Пад старшынствам Валянціна Зайчука прайшло пасяджэнне райвыканкама

За дырэктывай – лёс чалавек
Па першым пытанні “Аб ходзе выканання раённых мерапрыемстваў па паляпшэнню ўмоў і аховы працы на 2011-2015 г.г. і захаванню патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта РБ № 1 “Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны” з інфармацыяй выступіла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Панасюк.
— Разглядаемае пытанне вельмі важнае, бо за ім стаіць жыццё і здароўе работніка. Сям’я, адпраўляючы яго на працу, чакае дамоў яго жывым і здаровым, — адзначыла Наталля Валер’еўна. – На гэта і павінны быць накіраваны нашы намаганні.
На выкананне мерапрыемстваў па паляпшэнню ўмоў і аховы працы, стварэнню здаровых і бяспечных умоў, папярэджанне вытворчага траўматызму, на мадэрнізацыю, перааснашчэнне рабочых месц у раёне затрачана 9 мільярдаў рублёў. Створаны мабільныя групы, на рахунку якіх сёлета 25 выездаў на месцы, у час якіх выяўлена 369 парушэнняў правілаў тэхнікі бяспекі, працоўнай дысцыпліны, правядзення інструктажаў. Па выніках праверак была забаронена эксплуатацыя няспраўных машын і механізмаў, выпісана 25 даведак-рэкамендацый, 39 работнікаў, з якіх 23 працуюць у сельскай гаспадарцы, звольнены з работы за парушэнне працоўнай дысцыпліны. Шмат парушэнняў выяўлена ў СВК “Гвозніца”, “Ляхаўцы”, “Арэхава”, лясгасе, на “Кварц­МелПраме”. У выніку недастатковай работы на месцах у раёне з пачатку года здарылася 4 няшчасныя выпадкі на вытворчасці, 2 з якіх з цяжкім зыходам (СВК “Хаціслаўскі” і СЗАТ “КварцМелПрам”). 1 выпадак, калі чалавек страціў 70% здароўя і стаў інвалідам ІІ группы, меў месца па віне наймальніка. Старшы майстар і майстар змены на “КварцМелПраме” прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
На пасяджэнні былі заслуханы кіраўнікі тых прадпрыемстваў, дзе яшчэ не створаны належныя ўмовы на вытворчасці. Рашэнне райвыканкама, абавязвае, у прыватнасці, кіраўнікоў СВК “Гвозніца”, “Арэхава”, “Ляхаўцы” да 1 студзеня 2014 г. прывесці ў належны стан гардэробныя, пакоі прыёму ежы, кабінеты па ахове працы, а да 1 мая 2014 г. – душавыя. Не трэба забываць і тое, што згодна з Дырэктывай № 1 могуць быць скасаваны кантракты з работнікамі за парушэнне правілаў і норм па ахове працы, у выніку якіх атрымана калецтва ці настала смерць, а таксама за распіццё спіртных напояў у рабочы час альбо па месцы работы.

Сённяшнія Аніськіны
Абмеркаванне другога пытання — “Аб рабоце ўчастковых інспектараў міліцыі па забеспячэнню законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна” пачалося з прыемнага. Валянцін Зайчук, в.а. старшыні райвыканкама, за добрасумленную службу і ў сувязі з 90-годдзем службы ўчастковых інспектараў уручыў Грамату райвыканкама ўчастковаму інспектару Аляксандру Аўдзеюку, а Андрэй Алесік з гэтай нагоды ўзнагароджаны Граматай райсавета, якую ўручыў яго старшыня Пётр Губей. Гледзячы на іх, несумненна, нельга было не ўспомніць пра іх калегу Аніськіна з вядомых савецкіх фільмаў. Сапраўдныя ўчастковыя, у якіх захаваны такі ж маральны і духоўны стрыжань. Адрозненне, мабыць, толькі ў юрыдычнай падрыхтоўцы. І гэта невыпадкова, бо рэальнасць жыцця цяпер іншая. Абслугоўваюць яны тэрыторыі Макранскага і Олтушскага сельсаветаў, рост злачынстваў на якіх па інфармацыі намесніка начальніка РАУС Эдуарда Паўлава,не назіраўся.
Калі гаварыць у цэлым пра работу службы ўчастковых інспектараў райаддзела міліцыі, то яна па паказчыках, як адзначыў Эдуард Васільевіч, займае 3-яе месца ў вобласці. Сёлета па лініі крымінальнага вышуку ўчастковыя інспктары, а іх у раёне 12, выявілі 18 злачынстваў, 2 участковыя непасрэдна выкрылі 9 злачынстваў. Зніжана колькасць злачынстваў, учыненых асобамі, якія маюць асуджанасць, палепшаны вынікі работы па выяўленню фактаў незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі. Але ж гэта не падстава для заспакаення, бо ў сферы прафілактыкі правапарушэнняў застаюцца актуальнымі праблемы алкагалізацыі насельніцтва, сямейных скандалаў з-за п’янства. Не ўсюды наладжана ўзаемадзеянне з сельскімі Саветамі, грамадскімі фарміраваннямі. Можна прыводзіць нямала лічбаў, якія сведчаць пра работу ўчастковых інспектараў. Але асноўная ацэнка іх дзейнасці – давер насельніцтва. Сёлета 2 разы праводзіўся маніторынг работы ўчастковых міліцыі. Было апытана 300 рэспандэнтаў. Маніторынг паказаў, што ўзровень даверу насельніцтва вырас і склаў 29,5%.

Памочнікі вартавых правапарадку
Эдуард Паўлаў праінфар­маваў выканкам аб арга­нізацыі дзейнасці і эфек­тыўнасці работы дабравольных дружын па забеспячэнню грамадскага парадку і прафілактыкі злачынстваў. У сельскай мясцовасці створана 8 дружын, у горадзе – 7. Што ў арсенале іх работы? Сёлета сумесна з супрацоўнікамі міліцыі выяўлена 132 адміністрацыйныя парушэнні, у тым ліку 16 правапарушэнняў, звязаных з незаконным абаротам алкагольнай прадукцыі, 22 нязначныя хуліганствы, 12 крадзяжоў. З удзелам членаў дабравольных дружын выкрыты 2 злачынствы.
Разам з тым, як адзначалася на пасяджэнні, рашэнне райвыканкама ад 19.12.2012 г. у поўным аб’ёме не выканана. Так, у Маларыцкай ПМК-20 не вырашана пытанне аб узнаўленні дзейнасці дабравольнай дружыны.
У 2013 годзе юрыдычнымі асобамі, якія стварылі дабравольныя дружыны, не прыняты меры па абавязковым страхаванні іх членаў. Чакае жадаць лепшага і эфектыўнасць дзейнасці дабравольных дружын, асабліва на тэрыторыях тых сельсаветаў, дзе рэгіструецца рост злачынстваў, – Хаціслаўскага, Лукаўскага, Маларыцкага, Велікарыцкага, Гвозніцкага. З мэтай павышэння эфектыўнасці дзейнасці дружын рашэннем райвыканкама раённаму штабу дабравольных дружын рэкамендавана ў тэрмін да 31 сакавіка наступнага года распрацаваць палажэнне аб аглядзе-конкурсе “Лепшая дабравольная дружына”.

Праблема з пухлінай
На пасяджэнні разгледжана пытанне “Аб рэалізацыі плана мерапрыемстваў Дзяржаўнай комплекснай праграмы прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў на 2011-2014 гады”.
Праблема анкалагічных захворванняў знаходзіцца пад асобай увагай. У раёне з-за росту захворваемасці ракам адзначаецца павелічэнне смяротнасці насельніцтва. Калі ў 2011 годзе на 100 тысяч насельніцтва было 195 смерцяў, то ўжо за 10 месяцаў гэтага года іх 194. Медыкаў хвалюе, што ўсё больш людзей паміраюць у працаздольным узросце. Наш раён па колькасці анкалагічных захворванняў знаходзіцца, як адзначыў галоўны ўрач райбальніцы Пётр Селівонік, на сярэдніх планках у вобласці. Самае галоўнае ў лячэнні – ранняя выяўляльнасць. Чым раней распазнана хвароба, тым лягчэй яна лечыцца. Не трэба баяцца ісці да ўрача, бо гэта не прыгавор. А сёння ў райбальніцы, як падкрэсліваў Пётр Міхайлавіч, ёсць усё неабходнае, каб выявіць анкалогію на ранніх стадыях. Гэта і эндаскапічнае абсталяванне, дарагія лабараторныя рэактывы. Са жніўня працуе спецыяліст-анколаг, укамплектаваны штаты пярвічнага звяна.
Пётр Селівонік звярнуў увагу прысутных, асабліва кіраўнікоў калектываў, на прафагляды. Менавіта ў час правядзення іх медыкі выяўляюць хваробы, пра якія чалавек падчас і не падазрае. Анкалагічную сітуацыю для нашага раёна можна назваць праблемай з пухлінай. Сёлета на пярвічных прыёмах выяўлена 60 хворых ракам, і 44 з іх – у час прафілактычных аглядаў. 284 жанчыны стаяць на ўліку з мастапатыяй, прычым нямала іх – з ачаговай. Таму тыя, хто аказвае пярвічную медыка-санітарную дапамогу, і анкалагічная служба пераарыентаваны на павышэнне эфектыўнасці ранняй дыягностыкі. І гэта дае вынікі: вырасла колькасць выпадкаў захворванняў, актыўна выяўленых пры прафаглядах, павялічылася колькасць пацыентаў, у якіх злаякасныя новаўтварэнні выяўлены на ранніх стадыях, зменшылася колькасць тых, у каго рак выяўлены на позніх стадыях.
— Індыкатары праграмы “Анкалогія” выконваюцца, — сказаў Пётр Селівонік. – Немалаважна, каб пацыент не баяўся ісці ў бальніцу пры першых жа падазрэннях. Хвароба не такая страшная пры першым упамінанні.
На пасяджэнні разгле­джаны іншыя пытанні, па якіх прыняты адпаведныя рашэнні.
Ніна СВІЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 30.11.2013 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!