Памочнікі суддзі

Ларыса Харык і Ірына Струнец – сакратары судовых пасяджэнняў суда Маларыцкага раёна. Першая на гэтай пасадзе працуе ўжо 15 гадоў,другая – толькі два.
— Мне ва ўсім і заўсёды дапамагае Ларыса Іванаўна, — кажа Ірына Віктараўна. – Яна ніколі не адмовіць, падкажа, параіць і пракансультуе па любым пытанні.
— Задача сакратара судовага пасяджэння – паспець як можна паўней, дакладней запісаць (сцена­графіраваць) паказанні ўсіх удзельнікаў судовага працэсу, — гаворыць Вольга Смірнова, старшыня суда Маларыцкага раёна. — Тут патрэбны сапраўднае майстэрства, прафесіяналізм. Нельга абысціся без уважлівасці, стараннасці, адказных адносін да сваіх абавязкаў.
Чарнавік сакратара судовага пасяджэння іншаму чалавеку прачытаць цяжка, бо многія словы скарочаныя, а некаторыя з іх складаюцца толькі з дзвюх-трох літар. Што яны абазначаюць, гэта ведае толькі той, хто пісаў. Потым сакратар перапісвае-друкуе “зашыфраванае”. Атрымліваецца звязны, паслядоўны і лагічны тэкст.
— Ці многа даводзіцца пісаць штодзень?
— Усё залежыць ад таго, колькі часу працягваецца судовае пасяджэнне, — кажа Ларыса Іванаўна. – Гэта можа быць і 15 хвілін, і нават 4-5 гадзін. Трэба ўлічыць і тое, што за мінулы год Маларыцкі суд разгледзеў 97 крымінальных спраў, 510 – грамадзянскіх, 1143 – адміністрацыйных. Па стану на 21 лістапада гэтага года ўжо завершаны разгляд 106 крымінальных спраў, 401 – грамадзянскай і 1092 – адміністрацыйных.
— Нашы абавязкі – афармляць судовыя справы, выклікаць у суд грамадзян па павестцы, адказваць на тэлефонныя званкі, кансультаваць наведвальнікаў… — гаворыць Ірына Віктараўна. – Атрымліваецца вялікі аб’ём работы.
— Аднастайная кабінетная праца з дня ў дзень. Ці не надакучвае яна вам?
— Не, — прызнаецца Ларыса Іванаўна. -За кожнай справай,якая патрабуе сур’ёзнага разгляду і вынясення справядлівага прысуду, бачыш чалавека, яго жыццёвы складаны лёс. Хоць канчатковае рашэнне і прымае суддзя, але і сакратар не можа быць абыякавым да чалавека, які парушыў закон, аступіўся па розных прычынах. Мяне заўсёды радуе, калі даведваюся, што чалавек змяніўся, стаў на правільны шлях.
— Праца ў нас не толькі цікавая і адказная, — кажа Ірына Віктараўна. -Яна яшчэ вучыць і паказвае на прыкладах, што бывае з тымі, хто пераступае мяжу закона. Прысутнасць на кожным судовым пасяджэнні вучыць, стрымлівае, перасцерагае ад неабдуманых учынкаў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ларыса Харык і Ірына Струнец, сакратары судовых пасяджэнняў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 30.11.2013 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!