УСМІХНІЦЕСЯ! І ВЫ ЎЗДЫМЕЦЕ НАСТРОЙ ІНШЫМ

Кожны з нас як спажывец штодзённа так ці інакш сутыкаецца з работнікамі сферы абслугоўвання, аптэка гэта ці цырульня, магазін ці рэстаран, грамадскі транспарт ці лазня, бальніца ці санаторый. І па тым, як тут нас сустракаюць і абыходзяцца з намі, мы мяркуем аб рабоце ўсяго калектыву, ставім ацэнку ўзроўню культуры абслугоўвання, а нярэдка і прафесійнай прыгоднасці чалавека, ступені яго выхаванасці, інтэлігентнасці і г.д.
Дык чаго ж не хапае часам работнікам сферы абслугоўвання?
Адказы на гэтае пытанне карэспандэнт шукала разам з чытачамі райгазеты.

Святлана Галавій, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы:
— Многім работнікам сферы абслугоўвання, на маю думку, не хапае самага простага, але такога неабходнага кожнаму з нас — шчырай усмешкі. Гэта той эліксір, які ніколі не бывае лішнім для чалавека.
Усміхнуліся гардэробшчыца ў гардэробе, афіцыянт у рэстаране ці кафэ, пажадала прыемнага апетыту, ветліва з табою абышлася, глядзіш — і дрэнны настрой прапаў. І не трэба будзе ніякай рэкламы, прыгожых шыльдаў на дзвярах, — чалавек сам зноў прыйдзе туды, дзе яго ветліва і культурна, цывілізавана, скажам так, абслужылі. Яму захочацца туды прыйсці.
Вольга Смірнова, старшыня суда раёна:
— Большасць работнікаў прадпрыемстваў сэрвісу стараюцца ўсё ж прытрым­лівацца культуры абслугоў­вання. А вось калі браць канкрэтныя выпадкі, дык некаторыя грашаць адсутнасцю самай звычайнай выхаванасці, ветлівасці, добразычлівасці. У апраўданне часта чуеш, маўляў, стамляюцца на рабоце. Яно і зразумела: выстаяць 8, калі не больш гадзін, да прыкладу, за прылаўкам і абслужыць мора пакупнікоў – нялёгка. Але ў той жа час работнікі сферы сэрвісу павінны разумець, што яны самі сабе выбіралі сваю прафесію, добра ведалі, што працаваць будуць з людзьмі, таму віны пакупніка, пасажыра ці кліента тут ніякай няма.
Віталь Ганчарук, на­чальнік райаддзела ўнут­раных спраў:
— Чаго не хапае часам тым, хто нам прадае тавары ці аказвае паслугі? Найперш, лічу, зацікаўленасці ў кліентах. Калі, скажам, прадавец хоча прадаць свой тавар, ён не будзе проста стаяць за прылаўкам і чакаць, пакуль пакупнік знойдзе тое, што яму неабходна. Зацікаўлены работнік гандлю абавязкова пастараецца заваяваць пакупніка, зрабіць так, каб ён не пайшоў з пустымі рукамі з магазіна. У чым я не раз пераконваўся, калі бываў у прадпрыемствах сэрвісу ў замежных краінах. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ў многіх і нашых, асабліва прыватных гандлёвых кропках, навучыліся і ўмеюць заваёўваць пакупніка. Прывяду свежы прыклад у па­цвярджэнне. Заехаў нядаўна ў “Аўтасэрвіс” у Брэсце. Прыватнае гэта прадпрыемства. Толькі пераступіў парог, адразу падбягае работнік “Аўтасэрвісу”, вет­ліва вітаецца, пытаецца, у чым маю патрэбу, што параіць, падказаць, дапамагчы выбраць… І я не пайшоў адтуль з пустымі рукамі. Да ўсяго, прыемна ўразіла абыходжанне з кліентамі. На жаль, не ўсюды такое сустрэнеш.
Аляксандр Назарук, дырэктар Цэнтра падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі рабочых райсельгасхарчу:
— Паслугамі бытавікоў, да прыкладу, я не карыстаюся. Нават паслугамі цырульнікаў, бо апошніх мне цудоўна замяняе мая жонка. На грамадскім транспарце не езджу. Ну, а што датычыць гандлю і іншых сфер, дык культура абслугоўвання ў большасці выпадкаў задавальняе. Бываюць, праўда, нюансы, але, мне здаецца, што выпадковых людзей на прадпрыемствах сэрвісу мала. А калі такія там і аказваюцца, яны рана ці позна разумеюць, што не туды трапілі. Працаваць з людзьмі таксама трэба ўмець.
Галіна Ігнатчук, загадчык дзіцячага сада № 6 г. Маларыта:
— Што і казаць, узровень культуры абслугоўвання ва ўсіх сферах вырас, асабліва ў гандлі. Работнікі яго ўсяляк стараюцца дагадзіць пакупніку, у магазінах багаты асартымент тавараў, адпаведная выкладка іх. Тыя, хто ў гандлі працуе, напэўна, як ніхто іншы, разумеюць, што пакупнік заўсёды мае рацыю, таму стараюцца быць ветлівымі, умеюць дапамагчы выбраць тавар, падказаць пакупніку, таварам якіх вытворцаў аддаць перавагу.
Калі гаварыць увогуле, дык ад работнікаў сферы абслугоўвання хацелася б большай добразычлівасці, чаго, між іншым, сёння не хапае ўсім нам у паўсядзён­ным жыцці, у адносінах адзін да аднаго.
Віталь Жыгалаў, галоў­ны спецыяліст рэспуб­ліканскага Цэнтра па аздараўленні і сана­торна-курортным лячэнні насельніцтва па Мала­рыцкім раёне:
— Скажу без перабольш­вання, што асабіста мяне, як спажыўца розных паслуг, задавальняе ўсё. Вялікіх ці яўных праблем у сферы абслугоўвання не бачу. Што датычыць узроўню культуры, дык тут можна сказаць так: на кожнага з нас, спажыўца, работнікі прадпрыемстваў сэрвісу глядзяць такімі вачыма, якімі мы глядзім на іх, так адносяцца да нас, як мы да іх. Калі мы самі ветлівыя, выхаваныя ў адносінах да іншых, і ў адносінах да нас яны будуць такімі ж.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 20.11.2013 г. 

Добавить комментарий


https://pharmacy24.com.ua

www.best-cooler.reviews/best-cheap-cooler-affordable-ice-chest/

https://uniti.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!