Дыягназ: НАДЗЕЙНАСЦЬ

Калі гавораць пра высо­ка­эфектыўную работу жы­вёлагадоўчай галіны, пра высокія надоі ці амаль 100-працэнтны прыплод, амаль ніколі не ўспамінаюць пра ветэрынарных спе­цыялістаў. Яно і зразумела: работа ветэрынараў, на першы погляд, непрыкметная. Але калі быць аб’ектыўным, роля іх у вялікіх поспехах жывёлагадоўлі значная. Бо толькі здаровая жывёліна можа быць высокапрадуктыўнай, даваць якаснае малако і высокі прыплод.
— Цяпер у гаспадарках раёна, — удакладніла галоўны ветэрынарны ўрач Ніна Крупская, — амаль 100-працэнтна хварэюць каровы. І толькі нашы спецыялісты добра ведаюць, колькі намаганняў трэба прыкласці, каб нездаровую жывёліну прывесці ў нармальны фізіялагічны стан, аднавіць яе рэпрадуктыўныя органы. І размова тут ідзе не толькі пра медыкаментознае лячэнне, а найперш пра высокакваліфікаванасць спецыялістаў, якія здольны своечасова выявіць хваробу і знайсці правільныя метады яе лячэння.
І хоць Пётр Саланенка і Юрый Пятручык працуюць у райветлячэбніцы параўнальна нядаўна, яны добра ведаюць, што каб своечасова вырашыць праблемы захворвання жывёлы, найперш трэба быць неабыякавым, любіць сваю справу.
— Работа ва ўрачоў-гіне­колагаў, — кажа Ніна Крупс­кая, — не толькі вельмі адказная, але і ў дадатак вельмі брудная, пазаўрочная і цяжкая. Нашы спецыялісты, а гэта і Пётр Саланенка, і Юрый Пятручык, і Сяргей Станіславус, і Ігар Каляндо не цураюцца яе, ніколі не лічацца з асабістым часам. Трэба выязджаць, скажам, на вячэрнюю дойку ў якую-небудзь гаспадарку, — выязджаюць, трэба на ранішнюю – за імі справа не стане. Урачы-гінеколагі разумеюць, што калі лечыш жывёліну, абавязкова трэба захоўваць бесперапынны цыкл.
А калі спецыяліст не баіцца цяжкасцей і праблем, калі душою хварэе за справу, ён ніколі не падвядзе. Пётр Саланенка і Юрый Пятручык – з ліку такіх.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Пётр САЛАНЕНКА і Юрый ПЯТРУЧЫК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 4.12.2013 г.

Добавить комментарий


заказать воду
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!