МАЛАРЫЦКАЯ ШКОЛА-ІНТЭРНАТ, 1970 ГОД

Я нарадзілася ў в. Мельнікі. У Маларыцкай школе-інтэрнаце вучылася з 1968 па 1971 год. Калі закончыла 8 класаў, працавала на фабрыцы ў г. Камешкава Уладзімірскай вобласці і паралельна вучылася ў школе рабочай моладзі. У 1975 годзе паступіла ў Петразаводскае педагагічнае вучылішча і паспяхова закончыла яго па спецыяльнасці “выхаванне ў дашкольных установах”.
Працавала выхавальнікам у дзіцячым садзе. Потым перайшла на работу ў бухгалтэрыю ўпраўлення Беламорска-Балтыйскага канала і адначасова вучылася на завочным аддзяленні Сартавальскага саўгаса-тэхнікума, які з адзнакай закончыла па спецыяльнасці “бухгалтарскі ўлік”. 21 год працавала ў гэтым калектыве бухгалтарам-рэвізорам, потым вядучым бухгалтарам. У 2005 годзе па запрашэнню кіраўніцтва перавялася ва ўпраўленне федэральнай паштовай сувязі г. Петразаводска кіраўніком групы разлікаў па заработнай плаце. Вось ужо другі год, як я пенсіянерка, маю званне “Ветэран працы Рэспублікі Карэлія”.
Выхавалі з мужам двух дачок, цяпер дапамагаем выхоўваць унукаў. З ранняй вясны да позняй восені жывем на дачы, вырошчваем гародніну, кветкі, захапляемся рыбалкай, збіраем грыбы і ягады. Адным словам, вядзем здаровы лад жыцця.
Калі атрымліваю вестачку з далёкага мінулага, з майго школьнага дзяцінства, калі ўспамінаю яго, міжволі цяплее на сэрцы. Успамінаю пост № 1 на ўваходзе ў вучэбны корпус школы-інтэрната, дзе часта дзяжурыла. Перад цэнтральным уваходам невялікі скверык, у цэнтры – кветкавая клумба, лавачкі, асфальтаваныя дарожкі, што вядуць да спальных карпусоў. Штодзённы пад’ём у 7.00 ранку, зарадка, водныя працэдуры. Затым арганізавана ішлі ў сталоўку. Памятаю дзяжурства ў сталовай – як накрывалі сталы, мылі посуд, чысцілі бульбу. Таксама ўспамінаюцца ўрокі дамаводства, якія вяла Ганна Іванаўна Каравікова. Яна навучыла нас шыць, краіць, здымаць меркі, варыць суп, гатаваць салату, разбіраць рыбу. На ўроках працы мы салілі памідоры, вырашчаныя на школьным прысядзібным участку. Усе гэтыя веды і навыкі вельмі спатрэбіліся ў жыцці.
Назаўжды засталіся ў памяці нашы выхавальнікі, педагогі, якія з вялікім клопатам, а галоўнае, цярпеннем адносіліся да нас. Пасля заканчэння педінстытута працавалі ў школе муж і жонка Веліканавы. Валянціна Міхайлаўна была нашым выхавальнікам і выкладала геаграфію. Яўген Віктаравіч выкладаў фізіку. Яны заўсёды былі добразычлівыя да вучняў.
Шмат добрых спраў арганізоўваў савет піянерскай дружыны. Мы рэгулярна сустракаліся з ветэранамі вайны і працы, удзельнічалі ў турыстычных экскурсіях, хадзілі ў паходы. Асабліва запомнілася паездка ў Польшчу, дзе мы наведалі некалькі школ, пазнаёміліся з польскімі вучнямі. Я пасябравала з дзяўчынкай, імя якой Зося, мы з ёю затым перапісваліся.
Жыццё ў школе-інтэрнаце было цікавым і насычаным. Мы наведвалі гурткі, спартыўныя секцыі, спявалі ў хоры, прымалі ўдзел у аглядах мастацкай самадзейнасці, працавалі на азеляненні школьнай тэрыторыі, удзельнічалі ў штогадовым дні выхаванца і г.д. Тыя гады – цудоўны, незабыўны час,.
Валянціна КІВАЧУК,
былая выхаванка Маларыцкай школы-інтэрната.
Рэспубліка Карэлія.
НА ЗДЫМКУ: вучні Маларыцкай і Ратнаўскай школ-інтэрнатаў – удзельнікі паездкі ў Польшчу, па баявому шляху 76-й стралковай дывізіі, якая вызваляла Маларыту. 1970 г. Валянціна Ківачук першая справа.

Опубликовано в «ГЧ» 4.12.2013 г. 

Добавить комментарий


www.avrora-trans.com

https://www.chemtest.com.ua/

https://ford.niko.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!