“Дзякуй, што не аддалі нашу Радзіму”

Брэсцкая абласная аргані­зацыя РГА “Белая Русь” аб’я­віла конкурс эсэ “Перамога дзеда – мая перамога”, у якім удзельнічалі і вучні сярэдняй школы № 2 г. Маларыты. Як аказалася, з 516 цяперашніх вучняў школы ў 174 родзічы былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Многіх дзядуль і прадзядуль ужо няма ў жывых, але пра іх памятаюць унукі і праўнукі, нашчадкі Перамогі.
У сваіх сачыненнях хлопчыкі і дзяўчынкі з гонарам расказвалі пра блізкіх ім людзей, пра іх гераічныя ўчынкі, пра тое, чым яны ахвяравалі дзеля Перамогі, дзеля нас з вамі.
Дзядуля 3-класніка Данілы Коцелева, Міхаіл Аксенцьевіч Сацюк, быў не толькі партызанам, але і радавым Чырвонай Арміі. Разам са сваімі аднапалчанамі ўдзельнічаў у баях за Беларусь, вызваляў Польшчу, дзе загінуў і быў пахаваны.
Прадзядуля 2-класніка Андрэя Давыдоўскага, Трафім Кірылавіч Марук, таксама быў партызанам атрада імя Фрунзе, быў паранены, мае шмат узнагарод. Хлопчык прызнаецца, што вельмі любіць свайго прадзядулю.
А 3-класніца Віка Сіжук у сваім кароткім сачыненні расказала пра прадзядулю Антона Калінавіча Сіжука. Ён быў стралком, ваяваў у складзе войскаў ІІ Беларускага фронту, мае медалі “За ўзяцце Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”.
3-класніца Віялета Сіжук з жалем напісала, што яе прадзеда Мікалая Аляксеевіча Парашука немцы расстралялі ў 1942 годзе, а вось другі прадзядуля Віялеты,  Арсенцій Фаміч Аўдзяюк, партызаніў у атра­дзе імя Варашылава, а затым быў кулямётчыкам стралковага палка ІІІ Беларускага фронту. Узнагароджаны медалём “За адвагу” і ордэнам Айчыннай вайны І ступені.
Рыгор Нічыпаравіч Сай, прадзядуля 3-класніка Віталя Сая, ваяваў у Кенігсбергу, Прусіі. За баявыя дзеянні быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, у тым ліку і “За адвагу”, у час вайны фашысты расстралялі ўсю яго сям’ю, у жывых застаўся толькі адзін брат Рыгора Нічыпаравіча.
Першакласнік Мікіта Куц пры­знаўся: любіць гуляць з салдацікамі, якіх у яго вельмі шмат. А ў «вайну» гуляе са сваім дзядулем Васілём. “Ён раней быў салдатам на вялікай вайне”, — піша Мікіта. – І смелым быў салдатам, не баяўся ворагаў. Дзядуля нават Берлін штурмаваў. У яго ёсць ордэн, медалі, захавалася нават баявая характарыстыка. А вось мой другі прадзядуля, Зіновій Зіноўевіч Тарасюк, — расказвае далей Мікіта Куц, — памёр, я яго не бачыў. Але мама расказвала, што ён быў на вайне, прымаў удзел у вызваленні Прагі, меў шмат узнагарод. У вёсцы Замшаны дзядуля неяк знайшоў сцяг 144-га Вышневалоцкага стралковага палка, за што быў узнагароджаны самім маршалам Васілеўскім імянным гадзіннікам. Цяпер пра гэта можна даведацца, калі бываеш у музеі Брэсцкай крэпасці. Там жа можна ўбачыць і знойдзены прадзядулем палкавы сцяг.
— Я ганаруся дзядулем і пра­дзядулем і кажу ім дзякуй за наша мірнае жыццё,  — так заканчвае сваё сачыненне Мікіта Куц.
Мікалаю Рыгоравічу Грузінскаму, прадзеду 2-класніцы Наталлі Шышук, у 1941 г. было ўсяго толькі 16 гадоў. Але ён дапамагаў партызанам, а потым і сам пайшоў у атрад. У жніўні 1944 г., а служыў ён тады ўжо ў 115-м гвардзейскім палку 38-й гвардзейскай дывізіі 70-й арміі, быў цяжка паранены. Але доўга лячыцца не захацеў, зноў пайшоў ваяваць. Дайшоў да Берліна. Быў не раз узнагароджаны, у тым ліку ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “За адвагу”.
Першакласніца Дзіяна Завадская расказала, што яе прадзядуля Аляксандр Іванавіч Шалімаў ваяваў у складзе 105-га кавалерыйскага палка, а затым у складзе 56-га гвардзейскага і 14-га гвардзейска-кавалерыйскага палка Мазырскай Чырванасцяжнай дывізіі І Беларускага фронту. За баявыя заслугі быў узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, двума медалямі “За адвагу”, медалямі “За вызваленне Варшавы” і “За ўзяцце Берліна”, а таксама “За Перамогу над Германіяй»,  ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.
Шматлікімі ўзнагародамі адзначыла радзіма і баявыя заслугі Марка Пятровіча Ярмашука, пра­дзеда першакласніцы Юліі Наўрось. Гэта ордэн Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, медалі “За перамогу над Германіяй”, “За баявыя заслугі”. Марк Пятровіч быў партызанам, тройчы быў паранены, дайшоў да Германіі. У сям’і і цяпер беражліва захоўваюць запісную кніжку прадзядулі і шмат фотакартак ваенных часоў.
У абароне Ленінграда ўдзель­нічала прабабуля 3-класніка Яўгена Катла Антаніна Іванаўна Афоніна. Яна не пакладаючы рук працавала і ў тыле, за што мела нямала ўзнагарод.
У другім паветрана-дэсантным разведвальным батальёне ІІІ Украінскага фронту ваяваў дзядуля першакласніка Вадзіма Касянюка. Павел Фёдаравіч Яхноўскі таксама прымаў удзел у вызваленні Будапешта, Вены, Варшавы.
Сцяпан Дзмітрыевіч Ткачук, пра­дзядуля трэцякласніка Дзімы Серады, удзельнічаў у вызваленні Ленінграда, узяцці Кенігсберга, закончыў вайну ва Усходняй Прусіі. Быў цяжка паранены, мае медаль “За адвагу”. А прабабуля Дзімы Ганна Паўлаўна Ткачук была вывезена разам з іншымі маладымі дзяўчатамі на прымусовыя работы ў Германію, прайшла канцлагер.
8-класніца Ліля Аўдзіюк ад імя ўсіх, хто пісаў сачыненні, заключыла: “Памятаць пра вайну, гераізм і мужнасць тых, хто змагаўся з ворагам і вызваліў ад фашысцкага пекла Радзіму, — гэта значыць змагацца за мір. Гэта святы абавязак усіх,  хто жыве на зямлі. У наш неспакойны час, калі на зямлі ў “гарачых кропках” яшчэ і сёння гінуць людзі, важна памятаць пра тое, якой цаной заплачана за Перамогу, за наш сённяшні дзень, калі мы маем магчымасць жыць, вучыцца, працаваць”.
“Кожны год напярэдадні свята Перамогі мае бацькі, – піша далей Ліля, — са слязамі на вачах успамінаюць радкі амаль забытай песні, якую вельмі любіў адзін з маіх прадзядуль. Там ёсць такія словы: “Не для мяне сады цвітуць”. І становіцца вельмі шкада, што я не бачыла сваіх прадзедаў. Але адно я разумею добра: “Перамога дзядоў – мая перамога”.
Падрыхтавала Ірына КАСЦЕВІЧ.

Добавить комментарий


www.ac-sodan.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!