Ля мужа ружай расцвіла…

Сустрэліся яны, як кажуць, выпадкова. Хоць Іван Максімавіч і Ганна Фёдараўна Ціханюкі з в.Асавая перакананы: выпадковых выпадковасцей зусім на свеце не бывае. Так лёсам было наканавана, што 55 гадоў таму маладыя людзі ўбачылі ўпершыню адзін аднаго на беразе невялічкай рэчкі ў Днепрапятроўскай вобласці. Так склаліся абставіны, што іх жыццёвыя шляхі перасякліся менавіта на Украіне, а пасля паралельна пайшлі ў адным і тым жа накірунку.
* * *
Ганна Фёдараўна родам з Жытоміршчыны. З 6-гадовага ўзросту стала дапамагаць старэйшаму брату пасці кароў. Скончыла толькі 2 класы. Вялікую Айчынную перажыла, бачыла яе жахі на свае вочы, але запомніла з тых часоў няшмат.
— Калі пачалася вайна, мне было толькі 4 гады, — успамінае Ганна Ціханюк. – Як набат, яшчэ да гэтага часу гучаць словы маці, сказаныя ў далёкім сорак трэцім аб тым, што мой бацька на фронце прапаў без звестак.
Хутка не стала і маці. Ганна Фёдараўна засталася адна. Круглай сіраце даводзілася нялёгка. Спачатку дапамагала бабуля. Але хутка ёй далі тэрмін за тое, што на полі збірала каласкі. Пасля і сама Ганна на палетках употай іх падбірала. Назбірае, у жорнах зерне змеле, напячэ хлеба, ды яшчэ і суседку пачастуе. Зрэдку дзяўчынку наведваў дзядзька Мікалай, але нічым не дапамагаў.Здаралася, у Ганны ён адбіраў нават тое, што ў яе было.
— Не ведаю, як выжыла тады, — кажа Ганна Ціханюк. – У 10 гадоў жа засталася адна. Дзіцё дзіцём. Пасля вайны і дарослым даводзілася цяжка. На працягу 8 гадоў жыла адна. Усім неабходным забяспечвала сябе сама. Дровы нарыхтоўвала, рэзала і калола… Суседка неяк пашкадавала мяне і падарыла курачку. Якое было свята, калі яна знесла першае яечка! Пасля стала вырошчваць цыбулю і прадаваць яе. За атрыманыя грошы купіла казу. Пазней ва ўласнай гаспадарцы з’явілася цялушка. Гэта стала добрай палёгкай для мяне. Пасля вайны зноў вучылася ў школе — скончыла ажно 4 класы.
Так і дарасла Ганна сама па сабе да паўналецця. Аднойчы родны брат Жэня запрасіў на сваё вяселле ў Днепрапятроўскую вобласць. Нішто дзяўчыну не стрымлівала ў роднай вёсцы. Сабралася і паехала. Пасля засталася там жыць.
— Чаму прыняла рашэнне не вяртацца назад? У сіраты там прытулак, дзе ёсць куток пераначаваць, ёсць што з’есці. Неўзабаве я стала працаваць у калгасе. Спачатку пасла цялят на лузе ля рэчкі. Распушчу, бывала, русую касу, якая была аж ніжэй за пояс, ды напяваю сабе песню. Адначасова ці то шыю, вяжу, ці то вышываю. У адзін з сонечных дзён і ўбачыла свайго Івана.
* * *
Іван Максімавіч быў старэйшым у бацькоў. Сярод 3 сыноў ён выдзяляўся сур’ёзнасцю, разважлівасцю, памяркоўнасцю. Ніколі не рабіў неабдуманых учынкаў. А яшчэ тым, што ў хлопца быў каліграфічны почырк. Прыгожы, роўны, акуратны. З-за гэтага Івана ўзялі пісарчуком у штаб часці, дзе ён служыў.
— 5 гадоў у Калініградзе пакінулі незабыўны след у жыцці, — гаворыць Іван Максімавіч. – Асабліва мне падабалася глядзець на мора ў ранішні час. Якая гэта прыгажосць! Служба ў марфлоце мяне перавыхавала (смяецца), навучыла сур’ёзна адносіцца да жыцця, цаніць яго, берагчы.
Пасля службы Іван вярнуўся ў родную Асавую. Задумак у галаве юнака было многа. Але будучае жыццё ён – наколькі гэта было тады магчыма — спланаваў да драбніц загадзя. Спланаваў і пачаў ажыццяўляць. Толькі вось пра гэта ўслых нікому так і не сказаў. Бацькі вельмі здзівіліся, калі Іван надумаў будаваць свой дом. Хутка залілі падмурак, паклалі 3 вянцы.
— Вясковыя мужчыны сталі збірацца на заробкі на Украіну, — гаворыць Іван Ціханюк. – Угаварылі і мяне. Хоць і не вельмі хацелася туды ехаць, але, падумаўшы, згадзіўся. Падаўся не столькі зарабіць, як знайсці сабе дзяўчыну-прыгажуню, жонку. Сабраліся і летам 1958 г. паехалі на адзін сезон у Паўладарскі раён Днепрапятроўскай вобласці.
Іван стаў працаваць на калгасным цагельным заводзе. Штодзённы яго шлях ад кватэры, дзе жыў, і да завода пралягаў па беразе рэчкі. Першы раз на дзяўчыну з распушчанымі валасамі, што на лузе пасла цялят, толькі мімаходам зірнуў, запаволіў крок,усміхнуўся. Хацелася аб нечым спытаць, але не было часу.
— Пасла яна жывёлу і на другі дзень, трэці, пяты… — усміхаецца Іван Максімавіч. –Разбірала цікавасць. Неяк адважыўся і падышоў да яе. Валасы дзяўчыны развяваў вецер, а на твары ўспыхнула ўсмешка і раптам запунсавелі шчокі. Яна сарамліва апусціла вочы, адвяла іх убок. Мы павіталіся.
— Хлопца, што кожны дзень хадзіў па беразе рэчкі, прыкмеціла адразу, — кажа Ганна Фёдараўна. – Нельга на яго было не звярнуць увагі. Статны, прыгожы, у форме марака. Не было больш такога ў ваколіцы. Здавалася, што гэта хлопец з маіх мар.
Іван і Ганна сталі вечарамі сустракацца, разам хадзіць на танцы. Юнак танцаваў добра, за словам у кішэню не лез. Гаваркі, ветлівы, такі весялун… Душой, спакутаванай ад адзіноты,стала гарнуцца да яго Ганна. Адчувала, што менавіта такі і трэба быў ёй хлопец. Дзяўчына, якая ва ўсім разлічвала толькі на сябе, паверыла Івану, яго словам, пачуццям.
— Разумела, што гэта быў мой адзіны шанц. Чамусьці не была ўпэўнена, што ў будучым на жыццёвай дарозе з’явіцца яшчэ такі добры хлопец. Таму і прыняла прапанову Івана стаць жонкай.
Аднаго дня да Ганны падышоў сябар Івана і папрасіў пазычыць грошай.
— Іван сёння да цябе сабраўся вечарам у сваты прыйсці, — сказаў ён. — Трэба нешта купіць, а няма за што. Пазыч, хутка аддамо.
Ганна здзівілася, але словам паверыла і сказала пра гэта дзядзьку, у якога жыла. Той у адказ буркнуў, што не трэба з Іванам звязвацца.
— Вечарам я ўжо сядзела перад люстрам, расчэсвала валасы і чакала. Неўзабаве ля акна пачуліся крокі і стук у дзверы. На парозе з’явілася 5 чалавек. Сярод іх і Іван. Ён паставіў бутэльку гарэлкі на стол і сказаў, што прыйшоў сватаць мяне. За спінай трымаў букет са звычайных палявых кветак. Дзядзьку давялося згадзіцца. У снежні 1958 г. мы афіцыйна зарэгістравалі свой шлюб.
Сезон падыходзіў да завяршэння. За працу калгас разлічыўся з Іванам і Ганнай зернем, цукрам, насеннем сланечніка…
— Мы ўраз сталі багатымі, — гаворыць Ганна. – Будаваць сваё гняздо і сямейнае шчасце вырашылі паехаць у Асавую. Я з сабой прывезла нават веласіпед, ложак, адзенне, абутак, а таксама асаблівы гонар на той час – хромавыя боцікі.
Хутка Ціханюкі пабудавалі свой дом. У сямейным гняздзечку зашчабяталі дзеці — Святлана, Яўген, Іван. А Ганну Фёдараўну з першага дня знаходжання ў Асавой сталі называць Галяй Украінкай. Пад гэтым імем яе ведаюць і да гэтага часу. Спытай у мясцовых жыхароў, хто такая Ганна Фёдараўна, дык падумаюць, развядуць рукамі і скажуць, што такая тут зусім не жыве.
— А я і не крыўдзілася за гэта. Спачатку было нязвыкла неяк. Сярод аднавясцоўцаў выдзялялася тым, што гаварыла па-ўкраінску. Перавучвацца не трэба было, бо і так усё сказанае зразумела.
Ганна Ціханюк была майстрыхай на ўсе рукі: і прала, і ткала, і вышывала, і кветкі вырошчвала, і гатавала смачныя варэнікі, баршчы, і сена нарыхтоўвала на зіму жывёле, і ў калгасе была ў перадавіках…
* * *
Ганна Фёдараўна стала выдатнай жонкай, а ў хаце — сапраўднай гаспадыняй. Ды і сямейнае жыццё на добрую зайздрасць іншым з першага дня ў маладых стала працякаць роўна, прыгожа, годна.
— Якая формула вашага кахання? – цікаўлюся.
— Кахаць адзін аднаго такім, якім ёсць чалавек, — гаворыць Іван Максімавіч. — Гэта прынцып, па якім мы жывем. Прымаць, як свае, усе адмоўныя і станоўчыя бакі. І ўсё дараваць.
Калі, адчуваў, што набліжалася сямейная навальніца з грымотамі і маланкай, я першым змаўкаў, выходзіў на вуліцу з хаты. Гэтага было дастаткова, каб рассеяліся хмары на сямейным небасхіле і заззяла сонца. Трэба ўмець уступаць адзін аднаму і гэта лічыць не за слабасць характару, а за яго моц, сілу.
— Ды і я пустазелле, што засявалася па розных прычынах на градках сямейнага жыцця, імкнулася таксама вырываць маладым і з карэннем, — прызнаецца Ганна Фёдараўна. – Замест гэтага садзіла ўсмешку, добрае, ласкавае слова… На сямейным савеце ўсё заўсёды абмяркоўвалі разам. Сакрэтаў, таямніц адзін ад аднаго, нечага не сказанага не было. Аднак апошняе слова заўсёды было за мужам.
— 55 гадоў сумеснага шляху не прайшлі дарэмна, — гаворыць Іван Максімавіч. – Мы сталі духоўна багацейшымі. За сваё нялёгкае жыццё ў мазалях атрымалі неймаверны скарб: 3 дзяцей, 5 унукаў, 3 праўнукаў. У іх і бачым сэнс свайго жыцця.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Іван Максімавіч і Ганна Фёдараўна Ціханюкі з в.Асавая шчаслівы, іх сямейнаму саюзу ўжо 55 гадоў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 4.12.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://kompozit.ua

https://onlyyou.od.ua

220km.com.ua