Былы дэсантнік, які пасля атрыманай траўмы доўгія гады вучыўся хадзіць, адкрывае ў Маларыце секцыю па боксу

І. Ракавы нумар
І нават цяпер, хаця прайшоў ужо 21 год, Максім Фадзееў добра памятае, што здарылася ў той летні дзень 1992 года. Слухаць яго горкі расказ без слёз проста немагчыма.
…Максім і яго калегі па службе, дэсантнікі 38-й асобнай гвардзейскай Венскай дэсантна-штурмавой брыгады, павінны былі ўдзельнічаць у паказальных выступленнях у Бярозе, дзе ў той дзень адзначалі 60-годдзе авіяцыйнай часці. Максіму, як аднаму з фізічна моцных, даверылі нумар “галава” – да каскі салдата прывязваюць муляж з кардону з выбуховым рэчывам і чырвонай фарбай. І тады, калі ў салдата страляюць, ён замыкае спецыяльныя клемы, зарад выбухае, твар залівае чырвоная фарба, салдат падае, як забіты.
Выступленні ішлі па сцэнарыю. Калі ў Максіма пачалі страляць пустымі патронамі, ён, як і трэба было, замкнуў клемы. І раптам… выбух. Дэсантніка падкасіла, і ён упаў. Праз нейкі час паступіла каманда: “Забітым устаць!”, але Максім на яе ніяк не адрэагаваў. Яшчэ раз каманда, і зноў ніякай рэакцыі ў адказ. Ніхто з прысутных не разумеў, што здарылася. І калі да маладога дэсантніка падыйшлі афіцэры, убачылі страшны малюнак: галава яго была ра­зарваная, твар заліты крывёю. Калі Максім на нейкі момант прыйшоў у сябе, праз туман у вачах заўважыў, што ля яго нехта сядзіць і аказвае першую медыцынскую дапамогу.

У якасці адступлення
Пасля таго, як следчыя ваеннай пракуратуры правялі разбіральніцтва па гэтаму факту, было ўстаноўлена, што каска салдата не мела неабходнага ахоўнага экрана. З 5 чалавек, па віне якіх гэта здарылася, пакаралі толькі аднаго…

Затым юнак зноў страціў прытомнасць, ачуняў толькі ў бальніцы, куды яго тэрмінова даставілі. Урача-нейрахірурга ў Бярозе не было, таму тэрміновую аперацыю Максіму рабіў звычайны хірург.
Затым за жыццё дэсантніка змагаліся спецыялісты абласной бальніцы, ваеннага шпіталя ў Бараўлянах, зноў былі аперацыі. Максім памятае, як адзін з дактароў сказаў, што калі малады чалавек і выжыве, дык хадзіць не будзе. Выпісалі Максіма ў новым сацыяльным статусе – інвалід.
— Калегі па службе пасадзілі мяне ў машыну, — успамінае Максім, — прывезлі дахаты. Папрасіў іх, як мага хутчэй занесці мяне ў кватэру: не хацеў, каб хто-небудзь бачыў.
Памятае юнак слёзы маці і словы аднаго з афіцэраў: “Купіце яму інвалідную каляску, так вам будзе лягчэй”.
— У той момант мой унутраны голас выкрыкнуў: “Не!” Я не прымаў гэтае слова…
Фізічны боль ускладняўся маральным. Максіму здавалася, што ў яго шмат сяброў, а на той момант ён быў адзінокі. “Спісалі” яго са сваёй памяці і калегі па службе, афіцэры. І толькі самы дарагі і блізкі чалавек – мама была заўсёды побач. Яна стала той маральнай апорай, што кожны дзень падмацоўвала порцыяй аптымізму.
— Сынок, усё будзе добра… Мацуйся…
А сама, каб ён не бачыў, давала волю слязам. Употайкі ад мамы плакаў і ён, Максім. Але зноў жа ўнутраны голас падказваў: “Ты павінен выйсці пераможцам у цяжкай барацьбе за сябе”. І Максім пачаў гэтую барацьбу.

ІІ. “Каб нечага дабіцца, рабі заўсёды тое, чаго баішся”
Дзесяць год Максім Фадзееў вучыўся хадзіць. Рабіў крок, падаў, уставаў і, перамагаючы боль, зноў спрабаваў зрабіць крок, і так кожны дзень. А калі адчуў у нагах моц, усё той жа ўнутраны голас падказаў: “Трэба ісці далей”. І ён ішоў. Яшчэ дрэнна падпарадкоўваліся ногі, але юнак спрабаваў ужо асіліць новую прыступку: вучыўся бегаць. А калі і гэта аказалася пад сілу, вырашыў «перамагчы» і веласіпед. Прывязваў слабейшую нагу да педаляў, каб не злятала, і спрабаваў ехаць. Шмат сінякоў набіў, але атрымалася.
Максіму сніліся здаровыя сны, і яны яму падказвалі новыя пераможныя этапы. Калі атрымалася навучыцца ездзіць на веласіпедзе, Максім паспрабаваў плаваць. Многіх сіл яму гэта каштавала, але навучыўся. А калі прачытаў пра метад загартоўкі арганізма па Парфірыю Іванову, і самому захацелася зрабіць так. Спачатку абліваўся халоднай вадой, затым паспрабаваў босым хадзіць па снезе, абціраўся ім. І на гэты раз ён перамог. Асмеліўся былы дэсантнік займацца і маржаваннем. І вось ужо 15 год зімою рэгулярна купаецца ў палонцы.
А падштурхнула да гэтага чарговая кніга. Максім прачытаў, што “маржы”, нават калі хварэюць, усё роўна купаюцца – клін клінам выбіваюць. Вырашыў паспрабаваць і ён. Першая думка была такой: пакупаюся ў халоднай вадзе, і мне горш стане. А Максім тады прастуджаны быў. Доктар, да якой пайшоў прасіць дазвол, дабро не дала, маўляў, куды табе “маржаваць” у такім стане. Але Максім зноў быў напорыстым. Знаёмыя юнакі па яго просьбе прарубалі адтуліну ў вадаёме, што ў парку, і Максім зноў эксперыментаваў.
— Мароз на вуліцы тады быў 24 градусы, — расказваў былы дэсантнік. – Але я рызыкнуў. Залез у ваду. Першае, што адчуў, — у вадзе мне больш цёпла. 60 секунд доўжыўся мой сеанс. Калі вылез з вады, ледзьве апрануўся – усяго мяне трэсла. Думаю сам сабе, ну, усё, даэксперыментаваўся. Калі прыйшоў дахаты, каб сагрэцца, выпіў вялікую кружку гарачага чаю з лімонам, затым залез пад коўдру. Раніцай на наступны дзень адчуў, што прастуду маю як рукой зняло.
— Калі я цяпер заязджаю ў Бараўлянскі ваенны шпіталь на праверку, там глядзяць на мяне як на іншапланецяніна. Не вераць, што я – той самы Максім, якога без інваліднай каляскі ніхто не ўяўляў.
І толькі сам былы дэсантнік ведае, што аднаўляў ён свой даармейскі фізічны стан 21 год, а гэта 7665 дзён. У Максіма распрацавана свая ўласная методыка, у аснове якой комплекснасць, рэгулярнасць і экстрым.
— У адной з кніг я вычытаў: “Калі хочаш нечага дабіцца, рабі тое, што табе страшна”. Хачу звярнуцца да такіх, хто аказаўся ў маёй сітуацыі, і сказаць: не падайце духам! Зрабіце сабе ўстаноўку на тое, што кожны дзень вы павінны хоць крыху, але супрацьстаяць немачы. Будзьце настойлівымі! І не разлічвайце на вельмі хуткі вынік. Яго вы можаце заўважыць ці адчуць праз год, два, пяць, але ён абавязкова будзе. І абавязкова станоўчы. Паверце мне.

ІІІ. “Ты павінен быць запатрабаваным”
Неяк, калі даваў інтэрв’ю журналісту адной з газет, Максім прызнаўся, што марыць паступіць вучыцца, вадзіць машыну, як і ўсе, ажаніцца. А яшчэ – адкрыць свой спартыўны клуб, дапамагаць у рэа­білітацыі тым, хто трапіў у падобную бяду. Трэба сказаць, што большасць Максімавых мар ажыццявілася. Ён закончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, у Максіма расце дачушка Ліза, якую вельмі любіць, ён мае і водзіць машыну. На паўкроку да ажыццяўлення і мара аб адкрыцці спартыўнага клуба, дакладней, секцыі па боксу. Тым больш, што асабістую зацікаўленасць у гэтым праявілі і губернатар вобласці Канстанцін Сумар, і намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Панасюк. Наталля Валер’еўна, да прыкладу, калі Максім прыйшоў пацікавіцца наконт адкрыцця сваёй справы, прапанавала яму заняць менавіта такую нішу – спартыўную. Тым больш, што падобнага ў нашым раёне няма. Яна ж парэкамендавала Максіму паехаць падвучыцца ў Брэсцкім цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых. Максім паехаў, там набыў веды па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці. Затым самастойна склаў бізнес-план, дзе і выклаў усе свае ідэі. Наталля Валер’еўна аказалася тым чалавекам, які ўсяліў у Максіма ўпэўненасць, што ён павінен быць запатрабаваным, што справа, якую ён задумаў, абавязкова атрымаецца. Максім жа выношвае чысты пасыл.

ІV. Чысты пасыл
— Калі ўдасца ажыццявіць задуманае, — кажа Максім, — гэта будзе самае галоўнае дасягненне ў маім жыцці.
Дарэчы, спортам, боксам у прыватнасці, Максім Фадзееў займаецца з 15 год. Калі яго адабралі ў разведроту, калегам па службе аказаўся сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР па рукапашнаму бою сярод прадстаўнікоў паветрана-дэсантных войскаў Анрэй Калегаў. Ён яшчэ больш заразіў Максіма боксам і змог пераканаць, што спартсмены – самыя мэтанакіраваныя людзі. Зрэшты, і сам Андрэй затым змог лішні раз даказаць гэта. У будучым, расказваў Максім, былы дэсантнік стаў чэмпіёнам Еўропы па кік-боксінгу, а затым і чэмпіёнам свету.
Калі бокс Максім палюбіў з 15 год, дык бегаў, “качаўся” ужо з 13-ці. Гэта дапамагло яму не толькі трапіць у элітныя войскі, аб чым марыў, але і затым змагацца з немаччу – спартсмен-аматар добра ведаў, якім чынам трэба ўздзейнічаць, распрацоўваць тую ці іншую мышцу, каб яна прыйшла ў нармальны тонус. Штодня Максім працаваў і працуе над сабой. Сёння, да прыкладу, бегае трушком, заўтра ідзе ў басейн, джакузі, паслязаўтра займаецца ў трэнажорнай зале, а яшчэ праз дзень аддае сябе любімаму боксу. Зімою не забывае і пра купанне ў палонцы.
Добрая загартоўка арганізма спрыяе таму, што Максіма абмінаюць рознага роду сезонныя захворванні і інфекцыі.
— Я задаволены цяперашнім сваім фізічным станам, — прызнаецца Максім. – І мне хочацца быць карысным і для іншых.
Ідэю Максіма аб адкрыцці ў нашым горадзе секцыі па боксу падтрымалі многія маладыя людзі.
— На адну з трэніровак, — кажа Максім, — прыйшло адразу 15 чалавек. А на вуліцы мяне сустрэў бацька 4-гадовага хлопчыка. Ён прасіў прыняць у секцыю сына. Ну, што ж заставалася, як не згадзіцца. А раптам, гэта яшчэ адна зорачка на спартыўным небасхіле Маларытчыны.
Не хачу, каб тыя, хто будзе займацца ў нас, — удакладняе Максім, — думалі, што асноўная мэта – навучыцца біцца. Не, гэта не той выпадак. Галоўная мая мэта — адцягнуць падлеткаў, маладых людзей ад камп’ютараў, забраць іх з вуліцы, дзе яны часта бяссэнсава праводзяць свой вольны час. І, у рэшце рэшт, падрыхтаваць іх фізічна да службы ў арміі. Не сакрэт жа, — кажа Максім, — што сённяшнія юнакі фізічна слабыя, яны не гатовыя да тых нагрузак, якія кладуцца на салдат у арміі. Больш таго, упэўнены Максім, многія з падлеткаў не толькі фізічна незагартаваныя, але не ўмеюць паводзіць сябе сярод іншых, у лексіконе многіх валодае брыдкаслоўе. Калі такія захочуць займацца ў нашай секцыі, ім давядзецца перавыхоўваць сябе. Наша задача – “ляпіць” правільных падлеткаў. Заняткі ў секцыі па боксу – гэта папулярызацыя не толькі здаровага ладу жыцця, але і здаровай маралі, — падкрэсліў Максім.

У якасці адступлення
Мы шмат сёння гаворым пра моладзь, пра яе выхаванне, шукаем куміраў, на якіх яна павінна раўняцца. І вельмі часта не бачым сярод нас тых, хто сапраўды можа быць яркім, пераканаўчым прыкладам выхаванасці, моцных духу і сілы волі, мэтанакіраванасці, вынослівасці, цярпення, вытрымкі. У ліку такіх людзей і Максім Фадзееў. І мне здаецца, не лішнім было б запрашаць гэтага маладога чалавека ў школы на сустрэчы з юнакамі і дзяўчатамі. Карысць ад такіх сустрэч, думаю, абавязкова была б.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Максім ФАДЗЕЕЎ у трэнажорнай зале.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА

Опубликовано в «ГЧ» 7.12.2013 г.

Добавить комментарий


トピックの詳細

https://medicaments-24.com

http://biceps-ua.com/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!