ЗДОРАВА!

Аб тым, што на стадыёне Олтушскай школы адбудзецца футбольны турнір, стала вядома яшчэ за тыдзень. На спартыўнае спаборніцтва былі запрошаны каманды з Ланской і Арэхава. Але прыехалі на матч толькі арэхаўскія спартсмены, таму турнір ператварыўся ў таварыскую гульню паміж дзвюма моцнымі футбольнымі камандамі.
…Стартавы свісток. З самага пачатку госці з в. Арэхава ўзялі мяч пад свой кантроль, стараючыся як мага хутчэй забіць першы гол. Былі добрыя камбінацыі, ігракі білі па варотах, але галкіпер олтушскай каманды ўмела стрымліваў сітуацыю. У адказ ішлі контратакі. У выніку на перапынак футбалісты пайшлі з лікам 0:0.
Толькі прагучаў свісток, як госці зноў пачалі атакаваць вароты. І вось першы гол. Забіў яго Алег Алесік. Тут жа ў адказ мяч у вароты сапернікаў накіраваў капітан олтушскай каманды Іван Халопаў. Памылка аднаго з олтушскіх ігракоў прывяла да пенальці. І вось мяч зноў ляціць у вароты олтушскіх футбалістаў. Гэты момант стаў пераломным у гульні. Каманда гасцей, адчуўшы ўпэўненасць у сваіх сілах, змагла забіць яшчэ два мячы. Вызначыліся зноў жа Алег Алесік і Уладзімір Кулукаеў. Але олтушская каманда не хацела згаджацца з такім вынікам і адваявала адзін гол. Лік – 2:4. З ім і завяршылася таварыская сустрэча.
Поле ігракі пакідалі стомленыя, але бадзёрыя. Такі запал дае спорт. Юнакі і дзяўчаты, далучайцеся да спартыўных гульняў, бо спорт – гэта здаровы лад жыцця. А здаровы лад жыцця – гэта крута!
Аляксандр ГАЛЯНЧУК, в. Олтуш.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 20.11.2013 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!