ПРАЕКТ АБ’ЯДНАЎ ПАКАЛЕННІ

Летась у лістападзе ў рамках праграмы “Месца сустрэчы-дыялог”, пры фінансаванні нямецкага фонда “Памяць. Адказнасць. Будучыня” ў тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва стартаваў праект “Ты не адзінокі”. Дапамагчы людзям ваеннага пакалення, якія перажылі жахі вайны, а некаторыя ўвогуле прайшлі праз цяжкія выпрабаванні фашысцкіх лагераў, адчуць сябе патрэбнымі грамадству, даць ім магчымасць зносіцца і актыўна дзейнічаць – менавіта на гэта разлічаны быў праект, каардынатарам якога стала спецыяліст Цэнтра Алена Ківачук. На працягу года праводзіліся сустрэчы пакаленняў, “круглыя сталы”, дабрачынныя акцыі, пасяджэнні міні-клубаў у дамах пажылых вяскоўцаў, майстар-класы, экскурсіі па цікавых і памятных мясцінах вобласці. І вось надышоў час падвесці вынік усяму, што было зроблена. Фінальным акордам праекта стала ўрачыстая сустрэча ў гарадскім Доме культуры, на якую былі запрошаны непасрэдныя ўдзельнікі праекта, валанцёры, прадстаўнікі арганізацый, якія ўвесь час дапамагалі ў правядзенні мерапрыемстваў. Кожны, хто прыйшоў, праглядзеўшы невялікую відэастужку, асновай для якой паслужылі ўсе яркія моманты праекта, проста не мог не здзівіцца таму, якая вялікая работа была зроблена за год.
— Год праляцеў, як імгненне. Толькі яшчэ пачынаўся праект, было шмат планаў. Цяпер усе яны рэалізаваны, — заўважыў, вітаючы ўсіх гасцей сустрэчы, дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мікалай Мішчанка. — Праект не выпадкова насіў назву “Ты не адзінокі”. Сапраўды, людзі пажылыя, у першую чаргу тыя, хто перажыў ваеннае ліхалецце, адчулі ўвагу. Многія ўдзельнічалі ў мерапрыемствах, рабілі экскурсіі. Не засталіся абдзеленымі клопатам і тыя, хто не мог сам наведваць сустрэчы. Да іх спецыялісты Цэнтра прыязджалі дамоў, каб пагутарыць, прывозілі гуманітарную дапамогу.
Такія праекты, як адзначыў Мікалай Мікалаевіч, вельмі важныя. Яны аб’ядноўваюць пакаленні. За супрацоўніцтва ў рэалізацыі праекта ён уручыў Падзякі прадстаўнікам першай і другой гарадскіх школ, раённай гімназіі, калектывам гарадскога Дома культуры, раённай бібліятэкі, маларыцкага сястрынства.
Важнасць праекта, як падкрэсліў, працягваючы дыялог, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, заключаецца яшчэ і ў тым, што ў ім задзейнічана моладзь. Патрыятычнае выхаванне, выхаванне любві да бліжняга мае вялікае значэнне. Прадстаўнікі падрастаючага пакалення павінны разумець, што яны нясуць адказнасць за сваю краіну, за сваіх дзядоў і бабуль, за сваіх бацькоў.
Самымі важнымі для арганіза­тараў праекта былі словы падзякі тых, для каго і былі задуманы ўсе мерапрыемствы праекта. Іх выказалі Соф’я Якубчык і Аляксей Крываблоцкі.
— Задача тых, хто застаўся ў жывых, — заўважыў Аляксей Віктаравіч, які з’яўляецца старшынёй раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання беларускай асацыяцыі непаўналетніх вязняў фашызму, — пераканаць моладзь у тым, якое гора перажылі ў гады вайны і дзеці, і дарослыя. Сёння, сустракаючыся з “дзецьмі вайны”, можна па крупінках сабраць важныя ўспаміны, заўтра зрабіць гэта ўжо будзе позна. 20 гадоў назад, гаварыў Аляксей Крываблоцкі, калі стваралася раённая арганізацыя непаўналетніх вязняў фашызму, яна аб’ядноўвала 200 чалавек, сёння іх ужо толькі крыху больш за 40. І ўсім гэтым людзям вельмі патрэбна ўвага.
Праект “Ты не адзінокі” фінішаваў. Але ўжо цяпер спецыялісты тэрытарыяльнага Цэнтра працуюць над новым праектам. І спадзяюцца, што ён таксама атрымае падтрымку, прынясе карысць.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 11.12.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.surrogacycmc.com

sellmax.com.ua

https://best-cooler.reviews