СЮРПРЫЗЫ ДЛЯ ПАКУПНІКОЎ

падрыхтавалі ў дзень гадавіны з дня адкрыцця ўніверсама “Родны кут” работнікі райспажыўтаварыства
15 лістапада ўніверсам “Родны кут” — самы вялікі гандлёвы аб’ект спажывецкай кааперацыі раёна, здзіўляў маларытчан рознымі сюрпрызамі. І зусім невыпадкова. Менавіта ў гэты дзень роўна год назад магазін расчыніў дзверы для пакупнікоў. Сваю першую гадавіну “Родны кут” вырашыў адсвяткаваць акцыямі, розыгрышамі “смачных” латарэй і шматлікімі прызамі. Так, кожны маленькі пакупнік атрымаў у падарунак ад магазіна галоўны атрыбут свята – паветраны шарык, а сюрпрызам для дарослых сталі выстаўкі-дэгустацыі ад розных вытворцаў прадукцыі. Брэсцкі мясакамбінат частаваў пакупнікоў мяснымі рулетамі, рознымі відамі каўбас і нават пельменямі, а кожны, хто набыў прадукцыю мясакамбіната і паказаў чэк, атрымліваў падарунак. Прадстаўнікі хлебазавода райспажыўтаварыства прапанавалі адведаць на смак больш за 20 відаў разнастайных хлебабулачных вырабаў. Ацаніўшы перавагі ласункаў мясцовых хлебапёкаў, можна было адшукаць гэтую прадукцыю на паліцах універсама, каб ужо дома пачаставаць ёю сваю сям’ю. Тут жа, у гандлёвай зале, можна было насалодзіцца водарам кавы, чаю, пазнаёміцца з новымі відамі прадукцыі кампаніі “Анега”. Без увагі не засталася арыгінальная бяспройгрышная латарэя. Набыўшы святочны пернік, пакупнікі выйгравалі розныя тавары. Сюрпрыз чакаў і тых, хто набыў тавараў на суму больш за 100 тысяч рублёў. Такія пакупнікі атрымлівалі бясплатна сокі маларыцкага кансервавагароднінасу­шыльнага камбіната. У такой добразычлівай атмасферы сапраўды адчувалася свята.
Між іншым, за год сваёй работы ўніверсам “Родны кут” заваяваў пакупнікоў і пераканаў маларытчан у тым, што каб набыць самыя розныя тавары для ўсёй сям’і, зусім неабавязкова ехаць у абласны цэнтр. Пацвярджэннем усё большай папулярнасці “Кута”, як яго цяпер называюць маларытчане, з’яўляюцца паказчыкі яго работы. Сярэднямесячны тавараабарот магазіна складае 2,2 мільярда рублёў. З 1,2 мільярда рублёў у снежні 2012 года ён вырас да 2,3 мільярда рублёў у кстрычніку 2013 года. Штодзённы тавараабарот на сённяшні дзень складае больш за 70 мільёнаў рублёў. Кожны пакупнік у сярэднім пакідае ў касе магазіна больш за 60 тысяч рублёў. А ўсё таму, што магазін прапануе пакупнікам асартымент тавараў, у якім налічваецца амаль 25 тысяч найменняў, у тым ліку 10 тысяч – тавары нехарчовай групы, 14, 5 тысячы – харчовыя тавары.
Універсам зацікаўлівае пакупніка шматлікімі акцыямі, скідкамі, якія папулярызуюць не толькі сам магазін, але і ўсю сістэму кааперацыі раёна.
Калектыў “Роднага кута”, які з падтрымкай камерцыйнага апарата маларыцкага райспажыўтаварыства змог раздзяліць з пакупнікамі добры настрой у знамянальны дзень, упэўнены, што патэнцыял універсама не вычарпаны нават напалову, а таму ў бліжэйшым будучым пакупнікоў будзе чакаць шмат новых прыемных акцый і сюрпрызаў.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: універсам “Родны кут” святочнай акцыяй адзначыў сваю гадавіну.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 23.11.2013 г. 

Добавить комментарий


http://www.avtomaticheskij-poliv.kiev.ua/

http://teplostar.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!