Спартыўны клас для спартыўных рэкордаў

У другой гарадской школе пасля капітальнага рамонту здадзена ў эксплуатацыю спартыўная зала, на якую затрачана больш чым 2 мільярды бюджэтных сродкаў

Да Новага года яшчэ больш чым месяц, а калектыў гарадской сярэдняй школы №2 ужо атрымаў падарунак: хоць і дарагі, але вельмі патрэбны і цудоўны – пасля капітальнага рамонту тут здадзена ў эксплуатацыю спартыўная зала. На рэканструкцыі яе асвоена больш чым 2 мільярды грашовых сродкаў, 1 мільярд 800 мільёнаў з якіх былі выдзелены непасрэдна з абласнога бюджэту.
Што і казаць, няпроста, асабліва цяпер, выкраіць з бюджэту такую значную суму. Але дзякуючы садзейнічанню намесніка старшыні аблвыканкама Міхаіла Юхімука, які некалі вучыўся ў другой гарадской школе і пастаянна падтрымлівае з ёй цесныя сувязі, мільярдныя грошы ў вобласці знайшліся.
— Калі бачыш у вачах дзяцей радасць, тады забываеш пра ўсякія цяжкасці, — прызнаўся Міхаіл Іванавіч.
Словы шчырай удзячнасці выказвалі яму ў той дзень ад імя кіраўніцтва раёна, райаддзела адукацыі і калектыву школы старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, начальнік райаддзела адукацыі Таццяна Лаўрэенка і дырэктар Любоў Куц.
А яшчэ яны, як і іншыя шматлікія госці, у прыватнасці, Валерый Масюк, генеральны дырэктар ААТ “Палессежылбуд”, старшыня савета дырэктараў ААТ “Палессежылбуд” Анатоль Пятрыніч, начальнік ПМК-26 г. Брэста Канстанцін Сцямкоўскі, дырэктар КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Аляксандр Пешта, дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю “Талаш” Уладзімір Талашка, – кіраўнікі падрадных і субпадрадных арганізацый, шэфы, жадалі шанаваць тое, што створана рукамі многіх людзей, і, вядома ж, уручалі падарункі.
Дарэчы, рамонт другой гарадской школы разлічаны на 5 год, але будаўнікі, як сказала дырэктар Любоў Куц, працуюць з апераджэннем. Ужо выкананы работы па капітальным рамонце аб’ектаў вода-і электразабеспячэння, цэнтральнага будынка школы, спартыўнай залы. На чарзе – рамонт сталоўкі, будынкаў для пачатковых класаў, добраўпарадкаванне тэрыторыі.
— За 3 з паловай гады, — гаварыў у час выступлення Міхаіл Юхімук, — нам удалося рэканструяваць большасць памяшканняў школы, змяніць іх да непазнавальнасці. Упэўнены: і ўсё астатняе, што запланавана капітальна адрамантаваць, таксама пад сілу будаўнікам.
Думаецца, што знойдуцца і фінансавыя магчымасці, кааб завяршыць усе неабходныя работы, тым больш, што тут не раз быў і асабіста губернатар вобласці Канстанцін Сумар, яго намеснікі, некалі міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, якія ўвачавідкі пераканаліся, што гэтая навучальная ўстанова сапраўды заслугоўвае таго, каб яна мела сучасны дыхтоўны выгляд, каб тут былі створаны добрыя ўмовы і для працы, і для вучобы, і для адпачынку, і для заняткаў спортам.
Трэба адзначыць: у другой гарадской школе заўсёды панавалі творчы дух і творчая атмасфера. Гэта спрыяла выяўленню і развіццю талентаў. А што іх у школе шмат, можна было пераканацца і ў той дзень, калі перад калектывам навучальнай установы і гасцямі паказвалі свае здольнасці і лепшыя спартсмены школы, і нават лепшыя танцоры.
Імёны і прозвішчы выхаванцаў другой гарадской сёння і ў спісах пераможцаў розных узроўняў алімпіяд, творчых і адораных маладых людзей.
Казімір Лапіч уручыў салодкія прызы лепшым спартсменам: зборным камандам школы па жаночаму футболу (першае месца ў раёне), па лёгкай атлетыцы і стральбе (трэція месцы ў раёне).
Ну, а цяпер, калі ў школе ёсць такія цудоўныя ўмовы для заняткаў спортам, калі хлопчыкі і дзяўчынкі маюць добры спартыўны інвентар, застаецца толькі спадзявацца, што ў іх будзе жаданне аддаваць перавагу здароваму ладу жыцця, яшчэ больш любіць спорт, каб дабівацца больш значных вынікаў. І, вядома ж, берагчы тое, што створана стараннымі рукамі многіх людзей.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: намеснік старшыні аблвыканкама Міхаіл ЮХІМУК уручае падарунак настаўніку фізічнай культуры Леаніду МІХАЛЮКУ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ»  23.11.2013 г.

Добавить комментарий


13.ua/vyveski

http://oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!