Жанчына з мінулага стагоддзя…

Сёлета 2 юбілейныя даты адзначаць тутэйшыя жыхары – 150-годдзе вёскі і 60-годдзе СВК “Ланская”. Ланская з’явілася ў ХІХ стагоддзі, калі ўладальнік маёнтка Олтушскі ключ памешчык Сяргей Парошын перасяліў сюды сялян з в. Олтуш і назваў новае пасяленне прозвішчам свайго дзеда па лініі маці генерала Мікалая Ланскога. Вёска з 350 чалавек у 1860 годзе не надта змянілася па колькасці насельніцтва — на сённяшні дзень цяпер тут 380 жыхароў, хаця быў час, калі ў Ланской пражывала амаль у 2 разы больш. Гонар вёскі – яе людзі. Яна выгадавала лепшага настаўніка рэспублікі 2001 года Вадзіма Шпетнага, у яго асобе Ланская выступала супраць каманды “знатакоў” на расійскім тэлебачанні.
Лёс самай старой жыхаркі Ланской Ганны Лявонцьеўны Чуль (на здымку), якой сёлета спаўняецца 93 гады,  непарыўнай ніткай звязаны з лёсам гаспадаркі-юбіляра. Усё жыццё былая даярка адпрацавала на ферме, выгадаваўшы шасцёра дзяцей. Але подзвіг, інакш і не назавеш, гэтай жанчыны і ў тым, што калі выйшла на заслужаны адпачынак, 20 гадоў яшчэ даіла кароў. Праца была яе суцяшэннем, сакрэтам доўгажыхарства.
— Яна і цяпер, — прызнаваўся адзін з сыноў Ганны Лявонцьеўны, — у страі: і градку можа ўскапаць, і ў двары прыбраць.
Напрацавалася за сваё жыццё гэтая жанчына. А таму, як падкрэслівалі ў праўленні сельгаскааператыва, такім, як яна, у час святкавання юбілею, — уся пашана.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.