімптомы хранічнага алка­галізму?
Вольга Кавалеўская:
— Асноўным сімптомам хранічнага алкагалізму з’яўляецца развіццё псіхіч­най залежнасці. Пры гэтым страчваецца колькасны кантроль за выпіваемай дозай, і патрэба ў алкаголі становіцца найстойлівай паталагічнай цягай.
Сістэматычнае ўжыванне спіртнога прыводзіць да вельмі ранняй старасці і інваліднасці, працягласць жыцця асоб, якія схільныя да п’янства, на 15-20 год меншая, чым сярэднестатыстычная. Галоўнымі прычынамі смерці асоб, якія злоўжываюць алкаголем, з’яўляюцца няшчасныя выпадкі і траўмы. Хворыя алкаголікі паміраюць, як правіла, не ад алкагольнай хваробы, а ад захворванняў, што развіваюцца ў выніку зніжэння рэзістэнцыі арганізма, паражэння печані, сэрца, сасудаў.
Ірына Касцевіч:
— Цяпер хворых на алкагалізм у нашых медустановах лечаць, як і ўсіх нас, бясплатна, прычым многім патрабуецца экстранная медыцынская дапамога ў рэанімацыйным аддзяленні. Колькі такое лячэнне каштуе для дзяржавы?
Вольга Кавалеўская:
— Кошт аднаго ложка-месца, да прыкладу, у тэрапеўтычным аддзяленні райбальніцы складае 129800 рублёў, а ў рэанімацыйным аддзяленні – 1 мільён 260 тысяч 700 рублёў. Выклік брыгады хуткай медыцынскай дапамогі абыходзіцца прыкладна ў 500 тысяч.
Ірына Касцевіч:
— Між іншым, у ЗША алкаголікаў бясплатна не лечаць. Там медыцына – бізнес, прычым не на карысць пацыентаў. А ці гатова наша грамадства прад’явіць рахунак і зрабіць платным медабслугоўванне для асоб, якія злоўжываюць спіртным?
Вольга Кавалеўская:
— Асабіста я думаю, што мы не гатовы да такога, бо алкаголікі – як правіла, асобы матэрыяльна не забяспечаныя. Усе цяжкасці па аплаце лягуць на сям’ю, якая і так маральна і матэрыяльна пакутуе.
Ірына Касцевіч:
— У нас у рэспубліцы яшчэ ёсць выцвярэзнікі?
Эдуард Паўлаў:
— У Беларусі 25 выцвярэзнікаў. За 2011 г., да прыкладу, там пабывала 655 тысяч чалавек. Кліенты такіх устаноў розныя і па прафесіі, і па ўзросту. Але часцей за ўсё гэта мужчыны сярэдніх гадоў. Адзін начлег у выцвярэзніку каштуе для кліента 2,5 базавай велічыні: 325 тысяч рублёў. У вобласці 4 выцвярэзнікі, у нас у раёне такога няма.
Ірына Касцевіч:
— Ці паведамляюць пра кліентаў выцвярэзнікаў па месцы іх работы?
Эдуард Паўлаў:
— Закон “Аб асноўнай дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” гэтага не забараняе.
Вольга Кавалеўская:
— На маю думку, у барацьбе з п’янствам павінны быць задзейнічаны ўсе, а не толькі міліцыя і медыкі. Многія з нас проста прызвычаіліся да п’янства, алкаголікаў і стараюцца іх не прыкмячаць: п’е сусед, ну і што; п’е калега, ну і няхай сабе, маўляў, гэта яго асабістая справа.
Наталля Касянюк:
— Дазвольце з вамі не зусім пагадзіцца. У нас у калектыве створана спецыяльная камісія па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам. Прычым працуе яна не на паперы. Кожны панядзелак мы выязджаем у лясніцтвы і праводзім алкатэсты. Калі яны некага з работнікаў “выдаюць”, абавязкова патрабуем у яго тлумачальную, складаем акт, не дазваляем чалавеку працаваць. З работы стараемся не звальняць, а выхоўваем матэрыяльна і маральна: спачатку пазбаўляем прэміі на 50 ці 100%, выносім грамадскае пакаранне. У прыватнасці, прозвішча вінаватага, яго фота змяшчаем на стэндзе пад назвай: “Яны ганьбяць Маларыцкі лясгас”. Пасля такога “выхавання”, як правіла, вінаваты сваіх памылак больш не паўтарае. Наадварот, ходзіць да нас і тлумачыць, маўляў, здыміце мой здымак са стэнда, я ўжо ўсвядоміў сваю памылку. Сорамна ж перад сваімі калегамі.
Вольга Кавалеўская:
— Сваю лепту ў барацьбу з п’янствам і алкагалізмам могуць унесці і сродкі масавай інфармацыі. Яны павінны больш часта гаварыць і паказваць адмоўныя бакі гэтай заганнай з’явы, не ўтойваць сумную статыстыку.
Айцец Віктар:
— Неяк адзін знаёмы, які курыў, расказваў: дактары аднойчы паказалі яму флюараграфічны здымак лёгкіх заўзятага курыльшчыка. Гэта настолькі мужчыну ўразіла, што ён кінуў курыць. Калі б алкаголік бачыў, што ў яго адбываецца з унутранымі органамі, з нервовай сістэмай, з псіхікай, як моцна паражае іх спіртное, можа, таксама нехта б задумаўся. Хоць бы адзін. Гэта ўжо быў бы плюс. Мы ж больш рэкламуем спіртныя напоі. І ў магазінах яны на самых бачных месцах, прычым у найвялікшым асартыменце і ў кожным магазіне.
Вольга Кавалеўская:
— Можна паспрабаваць прымяніць і такія меры, як павелічэнне ўзросту, у якім дазваляецца купляць спіртное: з 18 да 21 года; узняць у 3 разы цэны на алкагольную прадукцыю; забараніць рэкламу, у тым ліку і на піва; узмацніць адказнасць за незаконную рэалізацыю спіртнога; за­бараніць рэа­лізацыю пладова-ягадных він; продаж алкаголю забараніць паўсюдна з 22 да 10 гадзін; настоі і лякарствы, што ўтрымліваюць спірт, прадаваць у аптэках толькі па рэцэптах. Добрым прыкладам тут можа быць Швецыя, дзе ўвялі готэнбургскую сістэму: забаранілі прадаваць моцныя напоі; выпіваць можна толькі ў таверне разам з гарачымі стравамі. У Стакгольме, такім вялікім горадзе, налічваецца ўсяго толькі 3 магазіны, дзе прадаюць гарэлку, і толькі да 18 гадзін, а ў нас паўсюдна.
Эдуард Паўлаў:
— Неяк мы ініцыіравалі забарону ў час уборачнай кампаніі продажу моцных він. Эксперымент праводзілі ў Хаціславе. Ніхто не спадзяваўся, скажу шчыра, на станоўчы эфект. А ён быў. Пасля так званага эксперыменту нам патэлефанаваў кіраўнік СВК “Хаціслаўскі” і сказаў, што ў тыя дні ля магазінаў сапраўды стала менш выпівакаў, лепшай была і дысцыпліна на рабоце.
У СВК “Дарапеевічы” знайшлі такі метад выхавання. Калі спецыяліст сярэдняга звяна бачыць, што яго падначалены нецвярозы і ніяк на гэта не рэагуе, больш таго, дапускае падначаленага да работы з механізмамі, ён будзе пакараны матэрыяльна.
Ірына Касцевіч:
— З 24 кастрычніка ў нашай рэспуб­ліцы ў адносінах да нецвярозых вадзіцеляў можна прымяняць і такую меру пакарання, як канфіскацыя аўтамабіляў. Ці ёсць ужо ў раёне факты, калі нецвярозыя вадзіцелі былі затрыманы за кіраванне транспартам паўторна на працягу года?
Эдуард Паўлаў:
— Факты затрымання былі, але трапілі не “паўторшчыкі”, а новыя асобы.
Ірына Касцевіч:
— Так, у барацьбе з п’янствам і алка­галізмам павінны быць задзейнічаны ўсе метады і рэсурсы, у тым ліку і наша неабыякавасць.
У 2012 годзе прынята Дзяржаўная праграма нацыянальных дзеянняў па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму на 2011-2015 гады. Яе мэта – зніжэнне ўзроўню спажывання алкаголю насельніцтвам і змяншэнне яго негатыўных вынікаў для грамадства.
Шмат, вядома, у плане яе ажыццяў­лення робіцца. Але работа гэтая павінна весціся не ў выглядзе кампаній, а штодзённа.

Паразважайце і задумайцеся над фактамі:
— у нашай краіне алкаголь спажываюць да 6 мільёнаў чалавек;
— нанесены ўрон здароўю перавышае выгаду ад вытворчасці і продажу алкаголю;
— рызыка смерці ўзрастае прапарцыянальна выпітаму на працягу ўсяго жыцця;
— РБ знаходзіцца на другім месцы па колькасці зняволеных, скасаванняў шлюбу і па п’янству;
— у Брэсцкай вобласці на ўліку ў нарколага знаходзіцца 45302 чалавекі, у тым ліку ў групе прафілактычныга ўліку – амаль 32 тысячы, 1755 непаўналетніх;
— з трох асоб, якія злоўжываюць спіртным, – адна жанчына;
— у 2012 годзе ад выпадковага атручвання алкаголем памер 1851 чалавек, ад прычын, звязаных са спажываннем алкаголю, — 1186 чалавек. Штогод каля 6 тысяч чалавек з ліку дыспансерных хворых здымаецца з уліку ў сувязі са смерцю;
— Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць, што алкаголь з’яўляецца трэцяй вядучай прычынай хвароб і заўчаснай смерці ва ўсім свеце;
— алкаголь паражае ўсе ўнутраныя органы чалавека. Даўно ўстаноўлена, што тыя, хто злоўжывае спіртным, больш хварэюць і менш жывуць;
— алкаголь уплывае на крывяносную сістэму, непасрэдна на сардэчную мышцу, адмоўна ўздзейнічае на імунную сістэму, шкодзіць механізму аховы ад інфекцый;
— устаноўлена, што ўжыванне спіртнога ва ўзросце да 20 год прыводзіць да алкагалізму ў 80% выпадкаў;
— калі чалавек рэгулярна ўжывае нават піва, ён хутка трапляе ў залежнасць ад алкаголю, незалежна ад таго, моцнае яно ці слабое.

Опубликовано в «ГЧ» 13.11.2013 г.

Добавить комментарий


https://www.best-cooler.reviews/

xn--48jm9l298kilg8rghvi.com/cost/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!